Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ і КамАЗ аб’ядноўваюцца. Хто выйграе?


Менскі аўтамабільны завод.
Менскі аўтамабільны завод.
Кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін у часе ўчорашніх перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што практычна вырашанае пытаньне аб’яднаньня актываў Менскага аўтазаводу і расейскага КамАЗу, які месьціцца ў Татарстане. Экспэрты прыгадваюць, што яшчэ месяц таму кіраўнік Беларусі заяўляў, што ўсе размовы пра зьліцьцё двух прадпрыемстваў — інсынуацыя.

Камэнтаваць навіну пра меркаваны аўтаальянс на абодвух прадпрыемствах адмаўляюцца. Калі на МАЗе адразу адсылаюць ва ўрад — маўляў, такія пытаньні вырашаюцца зусім не кіраўніцтвам заводу, то ў Набярэжных Чаўнах кажуць, што пра нешта гаварыць пакуль заўчасна. Вось што сказалі ў прэсавай службе КамАЗа:

«Так, я зразумеў ваша пытаньне, але ніякіх заяваў мы пакуль ня робім і на гэты момант у нас камэнтароў няма. Трэба яшчэ пачакаць...».

Напярэдадні прэм’ер-міністар Расеі канстатаваў, што актывы найбуйнейшых вытворцаў вялікагрузных аўтамабіляў Беларусі і Расеі будуць аб’яднаныя. На якіх умовах — не ўдакладніў. Але месяц таму расейскі бок агучыў магчымы сцэнар падобнай інтэграцыі. Найбуйнейшы акцыянэр КамАЗу, карпарацыя «Ростехнологии», прапанавала такі варыянт: расейскае прадпрыемства стане 100-працэнтным уладальнікам Менскага аўтазаводу, а беларускія ўлады атрымаюць 25-працэнтны пакет акцый Камскага прадпрыемства.

Валянцін Лопан
Колішні дарадца генэральнага дырэктара МАЗа Валянцін Лопан перакананы: у любым выпадку размова ідзе пра спробу нэўтралізаваць канкурэнта. На яго думку, з кімсьці аб’ядноўвацца МАЗу ў цяперашняй сытуацыя немэтазгодна:

«Думаю, што „Даймлер“, іх акцыянэр, у перамовах зь іншымі акцыянэрамі пра далейшае набыцьцё пакетаў акцый, прыкладам, у „Тройкі-Дыялёг“ ці ў „Ростехнологий“, вядома, задае ім пытаньні: КамАЗ, вы ведаеце, што вашы акцыі будуць даражэйшыя, калі ня будзе МАЗа? Таму што гістарычна так склалася (а можа, гэта і заслуга МАЗа), што МАЗ стаіць упоперак дарогі заходнім вытворцам на гэтым рынку. Так, пазыцыі яго слабеюць, бо ён тэхналягічна крыху адстае, але яны з МАЗам больш-менш лічацца.

Калі ўзяць, прыкладам, той жа МАН, то ён добра ведае ўзровень МАЗа. Таму што было супрацоўніцтва разам, СП да гэтага часу існуе. Апроч таго, МАЗ — адзіны з вытворцаў на прасторах СНД, каму „Даймлер“ дазваляе ставіць свае маторы ў сэрыйныя машыны. А гэта таксама трэба заслужыць. То бок яны давяраюць тэхнічнаму ўзроўню мазаўскіх спэцыялістаў».

Аляксандар Бухвостаў
А вось Аляксандар Бухвостаў, які немалы час адпрацаваў у машынабудаўнічай галіне, лічыць, што падобным тандэмам прасьцей будзе змагацца на рынках, больш пасьпяховаю будзе канкурэнцыя з заходнімі вытворцамі:

«Калі я быў старшынёй прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня, я вельмі добра быў знаёмы з КамАЗам. І, як мне падаецца, гэта пытаньне выжываньня і КамАЗа, і МАЗа ў агульнай канкурэнцыі зь іншымі вытворцамі вялікагрузных аўтамабіляў і цягачоў.

Справа ня ў тым, што, прыкладам, КамАЗ ці МАЗ выціснуць адзін аднаго з рынку Расеі. Найперш, зараз у Расеі практычна ўсе транснацыянальныя карпарацыі будуюць заводы — тыя ж „Вольва“, „Мэрсэдэс“, МАН, іншыя. І яны ўсе шукаюць рынкі збыту. Пытаньне тут стаіць так: задушаць МАЗ і КамАЗ гэтыя кампаніі ці не? Як выжываць? Таму я зыходжу з чыста прагматычнага гледзішча, а не з таго, што КамАЗ зьнішчыць МАЗ ці наадварот. Мяркую, што канкурэнцыя МАЗа і КамАЗа завершыцца аб’яднаньнем. І такім чынам яны супрацьпаставяць сябе транснацыянальным карпарацыям, якія зараз захопліваюць рынак Расеі».

Спадар Бухвостаў наракае толькі на тое, што ўсе нюансы зьдзелкі традыцыйна хаваюцца ў сакрэце.

Між тым адзінства ў гэтым пытаньні не было літаральна да апошняга часу. 16 лютага першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка зазначыў, што прапанова расейскай кампаніі «Ростехнологии», якая валодае 49,9% акцый КамАЗу, пра стварэньне расейска-беларускай холдынгавай кампаніі атрымала прынцыповае ўхваленьне, пытаньне толькі ў ацэнцы актываў.

Але літаральна праз тры дні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе размовы пра зьліцьцё двух прадпрыемстваў — «чыстай вады інсынуацыя». Паводле яго слоў, у Беларусі нават не падступаліся да гэтых пытаньняў. Якія аргумэнты знайшоў Уладзімер Пуцін, каб у кароткі тэрмін пераканаць Лукашэнку, — засталося за кулісамі перамоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG