Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Арына Вячорка


Арына Вячорка
Арына Вячорка

9 красавіка пайшла з жыцьця грамадзкая і культурніцкая дзяячка Арына Вячорка.

5 красавіка ў віленскім аэрапорце з Арынай здарыўся інсульт. Апошнія дні свайго жыцьця яна правяла ў коме. Спадарыні Арыне быў 51 год.

Арына Вячорка — беларускі пэдагог, грамадзкая і культурная дзяячка, ініцыятарка адраджэньня рыцарскага руху і старадаўняй музыкі Беларусі. Яна была сузаснавальніцай першага беларускага нефармальнага згуртаваньня новага часу «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня» (1980–1985). Удзельніца руху за адраджэньне беларускае школы з 1983 году. Сузаснавальніца моладзевага адраджэнскага згуртаваньня «Талака» (1986–1988).

Пра гэты час згадвае яе паплечнік па «Майстроўні» Віктар Івашкевіч:

«Я з Арынай Вячоркай пазнаёміўся яшчэ ў 84-м годзе, калі далучыўся да беларускай „Майстроўні“. У яе такі быў вобраз актывісткі моладзевых арганізацый. Яна ўвесь час спачатку насіла, а пасьля вадзіла з сабой дзяцей: яна і песьні сьпявае, яна і карагод водзіць, яна і нос уцірае — Радзе ці Франку. Заўсёды займалася і сваімі, і нашымі дзецьмі. Бо мы, маладыя беларускамоўныя бацькі, хацелі, каб дзеці мелі беларускамоўнае асяродзьдзе, знаёмілі іх паміж сабою. Яна была нефармальным дырэктарам нашага нефармальнага беларускага садку.
Яна была нефармальным дырэктарам нашага нефармальнага беларускага садку.

І ў беларускамоўным клясе, які мы „прабілі“ для сваіх дзяцей, яна была старшынём савету бацькоў. І мы тады змагаліся, каб Леніна прыбралі са сьценаў клясы, а замест яго Марачкін прынёс якую „птушачку“. Змагаліся, каб яны не ўступалі ў „акцябраты“, а прымалі іх у суполку „Пагоня“ і давалі значкі. Яна потым займалася рыцарскім клюбам. Займалася дзецьмі і набіралася ад іх і аптымізму, і весялосьці, і гумару. Заўсёды была вясёлы, аптымістычны чалавек, які ўсяго сябе аддаваў і сваім дзецям, і іншым дзецям».

Зь імем Арыны Вячоркі зьвязанае адраджэньне рыцарскага руху на Беларусі і традыцыяў старадаўняй беларускай музыкі. Менавіта Вячорка была стваральніцай і кіраўніцай Беларускага рыцарскага клюбу, пазьней клюбу «Вялікае княства» (1996–2007). Яна арганізоўвала шматлікія канцэрты, фэсты, была прадусарам гурту «Стары Ольса». Лідэр гурту Зьміцер Сасноўскі кажа, што Арына Вячорка заўжды мела шмат новых, глябальных, цікавых ідэяў. І гэта вылучала яе сярод іншых. Гэта быў чалавек, які ніколі ня думаў, што рабіць далей, а выбіраў, што з прыдуманага трэба зрабіць найперш.
Арына Вячорка — гэта чалавек, якому ўвесь сярэднявечны рух Беларусі абавязаны сваім пачаткам.

Зьміцер Сасноўскі, лідар гурту «Стары Ольса»: «Арына Вячорка — гэта чалавек, якому ўвесь сярэднявечны рух Беларусі абавязаны сваім пачаткам. Амаль усе самыя вялікія і старыя рыцарскія клюбы пачыналіся зь яе клюбу. І ўсе музычныя ідэі, зьвязаныя з рэканструкцыяй сярэднявечнай музыкі, пачыналіся зь яе праекту „Легенды Вялікага Княства“. Калі б Арына занялася нечым іншым, то нашая культура шмат страціла б. Яна адчувала сымпатыю да сярэднявечнай культуры. І яна разумела, што гэта вельмі дзейсная і легальная форма патрыятызму».

Апошнім часам Арына Вячорка шмат працавала ў польскіх архівах, знаходзіла мноства музычных твораў, якія паходзілі з нашых зямель, і заклікала музыкаў зьвяртацца да іх. Па ўспамінах сяброў і знаёмых, яна была вельмі чуйным і ўважлівым да людзей чалавекам. Сын Арыны Вячоркі Франак кажа, што яна сябравала з паловай Менску.

Ларыса Сімаковіч, кампазытар, рэжысэр-пастаноўшчык і даўняя сяброўка Арыны Вячоркі распавядае, што зь ёю заўжды было лёгка:

«Яна лёгка гаварыла, лёгка спрачалася, разыходзілася ў меркаваньнях і так жа лёгка сыходзілася. Яна не цягнула на сябе залішнюю ўвагу, настолькі не акцэнтавалася на сваёй дзейнасьці, што яе часам і не заўважалі.

Нас, такіх — менавіта „нас“, бо і сябе далучаю да гэтага кола людзей, — нямнога. І страта такога чалавека — гэта больш, чым страта проста чалавека. Мы пражываем жыцьцё пад кодавай назвай „ціхі гераізм“. Мы робім справу „на будучыню“. І пры жыцьці Арыны было відавочна, што яна робіць сваю справу „на будучыню“. Бо сёньня адпаведнай рэакцыі на тое, што робяць такія людзі, проста ня можа быць, альбо толькі ў вузкім коле людзей».

Разьвітаньне з Арынай Вячоркай адбудзецца ў Менску.

• Памерла Арына Вячорка

• Гісторыя аднаго цуду: Арына Вячорка

• Анкета Свабоды: Арына Вячорка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG