Маё меркаваньне такое: кожнаму чытачу хоць раз на год павінна прыдарыцца сытуацыя, у якой ён прачытае нешта дзеля прыемнасьці, а не выключна дзеля неабходнасьці. На лета, традыцыйны час адпачынку ад неабходнага ў жыцьці, я наважыўся прапанаваць якраз некалькі такіх прыемных чытаньняў. Гарантаваць усім стопудовую прыемнасьць я тут не зьбіраюся, але скажу, што я асабіста прачытаў гэтыя рэчы бяз дай прычыны і неабходнай патрэбы. А потым яшчэ, нікім не прымушваны, некаторыя з гэтых рэчаў пераклаў.
На гэтую рэч можна глянуць як на чэскі адказ Марсэлю Прусту і Джэймсу Джойсу. Невялікая памерам навэла Грабала зьявілася ў 1964 годзе і, як той казаў, адразу палюбілася чытачу. У самой Чэхіі яе да гэтай пары выпусьцілі агульным накладам паўмільёна асобнікаў. Навэлу складае па сутнасьці адзін гіганцкі сказ-маналёг галоўнага героя, што, безумоўна, родніць яе з апошнім разьдзелам «Уліса». Зьместам гэтага сказу-маналёгу зьяўляецца экстатычнае ўсхваленьне страчанага назаўсёды сьвету і часу Аўстра-Вугоршчыны, у чым можна знайсьці несумненныя паралелі з «Пошукамі страчанага часу», якія распавядаюць пра тую самую гістарычную эпоху, хоць і ў іншым месцы ды зь іншымі героямі. У адрозьненьне ад згаданых рэчаў Джойса і Пруста, навэлу Грабала можна прачытаць за адзін вечар, нават летні. І можна пры гэтым захаваць поўную духоўную і інтэлектуальную раўнавагу.
Беларускі пераклад тут.
Самы вядомы твор аднаго з найвялікшых нарвэскіх пісьменьнікаў. Як для мяне, дык Тар’ей Вэсас цікавейшы нават за Кнута Гамсуна. У гэтым кароткім рамане, які выйшаў у 1963 годзе, Вэсас піша пра адвечнае змаганьне жыцьця са сьмерцю і пра сэнс гэтага змаганьня. Змаганьне і яго сэнс чытач сузірае вачыма дванаццацігадовай дзяўчынкі, у жыцьці якой запальваецца магутнае пачуцьцё сяброўства і духоўнага паразуменьня з аднагодкай. Але гэтая другая дзяўчынка нечакана і невытлумачальна зьнікае, замураваная загалоўным «лядовым палацам». Дзеля чаго варта жыць? Чым ёсьць сьмерць? Ці чалавек прысуджаны на самоту? Процьма пісьменьнікаў ставіла падобныя пытаньні і спрабавала на іх адказваць. Мала хто адказаў так шчымліва і запамінальна, як Вэсас у «Лядовым палацы».
Беларускі пераклад тут.
Пачатак 1960-х, цёплае лета, невялічкае курортнае мястэчка над разьлеглым возерам у Альпах на француска-швайцарскім памежжы. У адным з гатэляў гэтага курорту пражывае нехта Віктор, які называе сябе графам. Францыя вядзе вайну ў Альжыры, і Віктор, як здаецца, зьехаў у гэтую мясьціну з Парыжу, ня хочучы, каб яго ўзялі ў армію і паслалі на вайну. У мястэчку Віктор знаёміцца з таямнічай Івонай, акторкай-пачаткоўкай, якая марыць аб кар’еры кіназоркі. Нараджаецца каханьне, маладая пара пасяляецца разам у гатэлі ды разьяжджае па розных вечарынках і рэстаранах і ўдзельнічае ў мішурным сьвецкім жыцьці правінцыйнага курорту. Іх суправаджае Рэнэ, старэйшы на дзясатак гадоў знаёмец Івоны, пэрсанаж ня менш таямнічы за самую дзяўчыну. Мары аб супольным выезьдзе у Амэрыку разбураюцца, калі Івона пакідае Віктора, зьяжджаючы з курорту разам з колішнім лыжным чэмпіёнам і мясцовым плэйбоем-перастаркам. Гэты гламурна-банальны сюжэт – толькі зачэпка для Мадыяно, каб снаваць вытанчаны і настальгічны аповед аб няўмольным прамінаньні і забыцьці ды немагчымасьці затрымаць час і дазнацца поўнай праўды аб сваім мінулым. Мадыяно – адзін з тых пісьменьнікаў, які ўсё жыцьцё піша адну кнігу ў розных варыянтах. За апошнія дзесяць гадоў мне ўдалося набыць пад дваццаць варыянтаў гэтай ягонай кнігі. Чытаю іх наогул летам.
Беларускі пераклад тут.
За што даюць Нобэлеўскую прэмію па літаратуры? Адказам можа быць раман “Пустэльня” Жана-Мары Гюстава Лё Клезіё, які атрымаў гэтую прэмію ў 2008 годзе. “Пустэльня” выйшла ў 1980 і сталася першым вялікім посьпехам гэтага пісьменьніка сярод чытацкай публікі. Гэта – гіпнатычная аповесьць пра пустынных Сініх Людзей з поўдня, якія вядуць бясконцую, безнадзейную і безназоўную вайну супраць людзей з поўначы, недзе ў Маракэшы, ля падножжа Атласкіх гор. І аповесьць пра маладую Лалу, сапраўднае дзіця гэтых Сініх Людзей, якая пакідае сваю родную і любімую пустыню, каб апынуцца ў іншай, няроднай і нелюбімай. Ролю гэтай іншай пустыні, у якой няма сапраўднага жыцьця, у Лё Клезіё выконвае францускі горад Марсэль. Можна і трэба прапусьціць міма вушэй і вачэй маралізатарства Лё Клезіё наконт перавагаў “свабоднага” бэдуінскага ладу жыцьця над “несвабодным” эўрапейскім, але нельга прайсьці без увагі каля ягонага магутнага палотнішча пустыні. “Пустэльня” – гэта сучасная казка пра нешта архетыпнае ды звыш- і пазачасавае. Гэта Літаратура зь вялікай літары.
Расейскі пераклад магчыма знайсьці ў сеціве.
Пра Лорэнса Норфалка я ўжо згадваў на нашым сайце, рэкамэндуючы ягоны другі па чарзе раман, “Папскі насарог” (1996). Сёньня хачу парэкамэндаваць ягоны шалёны дэбют з 1991 году, раман “Слоўнік Лямпрыера”. Джон Лямпрыер (1765-1824) – гістарычны пэрсанаж, ангельскі знаўца антычнай філялёгіі, аўтар вядомага ў свой час слоўніка ўласных імёнаў, якія сустракаюцца ў старажытных грэцкіх і рымскіх аўтараў (выйшаў у 1788). Норфалк заблытаў малацікавую па сваёй натуры працу рэальнага кнігаеда з канца XVIII стагодзьдзя ў неверагодна экстравагантную, змрочна-крывавую, складаную звыш усялякага ўяўленьня ды, што скрываць, выдуманую ад пачатку да канца інтрыгу і авантуру, у якой ключавыя ролі адведзеныя, між іншым, спадкаемцам казачнай фартуны Брытанскай Усходне-Індыйскай кампаніі (заснаванай у 1600 годзе), гугеноцкім абаронцам Ля Рашэлі ў 1627-28 гг. і іх здраднікам ды сакрэтнай хеўры валадароў сьвету пад назвай Кабала, якая атабарылася ў падзямельлях Лёндану і, як здаецца, адкрыла таямніцу несьмяротнасьці або нешта блізкае да гэтага... Кніжку нельга прачытаць за адзін ці два вечары, але аднаго дажджлівага летняга тыдня павінна хапіць, каб яе адолець. І каб потым вяртацца да яе зноў і зноў...

1. Багуміл Грабал, «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных».

2. Тар’ей Вэсас, «Лядовы палац».
Самы вядомы твор аднаго з найвялікшых нарвэскіх пісьменьнікаў. Як для мяне, дык Тар’ей Вэсас цікавейшы нават за Кнута Гамсуна. У гэтым кароткім рамане, які выйшаў у 1963 годзе, Вэсас піша пра адвечнае змаганьне жыцьця са сьмерцю і пра сэнс гэтага змаганьня. Змаганьне і яго сэнс чытач сузірае вачыма дванаццацігадовай дзяўчынкі, у жыцьці якой запальваецца магутнае пачуцьцё сяброўства і духоўнага паразуменьня з аднагодкай. Але гэтая другая дзяўчынка нечакана і невытлумачальна зьнікае, замураваная загалоўным «лядовым палацам». Дзеля чаго варта жыць? Чым ёсьць сьмерць? Ці чалавек прысуджаны на самоту? Процьма пісьменьнікаў ставіла падобныя пытаньні і спрабавала на іх адказваць. Мала хто адказаў так шчымліва і запамінальна, як Вэсас у «Лядовым палацы».
Беларускі пераклад тут.
3. Патрык Мадыяно, «Віла Журба».
Пачатак 1960-х, цёплае лета, невялічкае курортнае мястэчка над разьлеглым возерам у Альпах на француска-швайцарскім памежжы. У адным з гатэляў гэтага курорту пражывае нехта Віктор, які называе сябе графам. Францыя вядзе вайну ў Альжыры, і Віктор, як здаецца, зьехаў у гэтую мясьціну з Парыжу, ня хочучы, каб яго ўзялі ў армію і паслалі на вайну. У мястэчку Віктор знаёміцца з таямнічай Івонай, акторкай-пачаткоўкай, якая марыць аб кар’еры кіназоркі. Нараджаецца каханьне, маладая пара пасяляецца разам у гатэлі ды разьяжджае па розных вечарынках і рэстаранах і ўдзельнічае ў мішурным сьвецкім жыцьці правінцыйнага курорту. Іх суправаджае Рэнэ, старэйшы на дзясатак гадоў знаёмец Івоны, пэрсанаж ня менш таямнічы за самую дзяўчыну. Мары аб супольным выезьдзе у Амэрыку разбураюцца, калі Івона пакідае Віктора, зьяжджаючы з курорту разам з колішнім лыжным чэмпіёнам і мясцовым плэйбоем-перастаркам. Гэты гламурна-банальны сюжэт – толькі зачэпка для Мадыяно, каб снаваць вытанчаны і настальгічны аповед аб няўмольным прамінаньні і забыцьці ды немагчымасьці затрымаць час і дазнацца поўнай праўды аб сваім мінулым. Мадыяно – адзін з тых пісьменьнікаў, які ўсё жыцьцё піша адну кнігу ў розных варыянтах. За апошнія дзесяць гадоў мне ўдалося набыць пад дваццаць варыянтаў гэтай ягонай кнігі. Чытаю іх наогул летам.
Беларускі пераклад тут.
4. Жан-Мары Гюстаў Лё Клезіё, «Пустэльня».
За што даюць Нобэлеўскую прэмію па літаратуры? Адказам можа быць раман “Пустэльня” Жана-Мары Гюстава Лё Клезіё, які атрымаў гэтую прэмію ў 2008 годзе. “Пустэльня” выйшла ў 1980 і сталася першым вялікім посьпехам гэтага пісьменьніка сярод чытацкай публікі. Гэта – гіпнатычная аповесьць пра пустынных Сініх Людзей з поўдня, якія вядуць бясконцую, безнадзейную і безназоўную вайну супраць людзей з поўначы, недзе ў Маракэшы, ля падножжа Атласкіх гор. І аповесьць пра маладую Лалу, сапраўднае дзіця гэтых Сініх Людзей, якая пакідае сваю родную і любімую пустыню, каб апынуцца ў іншай, няроднай і нелюбімай. Ролю гэтай іншай пустыні, у якой няма сапраўднага жыцьця, у Лё Клезіё выконвае францускі горад Марсэль. Можна і трэба прапусьціць міма вушэй і вачэй маралізатарства Лё Клезіё наконт перавагаў “свабоднага” бэдуінскага ладу жыцьця над “несвабодным” эўрапейскім, але нельга прайсьці без увагі каля ягонага магутнага палотнішча пустыні. “Пустэльня” – гэта сучасная казка пра нешта архетыпнае ды звыш- і пазачасавае. Гэта Літаратура зь вялікай літары.
Расейскі пераклад магчыма знайсьці ў сеціве.
5. Лорэнс Норфалк, «Слоўнік Лямпрыера».