Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Вакол Каваленкі ідзе рызыкоўная, подлая гульня


Лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк па тэлефоне з Нью-Ёрку адказаў на пытаньні пра захады, як уратаваць сябра партыі Сяргея Каваленку.

Ціхановіч: Мы ўжо перадавалі, што вы зьвярталіся з заклікам да Сяргея Каваленкі спыніць галадоўку. З таго, што перадаюць яго родныя ці пастар Сабіла, ясна, што ён сам галадоўку за кратамі адмаўляецца спыняць. Як вы думаеце, што можа зрабіць грамадзтва для яго выратаваньня?

Пазьняк: Думаю, што ціск павінен быць не на Каваленку, а на рэжым, на Лукашэнку. І грамадзтва перш за ўсё павінна быць інфармавана. На жаль, яно не інфармавана, ці вельмі мала інфармавана аб тым, што адбываецца з Каваленкам. Таму тут вельмі вялікае значэньне мае дзейнасьць журналістаў. Калі людзі будуць інфармаваныя, яны будуць прымаць адпаведныя рашэньні. Але паўтараю: ціск павінен быць на рэжым, на Лукашэнку, на суд несправядлівы, трэба зьвяртацца ў пракуратуру, да генэральнага пракурора, да суду, і гэта павінна мець значэньне.
Рэжым чакае, пакуль з Каваленкам будзе зусім дрэнна, тады яны яго пастараюцца адратаваць, каб не памёр, але здароўя ў яго ня будзе

Ціхановіч: Што робіць Ваша партыя і асабіста Вы для захаваньня жыцьця свайго сябра?

Пазьняк: Усе магчымыя варыянты, якія ёсьць, партыя выкарыстала. Па-першае, захады, якія былі зробленыя і ад мяне, і ад Сурвілы, і ад Беленькага, і ад пастара Сабілы — гэта ўсё рабіла партыя. У тым ліку і заходнія звароты — ад імя М.Шульца, С.Фюле — гэта ўсё з ініцыятывы партыі. Усе гэтыя людзі зьвярнуліся да Каваленкі, але ён пастанавіў ісьці да канца. Ужо вядома, што ён свайго рашэньня ня зьменіць. Далей, усе неабходныя паперы, якія можна было напісаць, яны напісаныя. Некалькі разоў зьвярталіся ў пракуратуру, да генэральнага пракурора, нават у суботу і нядзелю: няможна чакаць, трэба сьпяшацца.

Ціхановіч: Калі б Вы здолелі дазваніцца ў ізалятар на Валадарскага, як бы Вы выкарысталі такую магчымасьць?

Пазьняк: Ізалятар на Валадарскага падпарадкоўваецца аднаму чалавеку. І гэты чалавек ведае, што ён робіць. Таму і адказ вядомы. Яны, на Валадарскага, могуць нават паспачуваць, але скажуць: мы залежныя людзі, мы выконваем загады. Тое, што робіць рэжым: ён чакае, пакуль з Каваленкам будзе зусім дрэнна, тады яны яго пастараюцца адратаваць, каб не памёр, але здароўя ў яго ня будзе. Ён будзе калекам. Яны хочуць яго давесьці да калецтва. Ідзе такая рызыкоўная, подлая гульня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG