Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўмысныя перашкоды й масавы хапун у рэгіёнах


У сераду да акцыі маўклівай салідарнасьці далучыліся рэгіёны. На галоўныя плошчы абласных і раённых цэнтраў выйшлі людзі, якія супраць імклівага зьніжэньня ўзроўню жыцьця й росту цэнаў. Нягледзячы на тое, што акцыя была маўклівай і ўдзельнікі яе не выкарыстоўвалі сьцягоў, транспарантаў, не агучвалі лёзунгаў, міліцыя ўсё ж праводзіла затрыманьні.



Праглядзець "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" ў рэгіёнах. 29 чэрвеня 2011 на мапе вяликага памеру


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Міліцыянты затрымалі 50 удзельнікаў акцыі

У Берасьці на маўклівую акцыю прыйшлі каля 300 чалавек. 50 зь іх былі затрыманыя.

На цэнтральнай плошчы ў горадзе ўлады праводзяць канцэрт. Удзельнікі акцыі адзначаюць, што канцэрт кепска арганізаваны, музыкі робяць шмат памылак, музыка гучыць фальшыва. У адказ на гэта берасьцейцы гучна пляскалі ў ладкі. А 20-й гадзіне міліцыянты пачалі масавы хапун. Затрымалі каля 50 чалавек. Сярод іх — незалежны журналіст Алесь Ляўчук, фотакарэспандэнт БелаПАН Мілана Харытонава. Затрыманых даставяць у Ленінскі РАУС Берасьця.

Акцыя адбылася і ў Бярозе, дзе на цэнтральную плошчу выйшлі каля 10 чалавек. У Баранавічах на акцыю сабраліся больш за 100 чалавек. На плошчу міліцыянты прыгналі тры аўтазакі. Пазьней супрацоўнікі міліцыі пачалі выціскаць людзей з плошчы, праз мэгафон заклікалі разысьціся. У 20 удзельнікаў перапісалі дадзеныя пашпартоў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Горадні прайшло тысячнае шэсьце

У Горадні каля 20 гадзіны скончылася шэсьце гараджанаў, удзельнікаў «рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі».

Каля 19:30 побач з Савецкай плошчай сотні людзей, якія прыйшлі паўдзельнічаць у маўклівай акцыі пратэсту і не разыходзіліся, пачалі пляскаць у ладкі і галёкаць. Доўжылася гэта хвілін пяць.

Потым людзі не разышліся ў розныя бакі, як ранейшыя два разы, а накіраваліся на пешаходную вуліцу Савецкую. Да шэсьця далучаліся новыя ўдзельнікі. Шэсьце расьцягнулася. Урэшце вуліца, якая мае даўжыню пяцьсот мэтраў, запоўнілася больш чым напалову. Гарадзенцы пляскалі ў ладкі, галёкалі, усьміхаліся. У канцы Савецкай яны збочылі на вуліцу Элізы Ажэшкі, прайшлі паўз гмах аблвыканкаму, прамінулі цалкам пустую плошчу Леніна, якая была абстаўленая жалезнымі бар’ерамі, прайшлі скрыжаваньне, затым перайшлі цераз мост праз Гараднічанку і ўвайшлі ў парк Жылібэра. Увесь час людзі пляскалі ў ладкі і галёкалі.

Агулам шэсьце прайшло мэтраў васямсот і скончылася ў парку.

Што да Савецкай плошчы, дзе дагэтуль зьбіраліся ўдзельнікі маўклівай акцыі, то яна сёньня была абгароджаная жалезнымі бар’ерамі, міліцыянты ў цывільным прапускалі на яе праз чатыры КПП з брамкамі для выкрыцьця мэталаў. Але ўдзельнікі акцыі туды не пайшлі. Побач з Савецкай плошчай чакалі напагатове аўтазакі. Большасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў былі ў цывільным. Можна было пачуць, як яны паміж сабой ацэньвалі акцыю: «Людзей сабралася вельмі шмат».

Сацыяльным акцыям у райцэнтрах замінаў дождж

У Лідзе, Бярозаўцы, Слоніме, Наваградку, Ваўкавыску падчас сацыяльных акцыяў прайшоў дождж, дзе-нідзе нават лівень. Людзей было хоць няшмат, але на плошчы яны прыйшлі. Міліцыянты сачылі за імі з аўтамабіляў і здымалі на камэру. Паведамляе Міхал Карневіч.

У Лідзе, нягледзячы на дождж, у сацыяльнай акцыі ўзялі ўдзел ізноў звыш 80 чалавек. За імі назіралі міліцыянты і людзі ў цывільным, але сёньня нікога не арыштоўвалі.

У мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну, са слоў аднаго з удзельнікаў акцыі, а 19-й гадзіне прайшоў натуральны лівень. Удзельнікаў было значна меней, чым на мінулай акцыі. Яшчэ Сёньня ж у Бярозаўцы выклікалі ў міліцыю маладых людзей і папярэджвалі пра адказнасьць за ўдзел у акцыі.

Сёньня, калі людзі разыходзіліся з цэнтру мястэчка, міліцыянты спынялі некаторых і цікавіліся: зь якой мэтай тыя знаходзіліся на плошчы?

У Ваўкавыску на цэнтральнай плошчы сабраліся каля 50 маладых людзей. За імі таксама сачылі міліцыянты, але сёньня нікога не затрымлівалі.

Без затрыманьняў акцыі прайшлі ў Смаргоні, Наваградку і Слоніме. У гэтых райцэнтрах таксама ішоў дождж.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Гомель нібы ў аблозе

Да пачатку «маўклівай рэвалюцыі» ў Гомелі міліцыя, спэцназ ачапілі плошчы Леніна і Паўстаньня і абставілі іх мэталічнымі загарадкамі. На першай маршыравалі салдаты ўнутраных войскаў і, як у папярэднюю сераду, супрацоўнікі МНС, другая была запоўнена пустымі аўтобусамі.


Плошча Леніна перакрытая.

Прыпынак «Плошча Леніна»
У сквэры — толькі начальства.

Прывакзальную плошчу кантралявалі супрацоўнікі ДАІ, не пускаючы туды прыватны транспарт.

Гэтым разам у цэнтры міліцыя забараняла людзям заходзіць нават у сквэр Кірылы Тураўскага, што прылягае да плошчы Леніна і драмтэатру. Таму некалькі сотняў мінакоў а 19-й гадзіне сабраліся на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна».




Ніхто не праскочыць.
Плошча Паўстаньня

Міліцыя не пускала па ходніках у гарадзкі парк нават сталых гараджанаў. Спынілі 84-гадовага вэтэрана вайны, палкоўніка ў адстаўцы Паўла Грышына:

«Хацеў у парк прайсьці. А мне сказалі, што трэба ісьці праз вуліцу Білецкага. А я інвалід, з кіёчкам — куды мне ісьці так далёка? Кажуць, што тут трэніроўкі ў гонар 3 ліпеня. І мяне як удзельніка вайны не пусьцілі. Гэта якаясьці ў нас паліцэйская дзяржава».

Гучнымі воплескамі ўдзельнікі «маўклівай рэвалюцыі» сустракалі праезд міліцэйскіх машынаў, «хуткай дапамогі» і апэратараў у цывільным, якія здымалі прысутных на відэа.

Камічны момант быў, калі на балькон жылога дома выйшаў барадаты дзядзька. Улавіўшы настрой грамады, ён па-правадырску памахаў прысутным рукой. І ўсе адразу згадалі кубінскага камандантэ: «Фідэль Кастра!».

З другога боку драмтэатру ладзілася дзіцяча-бээрэсэмаўская выстава вайсковых экспанатаў, акварэляў і малюнкаў на ходніках. Пасярэдзіне стаяла палутарка з прычэпленай гарматай. Тут былі заўважаны гарадзкія ідэолягі, міліцэйскія начальнікі і спэцназаўскія бамбізы.

Імпрэза Белтэлекаму.

Мазыр


Сёньня з 18 да 20 гадзінаў на галоўнай плошчы Мазыра ўлады зладзілі трэніроўку да 3 ліпеня. Вывелі навучэнцаў, студэнтаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, каб тыя вучыліся крочыць калёнамі.

«Маўклівая» моладзь — а іх было звыш паўсотні — купкамі стаяла ля помніка правадыру сусьветнай рэвалюцыі Леніну-Ульянаву. Міліцыя не дазваляла моладзёнам сядзець на пастамэнце правадыра. Людзі ў цывільным вялі відэаздымкі.

Частка моладзі назірала за плошчай з вуліцы. А палове на дваццатую гадзіну на плошчы раздаліся воплескі. Трэніроўка спынілася — усе прысутныя павярнуліся на дружны пошчак воплескаў.

Прысутны на плошчы праваабаронца Уладзімер Целяпун сьцьвярджае:

«Лепшай рэклямы „маўклівай“ акцыі й нельга было прыдумаць».

Прыгнаны да плошчы міліцэйскі аўтазак гэтым разам ад’ехаў пустым«.

Калінкавічы


У Калінкавічах на цэнтральную плошчу а 19 гадзіне выйшлі прыкладна паўтара дзясятка чалавек — найбольш моладзі. Былі і старэйшыя мінакі.

Грамадзкая актывістка Людміла Краснасельская паведаміла, што да іх падыходзіў начальнік мясцовай міліцыі, ветліва пытаўся, чаго сабраліся.

«Я адказала, што ў мяне тут прызначана спатканьне».

Траіх маладзёнаў міліцыя павяла ў пастарунак.

Рэчыца


У Рэчыцы плошча Леніна была ачэплена міліцыяй і людзьмі ў цывільным. На змайстраваным да колішніх Дажынак летніку ўстанавілі відэакамэры. Усіх, хто выходзіў на плошчу, міліцыянты перапісвалі.

Жыхар Рэчыцы Леанід Невар апавёў, што са сваім знаёмым, які гасьцяваў у горадзе, яны накіраваліся да Дняпра. Дарогу ім перапыніў адзін з намесьнікаў начальніка РАУСу, перапісаў прозьвішчы і запатрабаваў ісьці зь ім на гутарку ў аддзел.

Невар: «Мы адказалі, што гутарыце з намі тут — навошта куды ісьці? А ў аддзел — дасылайце позву».

Замначальніка нечакана «раскрыў» таямніцу нечуванай пільнасьці. Маўляў, незнаёмыя ў масках пакрыўдзілі бабулю, і ён шукае на плошчы сьведкаў інцыдэнту.

Калі ў нейкі час на плошчу выехала моладзь на роліках і велясыпэдах, міліцыянты іх перастрэлі і завярнулі назад.

ВІЦЕБШЧЫНА


На затрыманых у Воршы міліцыянты склалі пратакол

На «Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку» ў Віцебску сабралася каля 350 чалавек.

Гэтую лічбу агучыў падпалкоўнік Андрэй Іваноў, супрацоўнік Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі. Праўда, падчас акцыі спадар Іваноў займаўся ня звыклай міліцэйскай працай, а хадзіў зь мікрафонам у суправаджэньні відэаапэратара — пытаўся ў віцебскіх мінакоў, на каторую акцыю яны прыйшлі. Бо а 20-й гадзіне на плошчы Перамогі мелася праходзіць прызначаная ўладамі дыскатэка, але яе сарваў дождж.

Міліцэйскае інтэрвію

Залева пачалася амаль адначасова з «Рэвалюцыяй праз сацыяльную сетку», і ўдзельнікі, якіх міліцыянты гналі з плошчы Перамогі, пасталі некалькімі грамадкамі на прыступках падземнага пераходу. Там дужа сьлізка, але начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Іваноў заявіў, што ўсё пад кантролем і нічога страшнага ні з кім ня здарыцца.

Залева загнала людзей у пераход.
У пераходзе ўдзельнікі акцыі стаялі побач з актывістамі БРСМу, якія рыхтавалі перад пачаткам дыскатэкі нейкую ваенізаваную пастаноўку — мінакі палохаліся муляжоў зброі ў хлопцаў спартовага выгляду.
Барыс Хамайда і «ўзброеныя» БРСМаўцы.

Другая вялікая група людзей стаяла на краі плошчы Перамогі каля адзінага тут жылога дзевяціпавярховіка з крамамі ўнізе. Тут жа стаяла міліцэйскае і гарадзкое начальства, некалькі дзясяткаў людзей у цывільным з рацыямі. Мокнуць на дажджы давялося толькі спэцназаўцам, якія ахоўвалі пустую плошчу.

Калі ў 19:30 людзі пачалі разыходзіцца, міліцыянты пачалі спраўджваць дакумэнты ў асобных маладзёнаў. Паводле непацьверджаных зьвестак, міліцыянты затрымалі былога віцебскага прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Правальскага.

Двух удзельнікаў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» затрымалі ў Воршы. Актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўгена Анішчанку і ягонага сябра з чатырохгадовай дачкой супрацоўнікі ДАІ абвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху — нібыта яны на аўто ад’яжджалі ад плошчы Леніна, не прышпіліўшыся. Склаўшы пратакол, іх адпусьцілі, кажа спадар Анішчанка:

«Уся аршанская дзяржаўтаінспэкцыя была: стаялі вакол плошчы, сачылі за мерапрыемствам. А калі скончылася і тыя, хто на аўтамабілях, пачалі разьяжджацца, пачалі спыняць машыны і штрафаваць — у каго, прыкладам, аптэчка пратэрмінаваная… Напрыканцы ўсе дружна папляскалі ў ладкі і разышліся».

У Воршы на акцыю на плошчы Леніна сабралася 45 чалавек.

У Полацку на плошчы Свабоды, які і ў мінулую сераду, была арганізавана трэніроўка спартоўцаў-картынгістаў, распавяла ўдзельніца акцыі спадарыня Ірына:

«Зладзілі трэніроўку картынгістаў, і яны так раўлі на ўсю плошчу. Езьдзілі як шалёныя і раўлі так, што закладала вушы. Прайсьці на плошчу было немагчыма, і людзі стаялі па пэрымэтры. Было нас больш за 100 чалавек».

Акцыі з рознай колькасьцю ўдзельнікаў прайшлі і ў некаторых райцэнтрах Віцебшчыны.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Магілёве й Бабруйску прайшлі маўклівыя акцыі пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». У іх узялі ўдзел больш за семсот чалавек.

Разам з акцыямі пратэсту праходзілі й мерапрыемствы, арганізаваныя ўладамі.

А 19 гадзіне на магілёўскай плошчы Леніна ў традыцыйны час збору ўдзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту пачалося БРСМаўскае мерапрыемства «Дарогамі вайны». Плошчу не ачапілі міліцэйскім спэцназам, як гэта было ў мінулыя дзьве серады. Тым ня менш міліцыянты на плошчы былі. Першымі на яе прыйшлі маладзёны ў саколках з надпісам «БРСМ» і афіцыйнай сымболікай. Акцыю пільнавалі чыноўнікі й міліцэйскае начальства.

Насупраць плошчы ў сквэрыку сабраліся каля чатырох сотняў удзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту. Кіроўцы віталі іх працяглымі сыгналамі клаксонаў. Сквэр адказваў ім апладысмэнтамі. Супрацоўнікі ДАІ фіксавалі ў сваіх нататніках нумары салідарных аўтамабілістаў. Час ад часу сквэр выбухаў авацыямі. Некаторыя гулялі ў шахматы. Бальшыня ж сачыла за тым, што адбывалася на плошчы.

А там праходзіў мітынг БРСМ. Доўжыўся ён каля паўгадзіны. Ім адзначылі вызваленьне Магілёўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па заканчэньні пад гукі патрыятычных савецкіх песень яго ўдзельнікаў адправілі «Дарогамі вайны». Сквэр на гэта выбухнуў воплескамі й сьмехам.

Прайшла маўклівая акцыя пратэсту і ў Бабруйску. На яе прыйшлі каля трохсот чалавек. На плошчы Леніна ўлады арганізавалі канцэрт аркестру народных інструмэнтаў. Паводле бабруйскай журналісткі Алесі Скапінцавай, да ўдзельнікаў акцыі пратэсту выйшаў старшыня гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў:

«Зь ім быў таксама галоўны ідэоляг гораду і традыцыйна таямнічы чалавек з камэрай. Людзі адразу пачалі пляскаць у ладкі, пачалі размаўляць зь ім, абмяркоўваць усе свае праблемы. Фактычна ён ператварыў акцыю ў грамадзкую прыёмную на вуліцы».

І ў Магілёве, і ў Бабруйску акцыі пратэсту прайшлі без затрыманьняў, але пад пільным кантролем міліцыі.

БРСМ зьбіраецца мітынгаваць.
Сквэр насупраць плошчы. Зьбіраюцца ўдзельнікі маўклівай акцыі пратэсту.
Удзельнікі акцыі пратэсту з усьмешкай назіралі за БРСМаўскай акцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG