Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голас Міхалевіча пачулі. Хутка зьявіцца відэа


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, які пакінуў Беларусь бяз пашпарта, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыезьдзе, паведаміў, што рыхтуе відэазварот. У ім ён зьбіраецца распавесьці пра тое, як і дзе цяпер уладкаваны і якія мае пляны.

У ноч на 16 сакавіка Алесь Міхалевіч коратка размаўляў голасам праз скайп з намесьнікам старшыні руху "За свабоду" Юрасём Губарэвічам і даслаў свой аўдыёзварот.

"Я — Алесь Міхалевіч. Са мной усё добра. Я знаходжуся па-за межамі Беларусі. Ведаю, што ў ЖЖ на by_politics дый наогул у інтэрнэце шмат камэнтароў, што ніхто ня чуў мой голас апошнім часам. Сёньня я размаўляў зь Юрасём Губарэвічам, а цягам бліжэйшага тыдня я зьбіраюся зрабіць відэазварот".

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:22 0:00


Юрась Губарэвіч мяркуе, што галасавы выхад на сувязь Алеся Міхалевіча выкліканы распаўсюджваньнем чутак, што Алеся нібыта трымаюць у КДБ або што яго забілі.

Юрась Губарэвіч
"Гэтыя чуткі зьяўляліся шмат у якіх месцах, і ён вырашыў такім чынам адрэагаваць. Непасрэдна праз галасавое паведамленьне пацьвердзіць, што зь ім усё нармальна, што ён знаходзіцца ў бясьпечным месцы, што ён жывы. У мяне ніякіх пытаньняў не выклікае тое, што я размаўляў менавіта з Алесем Міхалевічам".

"Відэазварот Міхалевіча таксама будзе дасланы праз скайп?"

"Гэта не абмяркоўвалася. Аднак на сёньня ён сказаў, што ня мае тэхнічнай магчымасьці зрабіць такі зварот. Ён яго падрыхтуе цягам тыдня і ў ім больш падрабязна распавядзе пра тое, што зь ім зараз адбываецца, дзе ён знаходзіцца. Бо гэтае пытаньне было паднятае мной у размове, аднак ён не пажадаў казаць пра сваё месцазнаходжаньне. І такі зварот варта чакаць, напэўна, цягам бліжэйшага тыдня".

Алесь Міхалевіч таксама выйшаў на сувязь праз скайп з жонкай Міланай.

Мілана Міхалевіч
"Ён напісаў учора, што знаходзіцца ў бясьпецы, усё ў парадку і што праз пару дзён выйдзе на сувязь. Падрабязнасьці пра тое, дзе ён знаходзіцца, напісаў, што адмыслова ня будзе мне паведамляць. Відаць, пасьля таго, як прачытаў, што тут адбываецца, вырашыў, што нам спакайней будзе і далей ня ведаць, дзе канкрэтна ён зараз ёсьць".

Сястра Алеся Міхалевіча Алена распавяла, што яе выклікалі на размову з кіраўніцтвам КДБ увечары 15 сакавіка. Але яна адмовілася і запатрабавала афіцыйную позву. Сёньня ў першай палове дня такой позвы яшчэ не было. Зь якой нагоды ёю зацікавіўся КДБ? Алена сказала:
Мне абяцалі, што дастануць з-пад зямлі...

"Гэта зьвязана з тым, каб вярнуць брата ў краіну. Я думаю, што выкарыстоўваюць усе магчымасьці, каб сябе засьцерагчы ад небясьпекі, каб лічыць, што яны маюць рычагі ўзьдзеяньня. Учора да мяне прыехаў адзін супрацоўнік у раёне абеду. Зь ім была размова адносна месцазнаходжаньня, адносна таго, што Алеся не зьбіраліся ніяк перасьледаваць, не зьбіраліся мяняць яму меру стрыманьня. Абяцалі мне гарантыі таго, што калі ён вернецца, то ня будзе ніякіх судовых спраў. Пры гэтай размове мне намякнулі, што вы, маўляў, ня верыце ў гэтыя катаваньні, а калі верыце, то ў вас будзе магчымасьць пераканацца на сваім асабістым вопыце: катаваньняў у СІЗА КДБ няма. Пры асабістай размове было сказана, што абвесьцяць у вышук, што ў іх насамрэч зьяўляюцца матывы для крымінальнага перасьледу. Мне абяцалі, што дастануць з-пад зямлі. Няхай працуюць".

У КДБ пакуль не камэнтуюць уцёкі Алеся Міхалевіча. Прадстаўнік прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Канстанцін Шалкевіч сказаў:

"Афіцыйных матэрыялаў пра абвяшчэньне Міхалевіча ў вышук МУС ня мае. Пакуль што мне патлумачыць няма чаго па вашым пытаньні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG