Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі



Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Крыніца, якая паведаміла гэтую інфармацыю Радыё Свабода, таксама паведаміла, што заўтра ён атрымае адпаведныя дакумэнты.

Алесь Міхалевіч зьяўляецца абвінавачаным па справе аб падзеях 19 сьнежня. 19 лютага яго выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Пасьля гэтага Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў перад тым як выйсьці з ізалятара на падпіску пра нявыезд.

Ноччу 14 сакавіка ў сваім блогу Міхалевіч аб'явіў, што знаходзіцца "не ў зоне дасягальнасьці беларускага КДБ".

Рух "За Свабоду" паведаміў, што яму ўдалося ноччу выехаць з краіны, дарога ў "надзейнае месца" заняла суткі. Сям'я засталася ў Менску. "Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, — гэта рэальная фізычная пагроза, — заявіў экс-кандыдат у прэзыдэнты. — Усе бачаць, што гэтыя людзі гатовы пайсьці на ўсё, у іх дзеяньнях няма законнасьці і адкрытасьці.

Пазьней міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг заявіў, што Міхалевіч папрасіў палітычнага прытулку ў Чэскай Рэспубліцы.

Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч не выключае, што беларускі бок у выпадку афіцыйнага пацьверджаньня факту знаходжаньня за мяжой экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча можа зьвярнуцца з запытам аб яго экстрадыцыі.

"Калі распачатая крымінальная справа, значыць, такі варыянт, хутчэй за ўсё напрошваецца", - адзначыў генпракурор, адказваючы на пытаньне агенцтва "Інтэрфакс-Захад".

Васілевіч нагадаў, што ён даў даручэньне сваім намесьнікам правесьці праверку па фактах, якія выкладзеныя ў заяве экс-кандыдата Міхалевіча аб катаваньнях у СІЗА КДБ.

"Па выніках праверкі мы будзем судзіць, ці былі там парушэньні", - сказаў генэральны пракурор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG