Што для вас свабода?
Я люблю свабоду і незалежнасьць, таму што любіць несвабоду і залежнасьць — гэта тупа. Усё, што несвабода — гэта рабства. Амаральна, калі побач з табой існуе рабства, ці парушаны правы іншага. Мяне гэта прыніжае.
Кожны чалавек нараджаецца свабодным. Права на свабоду яму дае прырода, а не грамадзтва. Свабодны чалавек сам нясе адказнасьць за свае дзеяньні. Неадменнай часткай свабоды зьяўляюцца сыстэма аб’ектыўных абмежаваньняў: законы прыроды, анатомія і псыхалёгія чалавека, мэты, якія ты сам сабе ставіш. Быць свабодным для мяне — гэта значыць быць у гармоніі з сабой, з сваёй прыроднай сутнасьцю. Толькі свабодны чалавек паважае іншага чалавека, шануе традыцыі сваіх продкаў і стварае традыцыі будучых пакаленьняў.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Адсутнасьць выбару. Аднастайнасьць. Натоўп. Манаполія. Маніпуляцыя. Прымус. Нормы і стандарты. Парады і падказкі. Пачуцьцё віны. Пачуцьцё абавязку.
Што для вас шчасьце?
Гэта асаблівы стан душы, незалежны ад навакольнага сьвету — здароўе, радасьць і творчасьць. Без свабоды для мяне няма шчасьця.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Стабільнасьці.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент сьпевака.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Віктарам Скорабагатавым і Лявонам Вольскім.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Слухаць музыку і маляваць.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Адукацыю. Я па адукацыі матэматык, праўда, летась атрымала дыплём мэнэджэра культуры.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Нікога ня слухай — прыслухайся лепш да сябе.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Дэвіз Кузьмы Пруткова «Глядзі ў корань».
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Якая гарантавала б мне ўсе мае правы і свабоды.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У ВКЛ
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У эпоху Рэнэсансу.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Прызначала б жанчыну Міністрам абароны.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Больш блізкія — бязь межаў.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Адносіны з Расеяй павінны быць пад строгім кантролем.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Я супраць любой дыктатуры і рабства.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Спадзяюся, у бліжэйшы год. Чым хутчэй — тым лепей.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Праз 10 гадоў.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будуць гаварыць на тутэйшай мове, пакуль сваю ня вывучаць.