Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях да ЎГА даўжынёй ў 20 гадоў


Беларусь спадзяецца выйсьці на канкрэтнае рашэньне пра ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO) да канца 2013 году.

Пра гэта журналістам паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Гур’янаў.

Такім чынам, дасягнуць запаветнай мары Беларусь можа роўна праз 20 гадоў пасьля пачатку перамоўнага працэсу аб далучэньні да гэтай арганізацыі.

Разам з тым, чыноўнік зазначыў, што акрэсьлены тэрмін — гэта ацэнка экспэртаў МЗС. Але, маўляў, калі нейкія сілы пачнуць чыніць перашкоды, то і гэты тэрмін можа быць чарговым разам адкарэктаваны. Такой перашкодай,у прыватнасьці, могуць стаць палітычныя ўмовы падчас перамоваў з асноўнымі ўдзельнікамі УГА — ЗША і Эўразьвязам.

Як удакладняе прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных, фармальна ніякіх прэтэнзіяў да Беларусі няма: «Натуральна, перамовы вядуцца, яны цягам усяго гэтага часу і не спыняліся. Магу сказаць, што ў нас практычнае супадзеньне па двухбаковых умовах дастаткова высокае. Іншымі словамі, мы ніколі не фарсіравалі гэты працэс, вельмі рупліва вытаргоўваючы кожную пазыцыю. Па вялікаму рахунку, па Беларусі ўвогуле ніякіх пытаньняў не павінна ўзьнікнуць».

Расейская Фэдэрацыя, якая распачала перамовы аб сяброўстве ў WTO прыблізна ў адзін час зь Беларусьсю, паўнавартасным чальцом арганізацыі стане ўжо ў жніўні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG