Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Беларускія банкі «адмываюць» грошы


Міністэрства фінансаў ЗША
Міністэрства фінансаў ЗША

На працягу месяца «Крэдэксбанк» адмыў каля мільярда даляраў.

Казначэйства ЗША падазрае два беларускія банкі ў адмываньні грошай. У сёньняшняй заяве амэрыканскага фінансавага ведамства «Крэдэксбанк» быў уключаны ў сэкцыю 311 Патрыятычнага Акту ЗША як установа, якая выклікае «першачарговую занепакоенасьць адносна адмываньня грошай».

«У 2010 годзе на працягу аднаго-двух месяцаў "Крэдэкс" перавёў суму, эквівалентную прынамсі мільярду даляраў на рахункі сотняў замежных "фасадных кампаніяў", зарэгістраваных у афшорных зонах. Правядзеньне гэтых апэрацый – тыповае для ўхіленьня ад кантролю. Значная іх частка ня ўказвае сапраўднага атрымальніка плацяжоў», паведаміў сёньня намесьнік міністра ЗША ў справе тэрарызму і фінансавай выведкі Дэвід Коген, камэнтуючы абнародаваны сёньня сьпіс падазроных банкаў.

«Уся гэтая дзейнасьць ("Крэдэксбанку") паказальная для адмываньня грошай і падпадае пад вызначэньні тых выпадкаў, да якіх міжнародныя банкаўскія стандарты патрабуюць спэцыяльнай увагі», – канстатаваў урадовец.

«Далей, калі сёньняшняя прапанова будзе ўхваленая, банкам ЗША будзе забаронена адкрываць або мець партнэрскія дачыненьні з "Крэдэксам". Іншымі словамі – "Крэдэкс" будзе адрэзаны ад фінансавай сыстэмы ЗША», – падсумаваў Коген.

Апрача "Крэдэксбанку", з 2002 году, калі Кангрэс ЗША прыняў адпаведнае заканадаўства, санкцыі ў рамках Патрыятычнага акту ўжываліся агулам супраць дзевяці фінансавых структур, сярод якіх была яшчэ адна беларуская ўстанова – "Трастбанк".

Вашынгтон ўвёў абмежавальныя захады супраць "Трастбанку" (тады называным "Інфабанк") яшчэ ў 2004 – за адмываньне грошай Садама Хусэйна.

Адмывальнікі грошай


Прэзыдэнт "Крэдэксбанку" ў Беларусі – армянскі бізнэсовец Саркіс Сімаваран, ажыцьцяўляе ў Беларусі шэраг буйных бізнэс-праектаў. Адзін з найбуйнейшых – будаўніцтва мультыфункцыянальнага гандлёвага цэнтру ў Магілёве. У адным з сваіх інтэрвію Сімаваран заяўляў, што апрача армянскай і расейскай мовы карыстаецца дома беларускай, а яго адзіная дачка ходзіць у беларускую школу.

Нядаўняга прэзыдэнта "Трастбанку" – Віктара Шаўцова – называюць адным з "кашалькоў" Аляксандра Лукашэнкі. Бізнэсовец курыраваў беларускія праекты ў Іраку, Іране, Лібіі, Сырыі, Лібане і Вэнэсуэле.

Летась Шаўцоў быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў раскраданьні 10 мільёнаў даляраў на падрадах у Вэнэсуэле. У сьнежні Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў арышт бізнэсоўца, але паабяцаў яго вызваліць у выпадку, калі той кампэнсуе выкрадзеныя сродкі ў падвойным памеры. Цяперашняе месцазнаходжаньне Шаўцова – невядомае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG