Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа Куляшову дыпляматычны пашпарт?


Пазоў францускага адваката да міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, паводле экспэртаў, будзе разглядацца з улікам нацыянальнага і міжнароднага права.

На думку былога дэпутата Вярхоўнага Савета і амбасадара ў Нямеччыне, надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Рэспублікі Беларусь Пётры Садоўскага, імавернасьць рэалізацыі запыту на арышт міністра ўнутраных спраў Куляшова існуе, але на гэта будзе ўплываць шэраг фактараў.

Найперш – сур'ёзнасьць выстаўленых адвакатам абвінавачваньняў. Адна рэч, кажа Садоўскі, калі прад'яўленае абвінавачваньне ў цяжкім злачынстве (напрыклад, забойстве), і іншая – калі абвінавачваюць у датычнасьці да дзеяньняў, якія зьвязаныя з парушэньнем правоў чалавека, што ў прававых сыстэмах шмат якіх краінаў можа ўспрымацца як «гумавая катэгорыя». Так, калі ў заканадаўстве Нямеччыны наўпрост гаворыцца, што вайсковец мае права не выконваць злачынны загад камандзіра, дык у беларускім заканадаўстве такое палажэньне адсутнічае.

Па-другое, заўважае Садоўскі, міністар Куляшоў найхутчэй валодае дыпляматычным пашпартам. Такі пашпарт, акрамя дыпляматаў, звычайна выдаецца дэпутатам парлямэнту, чальцам ураду і некаторым высокапастаўленым чыноўнікам. Акрэдытаваныя ў краіне дыпляматы валодаюць дыпляматычнай недатыкальнасьцю (у выпадку зьдзяйсьненьня злачынства іх могуць затрымаць, але, як правіла, не судзяць, а просяць пакінуць краіну ў найхутчэйшы тэрмін). Неакрэдытаваныя ўладальнікі дыпляматычнага пашпарту могуць валодаць элемэнтамі такога імунітэту – ва ўсялякім выпадку, наяўнасьць такога пашпарту, лічыць Садоўскі, безумоўна будзе ўзятая пад увагу.

Нарэшце, адзначае Пётра Садоўскі, у выпадку з міністрам Куляшовым трэба ўлічыць і карпаратыўныя інтарэсы Інтэрполу, на запрашэньне якога генэрал прыбыў у Францыю.

Пытаньне судовага перасьледу грамадзяніна іншай дзяржавы -- адны з найбольш складаных у міжнародным праве. Дэбаты аб стварэньні Міжнароднага крымінальнага суда найбольшую вастрыню набылі у пачатку 2000-ых, у сувязі са справай Аўгуста Піначэта – былога чылійскага дыктатара.

Шмат якія родныя забітых у часы дыктатуры Піначэта пераехалі на сталае жыхарства ў Гішпанію, і адтуль падалі позву да Піначэта. Ордэр на арышт Піначэта выдаў гішпанскі судзьдзя Бальтасар Гарсон (днямі, паводле ВВС, ён сам апынуўся перад судом па падазрэньні ў незаконнай выдачы дазволу на праслухоўваньне размоў паміж адвакатамі і іх кліентамі).

Менавіта на запыт гішпанскіх уладаў і дзеля перадачы яго Мадрыду ў кастрычніку 1998 году Піначэт быў арыштаваны ў Вялікабрытаніі, куды прыбыў з прыватнымі мэтамі. Аднак у Вялікай Брытаніі ня дзейнічаў прынцып так званага пасіўнага грамадзянства, калі дзяржаве перасьледуе чалавека за злачынствы супраць сваіх грамадзянаў, зробленыя на тэрыторыі іншых краінаў, Такім чынам, з пункту гледжаньня брытанскага права, Піначэт не зьяўляўся злачынцам.

Пры гэтым Піначэт быў пажыцьцёвым сэнатарам і, адпаведна, карыстаўся дыпляматычным пашпартам.

28 кастрычніка Высокі суд Лёндану прызнаў імунітэт Піначэта ад брытанскага заканадаўства – паколькі тое, у чым Піначэта абвінавачвалі, было зьдзейсьнена ім у пэрыяд, калі ён быў кіраўніком сувэрэннай дзяржавы. Пытаньне некалькі разоў разглядалася ў Палаце лордаў, а ў сакавіку 2000 году Піначэт быў – паводле рашэньня брытанскага суду – вернуты Чылі, паколькі, як паведамлялася, з прычынаў здароў'я (у тым ліку і псыхічнага) ён ня быў гатовы да судовага працэсу.

У жніўні 2000 году Вярхоўны Суд Чылі пазбавіў Піначэта сэнатарскай недатыкальнасьці, а 14 верасьня 2005 году Піначэт рашэньнем таго ж суду быў пазбаўлены імунітэту ад судовага перасьледу як былы кіраўнік дзяржавы. Ён быў абвінавачаны ў датычнасьці да забойстваў, выкраданьняў людзей, прымяненьня катаваньняў, а таксама ў наркагандлі, незаконным гандлі зброяй і ўхіленьнем ад падаткаў. 10 сьнежня 2006 году Піначэт памёр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG