Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі: «Прапаганду ніхто не купляе»


Наклады дзяржаўных газэт зьніжаюцца. «СБ — Беларусь сегодня», заснавальнік якой — адміністрацыя прэзыдэнта, пазначае наклад у 398 тысяч, «Звязда» і «Народная газета» апусьціліся да ўзроўню 30 тысяч асобнікаў. У рэгіёнах дзяржаўныя выданьні выходзяць раз на тыдзень. І гэта пры тым, што на дзяржаўныя СМІ зь бюджэту на 2012 год выдаткавана больш як 490 мільярдаў рублёў (гэта каля 45,5 мільёна эўра). Чаму падаюць наклады дзяржаўных СМІ?

Некалі стосы газэт і часопісаў, што выпісвалі беларусы, не зьмяшчаліся ў паштовыя скрыні — людзі выпісвалі па дзясятку розных выданьняў. Сёньня ў мой пад’езд, у якім 48 кватэр, паштальёнка прынесла ўсяго 4 газэты.

Заснавальнік парлямэнцкай «Народнай газеты», а цяпер галоўны рэдактар недзяржаўнай «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч сьцьвярджае, што на пачатку 1990-х наклад «Народнай газеты» дасягаў 700 тысяч, і нават больш:

«Былі кварталы, калі 730 тысяч».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа, што яму пашчасьціла быць галоўным рэдактарам газэты «Знамя юности» ў часы гарбачоўскай перабудовы:

«Тады быў такі ўзьлёт і творчасьці, і накладу. Пік тыражу склаў болей за 800 тысяч асобнікаў».

Зараз «Знамя юности» стала тыднёвікам з накладам 35 тысяч, «Чырвоная зьмена» ператварылася ў дадатак да «Звязды» (выходзіць адзін аркуш раз на месяц). Ходзяць чуткі пра далучэньне «ЛіМа» таксама да «Звязды». Чаму падаюць наклады і закрываюцца газэты, я спрабавала высьветліць ва Ўпраўленьні друкаваных СМІ Міністэрства інфармацыі. Намесьніца начальніка Валянціна Мяшчэрская абмяркоўваць гэтыя пытаньні адмовілася:

«Нейкая цікавая ў нас з вамі тэма: разьвіцьцё СМІ, і тым больш дзяржаўных… Чаму, зь якой нагоды цікавіцеся? Не, я ня буду вам адказваць».

Рэдактары дзяржаўных газэт на кантакт таксама не пайшлі: адзін на паседжаньні рэдкалегіі, другі раптоўна зьехаў… На пытаньне, чаму зьніжаюцца наклады, Ёсіф Сярэдзіч адказаў так:

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч
«Я ўчора сустракаўся з самім міністрам. І сам міністар інфармацыі падкрэсьліў непрафэсійнасьць тых, хто выпускае гэтыя газэты. Мяне ўчора нават па-добраму зьдзівіла, што міністар разумее, што ўсё залежыць ад прафэсійнасьці. Дарэчы, ішла размова і пра „Народную газету“. Ён ёю таксама незадаволены».

Карэспандэнтка: «А вось як вы выжываеце безь дзяржпадтрымкі?»

«У нас падтрымка ня з боку дзяржавы — галоўнае, каб дзяржава тут не перашкаджала, а з боку чытачоў. Вось галоўнае плячо любой газэты».

Аляксандар Класкоўскі кажа, што адбіўся і крызіс, цяжэй стала выкарыстоўваць так званы адміністрацыйны рэсурс, калі ў добраахвотна-прымусовым парадку дамагаліся, каб чалавек падпісаўся на «Саўбелію», калі на хлеб не хапае. Другі істотны складнік, на думку Аляксандра Класкоўскага, — летась дзяржаўная прэса дыскрэдытавала сябе, калі ў краіне адбылося дзьве дэвальвацыі, дэфіцыт валюты, а газэты маўчалі…

Спадар Класкоўскі падкрэсьлівае, што ва ўсім сьвеце прэса выжывае сама. Яна існуе ў рынкавых умовах і прадае свой прадукт — інфармацыю:

«А прапаганду ніхто не купляе, гэта натуральна. Таму трэба наракаць не на тое, што з казны меней грошай даюць — дарэчы, гэта грошы падаткаплатнікаў, а гэта людзі розных поглядаў. Атрымліваецца, што за іхнія грошы ўтрымліваюць прапаганду, якую ніхто зараз фактычна не ўспрымае. Наракаць трэба на гэтую няздольную, анахранічную, рэліктавую мадэль».

Што да суседніх краінаў, то, да прыкладу, старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус распавёў:

«У нас забаронена дзяржаве наўпрост фінансаваць СМІ. У нас дзяржаўных СМІ наагул няма. Таму што дзяржаўныя мэдыі — гэта такое вычварэнства, гэта прапаганда. Гэта савецкі рэлікт, таму я супраць такога прынцыпу наагул».


Агульная сума, адведзеная ў дзяржаўным бюджэце 2012 году на сродкі масавай інфармацыі, складае 491 678 422 тысячы рублёў, альбо каля 45 з паловай мільёнаў эўра. Большая частка гэтых грошай прызначаная на патрэбы тэлебачаньня і радыёвяшчаньня — 366 270 390 тысяч рублёў, альбо каля 34 мільёнаў эўра. На пэрыядычны друк і выдавецтвы адведзена 52 895 489 тысяч рублёў — каля 5 мільёнаў эўра. 72 512 543 тысячы рублёў (каля 7 мільёнаў эўра) адводзіцца на «іншыя пытаньні» ў галіне СМІ. У параўнаньні з 2011 годам грошай на дзяржаўныя СМІ сёлета выдзелена прыкладна на 20% менш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG