Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася рэканструкцыя сядзібы Агінскага


У Залесьсі на Смаргоншчыне пачалася рэстаўрацыя маёнтку дыплямата, паўстанца, кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Па пэрымэтры палацавага комплексу паставілі драўляны плот, прыгналі вагончыкі для рабочых, на тэрыторыю завезьлі бэтонныя блёкі ды іншы будаўнічы матэрыял.

Паводле праектнай дакумэнтацыі, працы на гістарычным аб’екце мяркуецца скончыць за паўтара года. Навуковы кіраўнік праекту рэканструкцыі сядзібы сям’і Агінскіх у Залесьсі, архітэктар Людміла Іванова, перакананая: пры адпаведным падыходзе і стабільным фінансаваньні ўкласьціся ў адведзены час рэальна:

— Так, вы ведаеце, вельмі прыемна, таму што, можна сказаць, я гэтага ўсё жыцьцё чакала. Вось нарэшце гэта зьдзейсьнілася. І дай Бог, каб было скончанае.

— Вельмі аптымістычныя тэрміны канца рэстаўрацыі — канец 2012 году. Па аб’ёме працаў неяк не адразу і верыцца…

— Насамрэч так, вельмі аптымістычныя тэрміны. Але, шчыра кажучы, не такі ўжо там і вялікі аб’ём працаў. Калі параўнаць, да прыкладу, з Купалаўскім тэатрам, на які далі менш за два гады, дык, я думаю, Залесьсе там і блізка не стаяла. Там па гэтых тэрмінах можна ўвогуле ўсё зрабіць за тры месяцы.

— Мабыць, не зусім удалы прамежак часу з гледзішча фінансаў. Плянавалася адна сума, якая пераўтварылася ў нашмат меншую…

— На жаль, гэта так, і менавіта гэтая акалічнасьць можа, вядома, падоўжыць тэрмін. Але тут, разумееце, ніхто не застрахаваны ад падобных абставінаў, бо невядома, што і як будзе далей. Але ў дадзеным выпадку, на шчасьце, асабліва нічога імпартнага ў складзе будаўнічых кампанэнтаў няма, таму спадзяюся, што ўсё абыдзецца.

Міхал Клеафас Агінскі жыў і працаваў у Залесьсі цягам 1802–1822 гадоў. Менавіта тут, як сьцьвярджаюць дасьледчыкі, зьявіўся на сьвет палянэз ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»).

Але пасьля 1939 году, калі Заходняя Беларусь была ўключана ў склад БССР, маёмасьць гаспадароў нацыяналізавалі. У наступныя гады ў разрабаваным палацы разьмяшчаліся стайня, трактарны стан, дом састарэлых.

Экскурсавод, даглядчык тэрыторыі парку і сядзібы Сяргей Верамейчык згадвае, што ў найноўшай гісторыі гэта ўжо другая спроба распачаць рэстаўрацыйныя працы — першая з-за адсутнасьці фінансаваньня была згорнутая на пачатку 1990-х:

«Другая спроба аднавіць рэстаўрацыйныя працы — яна, канечне, пазытыўная. І тое, што будзе цяплярня, будуць кацельную будаваць, адкуль пойдзе цяпло ў будынкі — таксама важна. То бок плянуецца за гэты год зрабіць цяплярню, каб далей ужо можна было працаваць унутры сядзібы. Ну, а наконт усяго астатняга, як кажуць, трэба паглядзець. Самае галоўнае, што грошы пакуль пералічваюць, працы ідуць. Мяне як чалавека, які працаваў у рэстаўрацыі, болей клапоціць аўтэнтычная цэнтральная частка з калёнамі, якая зараз знаходзіцца ў дрэнным стане, пад накрыўкай. Вопыт падказвае, што трэба пачынаць рэстаўрацыю менавіта з гэтай часткі, бо яна можа папросту рухнуць. Але ў любым выпадку навіна пазытыўная, дай Бог, каб яна не аказалася толькі навіной, а каб пераўтваралася ў канкрэтыку».

Пачатак рэстаўрацыйных працаў супаў з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. Аднак, на перакананьне старшыні камісіі па справах ЮНЭСКО ў Беларусі, нараджэнца Смаргоншчыны Ўладзімера Шчаснага, ніякіх карэкцый у фінансаваньні не плянуецца, і да 2015 году, калі будзе адзначацца 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, сядзіба атрымае фактычна першапачатковы выгляд:

«Паводле існуючай канцэпцыі, гэта павінен быць культурна-турыстычны цэнтар. Скажам так: калі не прыбытковая, то гаспадарча-разьліковая ўстанова, якая будзе працаваць сама па сабе, не залежачы ні ад якіх крызісаў ці зьмены ўласьніка. І я думаю, што гэта будзе, бо тут што важна — перадусім тое, што гэта будуць не пустыя сьцены. Архіў вернуты, матэрыялы зьбіраюцца, так што, я думаю, тут вельмі добрыя пэрспэктывы. А калі яшчэ ў нас ёсьць нейкі часовы арыенцір — 250 гадоў ад нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе — то, перакананы, да гэтага часу ўсё зробіцца».

За сваю больш чым 200-гадовую гісторыю сядзіба захавала арыгінальны выгляд і, здавалася б, не вымагае такіх значных укладаньняў, як іншыя гістарычныя аб’екты. Праўда, архітэктар Людміла Іванова кажа, што гэта збольшага візуальны падман і нанава ўмацоўваць неабходна практычна ўсе канструкцыі. Улады спадзяюцца, што ў справе аднаўленьня маёнтку роду Агінскіх можна ўкласьціся ў 4 зь лішкам мільярды рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG