Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стварэньне газэтнага холдынгу стане змаганьнем за кіроўныя пасады»


На мінулым тыдні міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі заявіў, што дзяржаўныя газэты чакае істотнае рэфармаваньне.

На базе шэрагу рэспубліканскіх дзяржаўных газэт плянуецца стварыць два выдавецкія дамы, а вынікам рэформы можа стаць тое, што застанецца толькі адна грамадзка-палітычная газэта. Адмыслоўцы журналістыкі заяўляюць, што скарачэньне дзяржаўных выданьняў прынясе эканамічную выгаду ўладзе, але ня зробіць праўладную прэсу больш дэмакратычнай.

У Доме прэсы, дзе месьцяцца такія дзяржаўныя газэты, як «Звязда», «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспубліка» і шэраг іншых выданьняў, — нібыта звычайная працоўная атмасфэра. Журналісты сьцьвярджаюць, што ніякіх хваляваньняў з нагоды заяваў міністра інфармацыі ў журналісцкім асяродзьдзі няма. Але камэнтуюць яны навіну неахвотна і не называюць сваіх імёнаў і мэдыяў, дзе працуюць:

Журналістка: «Навіну ведаюць, яна на слыху, але размоваў пра страту працоўнага месца, што могуць быць нейкія скарачэньні, такога пакуль няма. Прынамсі, я ня чула».

Журналістка: «Пэўна, журналісты, упэўненыя ў сваім майстэрстве, яны адчуваюць сябе больш-менш спакойна. Бо, калі журналіст добры, то яго ў любы холдынг з рукамі адарвуць. Але тыя, якія ня вельмі прафэсійныя, пэўна, баяцца за свае месцы».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, наколькі слушная гэтая прапанова?»
Няхай спачатку паспрабуюць на сырных альбо мясных холдынгах, а пасьля ўжо на журналістыцы.

Журналістка: «Ва ўсясьветнай практыцы холдынгі — досыць пасьпяховыя і прыбытковыя рэчы ў пляне камэрцыі. Але я ня думаю, што, як любая замежная калька, нешта ў нас атрымаецца. Няхай спачатку паспрабуюць на сырных альбо мясных холдынгах, а пасьля ўжо на журналістыцы. Бо творчы калектыў значна цяжэй аб’яднаць, чым цэхавікоў».

Заснавальнік газэты «Народная Воля», колішні рэдактар «Народнай газеты» Ёсіф Сярэдзіч мяркуе, што заявы Алега Праляскоўскага зробленыя з эканамічных меркаваньняў. Але для дзяржаўнай прэсы эканамічныя рэформы — гэта не галоўнае, кажа Ёсіф Сярэдзіч:

«Я абмяркоўваў зь ім па тэлефоне гэтую праблему. Гаворка вядзецца пра тое, каб стварыць выдавецкія дамы, каб зьнізіць затраты на выданьне гэтых жа дзяржаўных газэт. Больш разумна было б ставіць пытаньне аб разьдзяржаўліваньні СМІ. Рана ці позна так яно і станецца, і дзяржава ня будзе кіраваць мэдыямі».

У заявах высокага чыноўніка варта заўважыць ня толькі клопат пра эканомію дзяржаўных сродкаў, але і прыкметы новага магчымага наступу на беларускае слова ў дзяржаўнай прэсе, мяркуе рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Скурко:

«Вельмі небясьпечны сыгнальчык — гэта тое, што на базе грамадзка-палітычнай газэты „Звязда“ будзе створанае прадпрыемства, у якое зьвядуць выданьні літаратурна-мастацкага кірунку. Гэта значыць, што свой грамадзка-палітычны складнік адно з найбуйнейшых дзяржаўных выданьняў страціць. Гэта прывядзе да меншай чытанасьці „Звязды“, і гэта будзе прыкра. Калі такое адбудзецца, то гэта будзе ўдар па беларускай мове і беларускай культуры».

Магчымае скарачэньне газэт зэканоміць бюджэтныя сродкі на іх выданьне, аднак ня зробіць праўладную прэсу больш свабоднай ад дзяржаўнай ідэалёгіі ды стане полем барацьбы за кіроўныя пасады, мяркуе намесьнік старшыні БАЖ Аляксандар Старыкевіч:

«Гэты крок уладаў абумоўлены эканамічнай рэчаіснасьцю. А што зьменіцца для чытача? Няма падставаў лічыць, што чатыры дзяржаўныя газэты, аб’яднаныя ў адну, будуць лепшай якасьці. У гэтым я абсалютна перакананы: якія б там ні былі аб’яднаньні ў холдынг, гэта ніяк не паўплывае на палітыку, якую праводзяць гэтыя выданьні. Бо сёньняшняя ўлада ня схільная нават да імітацыі дэмакратызацыі, ня кажучы пра рэальныя зьмены. Самае цікавае, што там можа быць, — гэта барацьба за пасады, але гэта цікавостка ўжо для вузкага кола людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG