Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікашэвічы: рабочы пратэст на «Граніце». Працяг гісторыі


29 сьнежня некалькі сотняў работнікаў дзяржаўнага прадпрыемства па здабычы каменю "Граніт" у Мікашэвічах выйшлі з афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі, выказаўшы такім чынам пратэст супраць нізкіх заробкаў і нездавальняючай працы прафсаюзных актывістаў.

Вольга, жыхарка Мікашэвічаў, муж якой працуе на «Граніце», кажа, што ўціск начальства стаў апошняй кропляй:

«Было, што назвалі экскаватаршчыкаў рабамі. Сказалі, вы — рабы, будзеце працаваць 25 сьнежня. А працоўныя тады заявілі, маўляў, калі мы такія рабы — 25 сьнежня ніхто не пайшоў працаваць».

Акрамя таго, спадарыня тлумачыць: працоўныя крыўдуюць на тое, што на прадпрыемстве несправядліва разьмяркоўваюцца прэміі, заробкі не растуць, а прафкам, як апавядае суразмоўца, толькі возіць сем’і начальнікаў на экскурсіі — замест таго, каб абараняць рабочых ад несправядлівасьці з боку адміністрацыі.

Спадарыня Вольга кажа, што некалькі соцень працоўных правялі ўстаноўчы сход, на якім вырашылі далучыцца да незалежнага прафсаюзу гарнякоў. На сходзе і была адноўлена мясцовая суполка гэтага незалежнага прафсаюзу. Падчас правядзеньня сходу, кажа спадарыня, у Мікашэвічах нават начаваў АМАП.

Спадар Васіль працуе на «Граніце» кіроўцам «БелАЗу». Ён таксама стаў сябрам незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Кажа, што яшчэ да сходу 202 чалавекі занесьлі заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу:

«Начальства пачало запалохваць людзей. Чыноўнікі па цэхах разьнесьлі гэтыя заявы, прымушалі людзей адмаўляцца ад ўдзелу ў незалежным прафсаюзе. Але, у прынцыпе, касьцяк новай арганізацыі свае заявы не забраў. Яны — пераважна вадзіцелі самазвалаў, чалавек 130-150. Яны засталіся на сваім. То бок усё: назад шляху няма, толькі наперад, да стварэньня гэтага незалежнага прафсаюзу».

Спадарыня Вольга кажа, што сябраў новастворанай суполкі незалежнага прафсаюзу выклікае на гутаркі начальства:

«Выклікаюць, пагражаюць, прыціскаюць іх неяк: маўляў, згубіш трынаццатую, прэмію; згубіш працу, а мы табе не працягнем кантракт...»

Аднак пакуль нікога з рабочых ня звольнілі. Начальства тым часам ідзе на саступкі. Працоўным паабяцалі звольніць тых начальнікаў цэхаў, якія некарэктна паводзілі сябе ў дачыненьнях з падначаленымі. Спадарыня Вольга кажа, што старшыня Лунінецкага райвыканкаму Васіль Агіевіч ужо паабяцаў працоўным рост заробку да 8 мільёнаў рублёў:

«Ён асабіста прыяжджаў і сказаў, што з-за чаго тут шуміха, што хто, маўляў, вас тут абзывае... І тут сказаў, маўляў, не хвалюйцеся, заробкі мы падвысім да васьмі мільёнаў.»

Спадар Васіль удакладніў, што у гэтым годзе на прадпрыемстве «Граніт» працуе 3 тысячы 200 чалавек. У асноўным — гэта жыхары Мікашэвічаў і іншых населеных пунктаў Лунінецкага раёну.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук:

«Магчыма, гэта будзе прарыў, падобны на сытуацыю ў 1991 годзе, калі ў суседнім Салігорску ствараўся незалежны прафсаюз гарнякоў».

Ярашук: «Калі ўжо сёньня такім адкрытым й сьмелым чынам ствараюцца суполкі незалежнага прафсаюзу і людзі масава выходзяць з Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), то гэта ж прамая атака на сутнасьць існуючай палітычнай сыстэмы.

Праўда, у такіх умовах мы мусім быць абачлівымі. Так, падзеі ў Мікашэвічах для многіх цікавая навіна, нават сэнсацыя, але мы наўмысна, як гаворыцца, не падаграваем падзеі, нават знарок маўчым на сваім сайце БКДП ў інтэрнэце. Наша пазыцыя такая, што мы не мусім правакаваць людзей і выступаць ў ролі правакатараў — не заклікаем і не патрабуем. Мы будзем дзейнічаць з улікам таго, што працаўнікі «Граніта» самі прымаюць галоўныя рашэньні, а ва ўсім наступным будзе ім усялякая палітычная, арганізацыйная і юрыдычная дапамога.

Як я абяцаў раней, так гавару і сёньня, зьвяртаючыся непасрэдна да працаўнікоў «Граніту»: дапамога вам будзе аказана пры ўмове, што вы цьвёрда стаіце на пазыцыях стварэньня ўласнай арганізацыі незалежнага прафсаюзу.




Мікашэвічы — горад Лунінецкага раёну Брэсцкай вобласьці. Тэрыторыя — 8,7 квадратных кілямэтраў, колькасьць насельніцтва перавышае 19 тысяч чалавек. Адлегласьць да райцэнтра (г. Лунінец) — 52 кілямэтры, да Берасьця — 252 км.

Актыўнае разьвіцьцё Мікашэвічаў адбылося ў сярэдзіне 1970-х гадоў, калі былі пабудаваныя вытворчае аб’яднаньне «Граніт», каменьнеперапрацоўчы завод, а таксама завод жалезабэтонных вырабаў.

З 1986 года Мікашэвічы апынуліся ў ліку населеных пунктаў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у зоне са шчыльнасьцю забруджваньня ад 1 да 5 кюры на квадратны кілямэтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG