Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абвастраюцца беларуска-польскія дачыненьні?


Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю пра сытуацыю ў Беларусі. Якія прычыны беларуска-польскага палітычнага канфлікту? Чаму Варшава займае жорсткую пазыцыю ў адносінах да афіцыйнага Менску? Чаму беларускія ўлады менавіта ў Польшчы ўбачылі галоўнага ворага?

Удзельнікі: экспэрт зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў зь Менску і экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы.

Дзяніс Мельянцоў
Войцех Бародзіч-Смалінскі
Валер Карбалевіч

Прычыны беларуска-польскага канфлікту


Валер Карбалевіч: «Апошнімі гадамі беларуска-польскія дачыненьні абвастраліся з-за канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Цяпер, здаецца, сытуацыя з СПБ стабільная. Калі не лічыць скандалу з Анджэем Пачобутам. Дык якія прычыны беларуска-польскага палітычнага канфлікту?»

Дзяніс Мельянцоў: «Думаю, прычыны абвастрэньня дачыненьняў трэба шукаць у плашчыні асабістых адносін паміж Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім. Магчыма, прэзыдэнта Беларусі азнаёмілі з скандальным артыкулам міністраў замежных спраў Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі і Швэцыі ў амэрыканскай газэце, які называўся „Лукашэнка — лузэр“. Пасьля гэтага Беларусь абвінаваціла Польшчу і Нямеччыну ў тым, што яны рыхтавалі пераварот. Гэта была такая помста.

Сікорскі адказаў таксама жорстка. Бо ён уклаў свой палітычны капітал у тое, каб наладзіць дачыненьні з рэжымам Лукашэнкі. Яго за гэта крытыкавалі і ў Польшчы, і ў колах беларускай апазыцыі. Цяпер, пасьля 19 сьнежня, ён зразумеў, што яго рызыка не апраўдалася. І ён мае злосьць на Лукашэнку за тое, што той ня выканаў абяцаньняў, парушыў канвэнцыю, да якой яны прыйшлі падчас візыту ў Менск міністраў замежных спраў Польшчы і Нямеччыны ў лістападзе мінулага году».

Войцех Бародзіч-Смалінскі: «Асабістыя адносіны маюць значэньне, я згодны. Сікорскі і Вэстэрвэле пачуліся ашуканымі і рэзка крытыкуюць Лукашэнку.

Але цяпер Польшча прыняла рашэньне выдаваць беларусам бясплатныя візы, выдзяляе дадатковыя рэсурсы для дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці, ініцыявала такую ж падтрымку іншых урадаў краінаў ЭЗ. Раней гэтыя рашэньні былі малаверагоднымі».

Чаму Варшава займае такую жорсткую пазыцыю?


Карбалевіч: «Апошнія гады Польшча была галоўным прыхільнікам дыялёгу Беларусі і ЭЗ. А цяпер, наадварот, Варшава — самы рашучы прыхільнік санкцый супраць беларускага рэжыму, падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Сікорскі дае вельмі рэзкія ацэнкі Лукашэнкі. Прэзыдэнт Польшчы Камароўскі прыняў кіраўніцу непрызнанага беларускімі ўладамі СПБ Анжэліку Арэхву. Вось у пятніцу Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю пра сытуацыю ў Беларусі. Чаму так усё памянялася?»

Бародзіч-Смалінскі: «Нельга сказаць, што палітыка дыялёгу, адкрытых дзьвярэй паміж ЭЗ і Беларусьсю была цалкам непасьпяховай. Дзякуючы ёй адбылася лібэралізацыя падчас выбарчай кампаніі.
Цяпер папярэдняя ўмова нармалізацыі адносін — вызваленьне палітвязьняў.

Але падзеі 19 сьнежня выклікалі жорсткую рэакцыю ЭЗ і Польшчы. Такая рэакцыя павінна паказаць, што дыялёг магчымы толькі пры ўмове, што Беларусь будзе выконваць свае абяцаньні. Цяпер папярэдняя ўмова нармалізацыі адносін — вызваленьне палітвязьняў».

Мельянцоў: «Зразумела, акрамя прыватнага канфлікту паміж Лукашэнкам і Сікорскім, існуюць і іншыя прычыны. Гэта, напрыклад, даўняя праблема СПБ.

Але, думаю, і Беларусь, і Польшча зацікаўленыя ў нармалізацыі адносін. Паколькі канфлікт не сыстэмны, а прыватны, то яго будзе лягчэй вырашыць. Польшча хутка возьме на сябе старшынства ў ЭЗ. Яна будзе акцэнтаваць увагу на „Ўсходняе партнэрства“, важнае зьвяно якога — Беларусь. Таму да лета ці да восені абодва бакі паспрабуюць сытуацыю ўрэгуляваць».

Чаму беларускія ўлады ўбачылі галоўнага ворага ў Польшчы?


Карбалевіч: «Канфлікт Беларусі з Польшчай — частка канфлікту Беларусі з Захадам. Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў тым, што яна хоча далучыць Заходнюю Беларусь. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла рашэньне зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд Беларусі, каб там правялі экспэртызу польскага закону пра „карту паляка“. Ідзе антыпольская кампанія ў беларускіх дзяржаўных СМІ. Дзеля чаго гэта робіцца?»

Мельянцоў: «Польшча была абрана ў якасьці ворага таму, што мае больш уплыву на Беларусь, у прыватнасьці — праз польскую меншасьць. І, такім чынам, яна можа аказаць дэстабілізацыйны эфэкт.

Сварыцца зь Нямеччынай больш рызыкоўна, чым з Польшчай, бо тая больш моцная і ўплывовая дзяржава. Таксама дзяржпрапаганда эксплюатуе антыпольскія стэрэатыпы масавай сьвядомасьці».

Бародзіч-Смалінскі: «Думаю, дзеяньнямі Лукашэнкі кіруе страх адкрываць сваю краіну на Захад. Ніхто ў Польшчы не прэтэндуе на Заходнюю Беларусь. Думаю, перабольшваецца і ўплыў польскай меншасьці на грамадзка-палітычныя працэсы. Беларускія палякі падзеленыя гэтаксама, які і беларускае грамадзтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG