Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Сікорскі: "Лукашэнка мусіць выбраць дарогу: да дэмакратыі або ў Гаагу"


Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу на сустрэчы ў Люксэмбургу пашырылі абсяг санкцыяў супраць Беларусі, замарозіўшы актывы трох кампаніяў, якія зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам.

Гэтае рашэньне прынятае з мэтай узмацненьня фінансавага ціску на беларускія ўлады, каб вымусіць іх спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі. Вырашана таксама дадаць у «чорны сьпіс» 188-мі невыязных беларускіх службоўцаў яшчэ некалькі бізнэсоўцаў.

Такім чынам эўрапейскія санкцыі ўпершыню закрануць бізнэсовы сэктар: пад іх дзеяньне падпадае Лукашэнкаў эканамічны дараднік Уладзімер Пефціеў і тры ягоныя фірмы, якія зьвязаныя з гандлем зброяй (Белтэхэкспарт), інвэстыцыйным бізнэсам («БТ Тэлекамунікацыі») і лятарэйным бізнэсам (Спорт-Пары). Прозьвішчы трох бізнэсоўцаў, якія таксама падпалі пад візавую забарону Эўразьвязу, будуць пададзеныя да агульнага ведама неўзабаве.

У рэзалюцыі міністраў замежных справаў Эўразьвязу гаворыцца, што гандлёвае эмбарга супраць Беларусі накладаецца «на зброю і на матэрыялы, якія могуць быць скарыстаныя для ўнутраных рэпрэсій».

Міністры таксама пацьвердзілі сваю ранейшую пазыцыю, што Эўрапейскі інвэстыцыйны банк зможа працягваць сваю дзейнасьць у Беларусі толькі пасьля станоўчага заключэньня Брусэлю наконт сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Адначасова рэзалюцыя падкрэсьлівае, што будзе працягвацца донарская дапамога Эўразьвязу для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Рэзалюцыя таксама прапануе беларускім уладам пачаць канструктыўны дыялёг наконт спрашчэньня візавага рэжыму для некаторых катэгорый грамадзянаў і наконт рэадмісіі.

Рэзалюцыя асуджае судовыя справы па закрыцьці «Нашай Нівы» і «Народнай Волі» ды працэс над журналістам Андрэем Пачобутам.

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў у твітэры: «Мы ўхвалілі эмбарга на гандаль зброяй і замарозілі актывы фірмаў, якія фінансуюць Лукашэнку. Ён мусіць выбраць дарогу: да дэмакратыі або ў Гаагу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG