Пажылы дзядзька на станцыі, пачуўшы маю беларускую мову, тут жа азваўся — а, да Пушкіна прыехаў!
Алесева дыхтоўная драўляная хата пад бел-чырвона-белым сьцягам бачна здалёк. Унізе радуе вока — ня бачна краю — водная роўнядзь. На двары процьма шпакоўняў, драўляныя скульптуры ды прывезены аднекуль вялізарны валун габра — самага трывалага каменю, прынесенага яшчэ ледавіком. Ля дзьвярэй мяне сустракае гаспадар. Ён прыязна ўсьміхаецца. Але наша размова не зь вясёлых.
Карэспандэнт: «Пасьля таго, што адбылося з Баброўскай царквой, гэта быў у цябе самы сумны Вялікдзень?»
Пушкін: «Самы сумны за апошнія 15 год. Зараз на службу прыходзіць ад 10 да 15 чалавек, прыходзіла ж 4 дзясяткі. Сам пажар пачаўся ў 2 ночы, і згарэла наша царква, што стаяла 15 год. Маё ўсё згарэла — росьпісы, абразы. І згарэлі начыньне, жырандолі, адзеньне сьвятара. І што цікава, усьлед пачаліся пажары ў людзей. І я, падумаўшы, што апазыцыя павінна быць канструктыўнай, зрабіў праект. 25 сакавіка, на 93 угодкі БНР, выставіў эскізны праект рэканструкцыі і разьвіцьця нашага мястэчка да 2016 году, да яго 500-годзьдзя. Цэлы дзень я стаяў зь ім, абмяркоўваў зь людзьмі, потым урачыста занёс у сельсавет. Дзень вісеў над мальбэртам бел-чырвона-белы сьцяг. Канечне, спрабавала міліцыя адабраць. Потым жонка прынесла запасны…».
Так Пушкін сам перайшоў да аповеду пра памянёную добрую навіну. Я прашу яго распавесьці, што прадугледжваецца паводле ягонага праекту.
Пушкін: «Рэканструкцыя: сельсавету — ператварыць яго ў Ратушу, дзіцячую бібліятэку — у дзіцячы дом князёў Агінскіх. Забрукаваныя плошчы і пабудова знака — мажны бабёр з бабранятамі, як сымбаль сямейнасьці, традыцый. Потым пабудова каплічкі на месцы, дзе да 1944-га стаяў касьцёл Дзевы Марыі, рэканструкцыя Дома вэтэрынара, парку землякоў, што загінулі на розных войнах. Трэба, каб вакол была агароджа з барэльефамі, дзе б былі адлюстраваныя асноўныя гістарычныя вехі за 500 гадоў — і 1516, і 1762, і 1812, і 1918, калі Юрка Моніч быў з БНР, і 2010, калі было ўкладзена ва ўтварэньне аграгарадка „Кляновічы“ Пятром Пракаповічам і Нацбанкам 290 млрд. дзяржаўных грошай. Ну і, канечне, аднаўленьне згарэлай царквы Міколы Цудатворцы. Я як мастак магу ўзяцца за тыпавыя праекты расфарбоўкі, парканчыкі, рэканструяваў бы каплічку…».
Бабраўчане, хто думае, успрынялі ідэю Пушкіна, гледзячы па ўсім, станоўча. Кажа спадарыня Марыя Карпенка, касірка мясцовай філіі «Беларусбанку».
Карпенка: «Праект цікавы, спадабалася, што і гістарычныя асаблівасьці ўлічаныя, і сучасныя дэталёва прамаляваныя. Чалавек зрабіў такую велізарную працу! Я ня ведаю, адкуль мясцовая ўлада знойдзе грошы, але рэканструяваць Бобр трэба — зрабіць этнагарадок…».
Заходжу ў сельсавет, дзе сакратарка Валянціна Раздорскіх, пачуўшы пра мэту візыту, замахала рукамі.
Раздорскіх: «Адключыце, усе пытаньні да старшыні!».
У чаканьні старшыні Алесь распавядае пра рэакцыю на праект дэпутата Палаты прадстаўнікоў, камандзіра мясцовай вайсковай часткі Таргунскага — пра яе размова наперадзе.
Пушкін: «Што мне сказаў Таргунскі ўчора — Аляксандар Мікалаевіч, а што вы выступаеце з праектамі — вы што, хадзілі на выбары? Я буду слухаць таго, хто хадзіў, калі мяне выбіралі дэпутатам. «Вы хотели вовлечь меня в политику, это же на день БНР выставили, и в следующий раз не зовите меня на мероприятие с пленением Костюшки — я участвовать не буду…»
Праваабаронца з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка, які прыехаў са мной, завочна нагадвае «заканатворцу» палажэньне заканадаўства пра тое, што выбарнік можа зьвярнуцца пра патрэбе і да дэпутата іншай акругі, і ўжо зусім незалежна ад таго, галасаваў ён за амбітнага вайскоўца Таргунскага ці не. Дарэчы, старшыню сельсавету Казіміра Бучылку я пасьпеў злавіць, калі ён, відаць, папярэджаны пра прыезд карэспандэнта «Свабоды», шпарка ішоў да ўласнага аўто. Затое потым яно несупынна суправаджала нас у часе вандроўкі па Бабры. Пытаюся ў яго, што робіцца да 500-годзьдзя вёскі.
Бучылка: «Ёсьць генэральны плян разьвіцьця Бабра да 30 году — будзем прытрымлівацца…».
Карэспандэнт: «А ідэі Пушкіна ўпісваюцца?».
Бучылка: «Сама ідэя — утопія, у гэтай ідэі — цэнтар упрыгожыць, на астатняе не ўказана…».
Карэспандэнт: «А вы ж увесь Бобр не падымеце — на ніводных „Дажынках“ усё падняць не ўдалося…».
Далей спадар Бучылка па чыноўніцкай завядзёнцы пачаў рапартаваць — крыху пра недахопы, больш — пра дасягненьні.
Бучылка: «На дадзены момант водаправод на 45% праведзены, гарачай вады, газыфікацыі няма. 4 домікі рэканструяваныя двухпавярховыя — дахі, на вокны шклопакеты. Басэйн, трэнажэрная заля, більярд, тэніс, гандлёвы цэнтар з барам ды рэстарацыяй зробленыя, калі ўжо быў аграгарадок. Пабудаваны цэнтар па вытворчасьці малака на 1100 галоў, для дойнага статку на 1,5 тысячы. Заробак да паўтара мільёна. Каб траса з Захаду на Маскву праходзіла праз Бобр… Усё ўперлася ў вайсковую частку — на 36 км пусьцілі вакол…».
Апошняе пытаньне зусім не другараднае. На вайсковых складах, што побач з Бабром, кажуць, процьма трацілавых шашак, гранатамётаў, аўтаматаў, ракет. Так што, з улікам падзей на станцыі «Кастрычніцкая», ані спадар Бучылка, ані Алесь Пушкін, ані ўсе баброўцы ня могуць спаць спакойна…
* * *
Вандруем па амаль двухтысячным Бабры. На ўскраіне заўважаю бабулю ля плота ва ўсходне-пярэстым халаце, што ўглядаецца на нас. Знаёмлюся са спадарыняй Таісіяй Валодзькінай.
Карэспандэнт: «Выйшлі пагрэцца?».
Валодзькіна: «Не, пацікавіцца, якія ўсходы. Выграбала тут сьмецьце. Мне 84-ты, але гляджу і пляную, як нанава кветкі садзіць. Пэнсія 400 — мо ў горадзе б і не хапіла, а я, бачыце, якая ні ёсьць, ускапала — пасаджу бульбінку, бурачкі, гуркі, моркву, лучок — усё сваё!».
Раптам бяз роспыту спадарыня Таісія пачынае гаварыць пра погляды на сучаснае, успамінае мінулае. Колькі ж такіх аповедаў ад сельскіх пэнсіянэраў давялося пачуць!
Валодзькіна: «Наш Лукашэнка — я ж па радыё слухаю, газэты — усё б аддаў, каб нам добра жылося. Я за яго галасавала ў дзьве рукі, таму што для таго, хто прайшоў цяжкі шлях жыцьця, дык зараз рай. Як я жыла — адны ахвяры. Да вайны 6 клясаў скончыла. У калгасе працавалі за „палачкі“. У 13 год трэба было выпрацаваць 186 працадзён. Калі ня выпрацуеш — а па 60 сотак было на гарод — зямлю абразаюць пад вугал, памірай галоднай сьмерцю. А яшчэ трэба было аддаць 40 кг мяса з гаспадаркі, 180 літраў малака, як карова была. Калі якое яйка курыца зьнясе, трэба ў Халапнечы занесьці, прадаць — капейкі ж не плацілі за працадзень, працавалі, каб зямлю не абрэзалі…».
Алесь заводзіць мяне на вуліцу Барсукова. Я шакаваны — дарога ў глыбокіх ямінах наўперамен з высокімі барознамі. Тут ня тое што не праехаць — не прайсьці. Ля хаты стаіць гаспадыня Інга Кухлянкова.
Кухлянкова: «11 год жыву — ніхто не рэагуе на гэта бязладзьдзе…».
Пушкін: «Ні разу сама не зьвярталася ж — прыедзе дзядзечка і зробіць?».
Кухлянкова: «Таму што ведаю, што бессэнсоўна. Я працую страхавым агентам, і такой вуліцы, як тут, няма ў Бабры. Калі быў бруд, тут машыны грузьлі…».
Пушкін: «Перад выбарамі прасіў — чаму не заасфальтуеце вуліцу, чаму вечна няма грошай? І старшыня райвыканкаму Часнык напісаў, што да Купальля зробяць нам асфальт. Прынамсі, калі ня будзе зроблена, змагу сказаць, што ўлада хлусіць…».
Пасьля духмянай гарбаты, якую прыгатавала жонка Яніна, назіраем з Алесем цудоўныя водныя і лясныя краявіды ўнізе — яго хата на ўзгорку. Я ўзгадваю, што Пушкін вывучыў свой радавод аж да 5 калена. Міжволі пачынаем гутарку пра тое, што робіцца ў краіне.
Карэспандэнт: «Нядаўна зь Беларусі чарговым разам зьехаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Перад ад’ездам назваў Беларусь „краінай чорнай хмары“, і трэба, маўляў, у адной з краінаў плянэты рабіць шматлікую дыяспару і адтуль узьдзейнічаць на Лукашэнку. Беларусь хіба безнадзейная?».
Пушкін: «Гэта абсалютна глупы шлях! У нас богам дадзены кавалак зямлі. І тут на нашай добраўпарадкаванай, прыгажэннай зямлі з чыстымі рэкамі, крыніцамі паселяцца кітайцы, пакістанцы, разрыюць магілы нашых продкаў, панаробяць там прыбіральняў?! Нас не расстрэльваюць — толькі паскудзяць. Ну, кадэбісты, стукачы пасуць. Але гэта не 37 год — „чорны воран“ не прыехаў, ня зьнік я. Раблю выставу ў Горадні, выступаю перад студэнтамі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Адзінае, што вельмі балюча на душы, што сіла дзяржаўная ня хоча, каб Беларусь была беларускаю. Да Пушкіна прыяжджае міліцыя, яго арыштоўваюць кожныя выбары. А дырэктрыса школы не падышла, а абышла. Проста баяцца, бо мова мая і дзейнасьць зьвязаныя толькі з рэпрэсіямі ды беднасьцю. Прычым гэта робіцца дэманстратыўна — чым часьцей езьдзім да яго, тым менш будзе ў яго сяброў…».
Нядаўна нечакана ў Алеся зьявіўся добры знаёмца, што жыве непадалёк — 41-гадовы сьлесар Сяргей Болдыраў з Казахстана. У дарозе Алесь прэзэнтуе будучага суразмоўцу.
Пушкін: «Ён прыехаў сюды, каб купіць 2 дамы, прывезьці сына і жоначку — такая ў яго легенда. Чамусьці не прывозіць 2 гады. Ён нарадзіўся ў Казахстане, служыў у дэсантных войсках. Чалавек, які, каб атрымаць сіні пашпарт, будзе 7 год працаваць на фэрме…».
На ганку нас сустракае высокі каржакаваты мужчына з насьцярожанымі вачыма.
Болдыраў: «Прыехаў з Алма-Ацінскай вобласьці, назад вяртацца не хачу — ціха-спакойна, заробак не задавальняе — мільён 300–400 тысяч за сьлесара…».
Карэспандэнт: «А ў Казахстане што было?»
Болдыраў: «Я працаваў на сябе прадпрымальнікам, атрымліваў 1200 даляраў у месяц. Але нацыяналізм, жыць немагчыма. Навучаньне ўсё пераводзяць на казахскую мову, нашы, у каго бізнэс, едуць паціху. Пашпарт, грошы яшчэ знойдзем, дзе зарабіць — працы не баюся…». (Сьмяецца)
Пушкін: «Печку мне зрабіў, ваду правёў — цудоўна!».
Карэспандэнт: «Беларусь стала тваёй другой Радзімай?».
Болдыраў: «Пакуль яшчэ не, але да таго імкнуся…».
Падводзячы да прыпынку, Алесь задуменна кажа:
Пушкін: «Пасьля таго як згарэла царква, перада мной 3 шляхі: апусьціць рукі, запіць, паламаць пэндзлі і выкінуць палітру, папрасіць прытулку ў скандынаўскай краіне, абгрунтаваўшы, што не даюць працаваць, кожныя выбары садзяць, стукачы, карціны не магу выставіць, шпакоўні не магу выставіць — 25 базавых велічынь далі. І трэці шлях — далей працаваць, мне 45 год. Адраджаць царкву, гадаваць дзетак, будавацца, каб рэканструявалі цэнтар, заасфальтавалі вуліцу, і годна сустрэць 500-годзьдзе Бабра, напісаць вялікі твор па яго гісторыі —пражыць, колькі Бог адмераў. І ўваскрэсьне Хрыстос наш у Бабры!».