Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Фядуту стала кепска падчас допыту ў КДБ


Жонка лідэра АГП напісала скаргу ў пракуратуру адносна умоваў утрыманьня мужа і ліставаньня зь ім. Уладзімеру Някляеву гэтак і не дазволілі разьвітацца з актывісткай ягонага выбарчага штабу Сьвятланай Навумавай, якая памерла 10 сакавіка. Сям'я Мікіты Ліхавіда атрымала ліст ад экс-прэм'ера Бэльгіі спадара Мартэнса. Аляксандру Фядуту падчас допыту стала кепска.

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Сьвятлана Лябедзька накіравала скаргу ў пракуратуру Менску, якая назірае за турмой КДБ, дзе трымаюць яе мужа, лідэра АГП Анатоля Лябедзьку. "Прашу праверыць умовы ўтрыманьня мужа ў СІЗА КДБ і прыняць захады пракурорскага ўзьдзеяньня адносна выяўленых парушэньняў", -- піша Сьвятлана Лябедзька ў скарзе. Жонку палітыка непакоіць тое, што ў яго рэзка стаў пагаршацца зрок.

"У яго пагаршаецца зрок. Мяне гэта вельмі непакоіць, асабліва пасьля таго, што распавядаў Алесь Міхалевіч. Мяркую, ня ўсё ў яго гэтак добра, як ён піша. Да арышту ён акулярамі не карыстаўся, а зараз піша, што цяжка стала чытаць".

Нядаўна экс-кандыдат ў прэзыдэнты Алесь Міхалевіч распавёў пра катаваньні ў камэрах турмы КДБ. Маўляў, што там нават ноччу не выключаюць сьвятло і прымушаюць вязьняў ляжаць тварам да электралямпы.

У КДБ гэтыя зьвесткі абвяргаюць.

Між тым пасьля суду прэсавы сакратар Саньнікава Аляксандр Атрошчанкаў змог паведаміць сваякам, што яго ў "амэрыканцы" выстаўлялі распранутым на холад, рабілі "расьцяжку". Днямі Алесь Атрошчанкаў праз адваката падаў скаргу на вынесены яму прысуд – гэта 4 гады зьняволеньня. А вось Аляксандр Малчанаў і Зьміцер Новік, якіх судзілі разам з Атрошчанкавым, абскарджваць прысуд адмовіліся. Малчанаў будзе адбываць пакараньне ў Бабруйскай калёніі – яму давядзецца прабыць там амаль 3 гады. Новік будзе зьмешчаны на 3,5 гады ў калёнію "Віцьба-2".

12 сакавіка ў Менску пахавалі актывістку штабу Някляева, палітоляга Сьвятлану Навумаву, якая памерла 10 сакавіка ад хваробы нырак. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў зьвярнуўся ў КДБ з просьбай дазволіць яму разьвітацца з целам Сьвятланы Навумавай, але дазволу не атрымаў. Вядома, што летась ў траўні падчас ператрусу ў кватэры Навумавай міліцыянты знайшлі грошы, якія жанчына зьбірала на апэрацыю. Грошы Сьвятлане Навумавай гэтак і не вярнулі, платную апэрацыю ёй правесьці не ўдалося.

Мікіта Ліхавід
Сям'я Мікіты Ліхавіда
атрымала ліст са словамі падтрымкі ад экс-прэм'ер-міністра Бэльгіі, лідэра Эўрапейскай народнай партыі Вільфрэда Мартэнса. Маці вязьня Алена Ліхавід зачытала Свабодзе вытрымку з ліста.

"Хацеў бы праявіць салідарнасьці і падтрымаць вас ў гэты цяжкі час, пакуль ваш сын знаходзіцца ў турме. Падзеі ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году шакавалі ўсё дэмакратычнае грамадзтва сьвету. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі яшчэ раз паказаў свой сапраўдны твар, пацьвердзіў, што беларуская дзяржава ёсьць апошняй дыктатурай ў Эўропе. На жаль, ваш сын з-за сваіх палітычных поглядаў ёсьць адным з закладнікаў у беларускіх уладаў".

Мікіта Ліхавід – адзін з фігурантаў справы 19 сьнежня, якога трымаюць на "Валадарцы". Ягоная справа ўжо расьсьледаваная, перададзеная ў пракуратуру і неўзабаве можа патрапіць у суд.

Аляксандар Фядута
11 сакавіка з палітолягам Аляксандрам Фядутам, якога трымаюць ў турме КДБ, быў допыт, які перарваўся з-за стану здароўя вязьня. Учора ўвечары жонка вязьня Марына Фядута патлумачыла, што здарылася.

"Падчас допыту яму паведамілі, што Навумава памерла і яму стала дрэнна. Таму спынілі допыт і перанесьлі на 12 сакавіка. Магчыма, у суботу дапытаюць зноў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG