Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч прабудзе ў ШЫЗА да 24 судзеня


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта палітвязень Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары Магілёўскай папраўчай установы «Турма № 4».

Пра гэта 17 студзеня даведаліся жонка палітыка Марына Адамовіч і адвакат Сяргей Новік, які сустрэўся з Статкевічам у турме.

Першай даведалася пра знаходжаньне Мікалая Статкевіча ў штрафным ізалятары ад адміністрацыі турмы жонка палітыка Марына Адамовіч. Як ёй паведамілі, пакараньне палітык атрымаў яшчэ ў Шклоўскай папраўчай калёніі № 17 за парушэньне формы вопраткі. У тым, што пакаралі мужа, спадарыня Адамовіч вінаваціць начальніка шклоўскай калёніі:

«Спадар Ермаліцкі ўжо пасьля суду, наўздагон, наколькі я разумею, знайшоў нагоду, каб чалавек, трапіўшы ў турму, яшчэ й апынуўся ў ШЫЗА. Нейкае, відаць, страшэннае правапарушэньне ён пасьпеў зрабіць, знаходзячыся ў адзіночнай камэры ў памяшканьні камэрнага тыпу».

Паводле Марыны Адамовіч, асуджаныя крытай турмы могуць разьлічваць на адно кароткатэрміновае спатканьне на год і адну бандэрольку вагой два кіляграмы ў якасьці харчовай перадачы. Пакуль Мікалай Статкевіч у ШЫЗА, яму забараняецца пісаць на волю.

Адвакат Сяргей Новік сустрэўся ў турме зь Мікалаем Статкевічам і пацьвердзіў, што ён у ШЫЗА:

«Будзе ён там знаходзіцца да 24-га. Потым будзе вырашацца пытаньне, у якой камэры знаходзіцца. Настрой у яго нармальны. Я ні ў якім разе не прыхарошваю. Бадзёры, вясёлы. Пераказвае ўсім прывітаньне. Абдымае жонку любую. Як толькі зьявіцца нейкая магчымасьць — паведаміць, што зможа».
Настрой у яго нармальны. Я ні ў якім разе не прыхарошваю. Бадзёры, вясёлы. Пераказвае ўсім прывітаньне.

12 студзеня ў шклоўскай папраўчай калёніі адбыўся суд над асуджаным Мікалаем Статкевічам. На ім судзьдзя шклоўскага суду Віталь Воўкаў задаволіў прадстаўленьне адміністрацыі калёніі аб пераводзе палітыка на тры гады на турэмны рэжым як злоснага парушальніка. Начальнік Шклоўскай калёніі № 17 Сяргей Ермаліцкі знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

14 студзеня стала вядома, што Мікалай Статкевіч этапаваны з Шклова ў папраўчую ўстанову «Турма № 4».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю ў Менску 19 сьнежня 2010 году акцыі пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG