Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разьвязана вайна супраць людзей, якія ўздымаюць беларускую культуру»


Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

Канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў менскай кавярні «Містраль», які меўся адбыцца 22 лістапада, адменены. «Ізноў было тэлефанаваньне зьверху, з адміністрацыі раёну», — паведаміў сам выканаўца. Ці можа сказаць, што забарона канцэртаў незалежных беларускіх выканаўцаў — гэта дзяржаўная палітыка? Альбо самадзейнасьць канкрэтных мясцовых чыноўнікаў? За што ўлада помсьціць Зьмітру Вайцюшкевічу? Чаму ўлады не хвалюе магчымая нэгатыўная рэакцыя прыхільнікаў беларускай вольнай музыкі?


На гэтыя пытаньні адказвае журналіст, галоўны рэдактар музычнага парталу «Тузін гітоў» Сяргей Будкін.

— Канцэрты беларускіх выканаўцаў за апошнія тыдні зрываліся ўжо неаднаразова, што дазваляе казаць пра пэўнае правіла. Ці можа сказаць, што забарона канцэртаў незалежных беларускіх выканаўцаў — гэта дзяржаўная палітыка? Альбо часам ўсё залежыць ад «мясцовых асаблівасьцяў»?

— Мясцовыя ўлады — то бок, наколькі я разумею, кіраўніцтва аддзелу культуры таго раёну, у якім месьціцца клюб — проста выяўляюць пільнасьць і пацьвярджаюць існаваньне «чорнага сьпісу», пра які казалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Хаця на ім няма ніводнай пячаткі, ён нікім не зацьверджаны і афіцыйна ніхто адказнасьць за яго ня ўзяў.

Тым ня менш, тыя выканаўцы, якія прысутнічаюць у гэтым сьпісе, абсалютна ня маюць ніякай магчымасьці канцэртаваць у Беларусі. Фактычна гэта забарона на прафэсію. Сытуацыя абсурдная і я б сказаў больш жорстка —дэбільная. Нейкую лёгіку я не гатовы тут шукаць.

— Калі казаць канкрэтна пра Вайцюшкевіча, то ягоная творчасьць пераважна лірычная, ніякіх рэвалюцыйных песьняў там няма. Таму выглядае, што адзіная ягоная віна ў тым, што ён на выбарах падтрымліваў кандыдата Ўладзімера Някляева.

— Натуральна, менавіта за гэта Зьмітра і ўключылі ў сьпіс. Менавіта за пазыцыю, а не за песьні, якія пераважна пра каханьне, кветачкі, вясну і гэтак далей. Гэта пакараньне за тое, што чалавек выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю.

— Ці можна сказаць, што ўлады вырашылі, што можна праігнараваць магчымую рэакцыю той часткі грамадзтва, якая слухае беларускую незалежную музыку? Ці яны палічылі, што гэта не настолькі вялікая аўдыторыя, каб на яе зьвяртаць увагу?

— Наўрад ці яны тут на кагосьці зважаюць. Вайцюшкевіч меўся выступіць у клюбе на 30 чалавек, і раней улады такое ігнаравалі, бо разумелі, што гэта сьмешна — прыцягваць увагу да такога канцэрту. Але зараз яны зважаюць на ўсіх, хто зьбіраецца «больш за трох». Вайцюшкевіч хацеў зрабіць ціхенькі канцэрт для сваіх, цалкам без рэклямы — і тое гэта не далі. Таму мы маем справу зь нейкай разьвязанай вайной супраць людзей, якія ўздымаюць беларускую культуру на новы ўзровень.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG