Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пытаньне ўжо ставіцца рубам»


Сёньня ў Варшаве прэзыдэнты ЗША і Польшчы Барак Абама і Браніслаў Камароўскі абмеркавалі стан дэмакратыі ў Беларусі. Прэзыдэнт Польшчы заявіў, што бакі маюць агульны погляд на будаўніцтва дэмакратыі, у тым ліку і ў Беларусі, дзе мае месца «трагічны крызіс дэмакратычных працэсаў». Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што «ў Беларусі мае месца рэгрэс». Ён выказаўся ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці і рэфарматарскіх тэндэнцый, каб «рэпрэсіі ў Белаурсі ня мелі нэгатыўнага ўплыву на бясьпеку ва ўсім рэгіёне». Як камэнтуюць гэта ў Менску і ў Варшаве?

Войцех Бародзіч-Смаліньскі
Сябра праўленьня фундацыі «Цэнтар міжнародных стасункаў» Войцех Бародзіч-Смаліньскі адзначае, што ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, дадзеныя прэзыдэнтамі Польшчы і ЗША, адпавядаюць таму, што адбываецца ў Беларусі.

«Усе ведаюць, што трэба штосьці зрабіць, каб паказаць, што Эўропа і ЗША не пакінулі Беларусь сам на сам. Што яны неяк сочаць за Беларусьсю і чакаюць, калі Беларусь зможа і захоча неяк зьмяніцца. І, канечне, усе бакі — і ЗША, і Эўропа — хочуць у гэтай зьмене дапамагаць».

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў з заявай, у якой казаў пра новыя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Ці азначаюць цяперашнія заявы, што Варшава таксама можа падтрымаць такі падыход?

«Тое, ці будзе Польшча ўводзіць такія санкцыі, залежыць ад стаўленьня Эўразьвязу. Бо калі казаць пра розныя эканамічныя санкцыі, то лепш уводзіць такія санкцыі ўсёй арганізацыяй. У ЭЗ цяпер таксама ідзе дыскусія, якія санкцыі і ў якой сфэры ўвесьці».

Паводле спадара Бародзіча-Смаліньскага, Польшча ад 1 ліпеня пачынае старшыняваць у Эўразьвязе і хоча, каб яно пакінула «сур’ёзныя наступствы ў ЭЗ, у тым ліку ў стварэньні пэўных інструмэнтаў падтрымкі дэмакратыі ў розных рэгіёнах сьвету».

Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што Беларусь застаецца на міжнародным парадку дня, і гэта важна для пэрспэктывы Беларусі як незалежнай, дэмакратычнай краіны.

«Зыходзячы з таго, што адбывалася ў Варшаве, ёсьць упэўненасьць, што беларускае пытаньне будзе адным з найважнейшых для Польшчы, якая будзе старшыняваць у ЭЗ. Гэта сьведчыць, што гэта было не дзеля словаў сказана, што гэта можа быць насычана канкрэтным плянам дзеяньняў. І ўсе прыхільнікі пераменаў павінны гэта вітаць. І гэта вельмі важна — каардынаваць сёньня дзеяньні, пазыцыю і ў рамках ЭЗ і, натуральна, паміж ЭЗ і ЗША. І далучэньне да гэтага амэрыканцаў робіць такую больш камфортную сытуацыю ўнутры ЭЗ. Бо гэта можна выкарыстоўваць як пазытыўны ўплыў на тыя краіны, якія яшчэ сумняваюцца, што адносна Беларусі патрэбны нейкі канкрэтны плян дзеяньняў».

Вінцук Вячорка
Палітык Вінцук Вячорка называе пазытыўным тое, што беларуская праблема абмяркоўваецца на амэрыканска-эўрапейскіх сустрэчах. Ён адзначае, што пазыцыя ЗША адносна Беларусі апошнімі гадамі была больш пасьлядоўнай і заснаванай на каштоўнасьцях, параўнальна з эўрапейскай:

«Быў пэўны пэрыяд старты цікавасьці ня толькі да Беларусі, але наогул да нашага рэгіёну Эўропы ў амэрыканскай адміністрацыі. І будзем спадзявацца, што гэты перакос выпраўляецца. Ну і, безумоўна, значна больш карысьці ў выпрацаваньні агульных падыходаў паміж амэрыканцамі і эўрапейцамі стасоўна Беларусі, а не паміж ЗША і Расеяй, якія ўсё ж належаць да розных каштоўнасных палёў.»

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч адзначае, што словаў адносна Беларусі так многа сказана, што цяжка пералічыць:

«І Эўрапарлямэнт, і сэйм Польшчы, і сэйм Літвы — усе асуджаюць, усе спачуваюць нам і гэтак далей. Але, фактычна, дзеяньняў няма. Я спадзяюся, што будуць дзеяньні. Пакуль што я іх ня бачу. Калі гэта будзе штуршком для амэрыканскіх санкцый, то цудоўна».

Паводле шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятланы Калінкінай,
Сьвятлана Калінкіна
цяпер мы маем вялікі шанец, што паміж ЭЗ і ЗША будзе агульная дамоўленасьць па беларускім пытаньні.

«Пытаньне зараз ставіцца вельмі сур’ёзна. І Беларусь ня зможа больш гуляць на такіх супярэчлівых пазыцыях Захаду, Усходу, Эўропы, ЗША. Я думаю, пытаньне ўжо ставіцца рубам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG