Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці забаранілі акцыю супраць забойства жывёл


Берасьцейскі гарвыканкам забараніў правядзеньне мерапрыемства ў падтрымку ўкраінскай «Акцыі супраць забойства беспрытульных жывёлаў «Fair Play».

Заяўку на правядзеньне раздачы ўлётак падавала жыхарка Берасьця Ірына Сіняпкіна.

Спадарыня прасіла дазволіць ёй распаўсюджваць на вуліцы ўлёткі з тэкстам у абарону жывёлаў:

«Украінскія і эўрапейскія зоаабаронцы патрабуюць ад ураду Ўкраіны спыніць забойства жывёлаў, якое чыніцца з патураньня ўладаў напярэдадні чэмпіянату сьвету па футболе «Эўра-2012».

Ірына Сіняпкіна ў тэксьце ўлёткі зьбіралася данесьці да берасьцейцаў, што выказвае «салідарнасьць з зоаабаронцамі Ўкраіны». Спадарыня перакананая, што «ўсе мы атрымліваем маральныя траўмы, бачачы гэтыя жахі, бо некаторыя робяцца жорсткімі і абыякавымі да чужога болю».

Спадарыня Сіняпкіна зьбіралася раздаваць улёткі на Пушкінскай вуліцы Берасьця 28 красавіка.

Забарону акцыі падпісаў намесьнік старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Вячаслаў Хафізаў.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк паведаміў «Свабодзе», што забарона раздаваць ўлёткі незаконная:

«Справа ў тым, што распаўсюд друкаваных матэрыялаў (улётак) не трапляе пад дзеяньне закону аб масавых мерапрыемствах, калі толькі ў гэтых улётках няма закліку на масавае мерапрыемства. Жанчына магла абсалютна вольна распаўсюджваць гэтыя ўлёткі без падачы якіх-небудзь заявак. У сувязі з гэтым адказ намесьніка старшыні гарвыканкаму незаконны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG