Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Пачобут: Чалавек ня проста мячык, якім можа футболіць КДБ


Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” – гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут. 8 студзеня яго затрымалі і дапыталі супрацоўнікі КДБ адносна падзей 19 сьнежня ў Менску. У сваім блогу Пачобут напісаў, што выбраў на допыце тактыку маўчаньня, за што атрымаў удары па твары, грудзях і галаве. У выніку яму было выдадзена "афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў", якое аб'явіў начальнік абласнога УКДБ Іван Корж. Анджэй Пачобут паскардзіўся на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ у вайсковую пракуратуру, але яна адмовілася распачаць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў УКГБ.

Ганна Соўсь: Анджэй, вы распаўсюдзілі ў сеціве адказ пракуратуры, імёны супрацоўнікаў КДБ сталі шырока вядомыя. Як вы лічыце, што ёсьць асноўным вынікам вашага звароту ў пракуратуру?

Анджэй Пачобут: Перш за ўсё гэта тое, што была праведзена праверка іх дзейнасьці і былі зафіксаваныя ўсе доказы зьдзяйсьненьня імі злачынства. Я маю на ўвазе і абсьледаваньне мэдычнае, і судмэдэкспэртызу, якая праводзілася і зафіксавала мае пашкоджаньні. Так што ў нармальных умовах, у сытуацыі, калі будзе палітычная воля спыніць прававое бязьмежжа, якое адбываецца ў Беларусі, гэтая справа хутка можа набыць для супрацоўнікаў КДБ крымінальны абарот.

Соўсь: Вы адзін з нямногіх, хто пасьля допыту ў КДБ шырока распаўсюдзіў, што там адбывалася, абнародаваўшы імёны і мэтады супрацоўнікаў КДБ. Як вы лічыце, чаму мала хто, у тым ліку і журналісты, пасьля допытаў у КДБ ня робяць так як вы?

Так што ў нармальных умовах, у сытуацыі, калі будзе палітычная воля спыніць прававое бязьмежжа, якое адбываецца ў Беларусі, гэтая справа хутка можа набыць для супрацоўнікаў КДБ крымінальны абарот
Пачобут:
Я па сваёй працы шмат цікаўлюся гісторыяй антысавецкага супраціву, ў тым ліку і на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці. У Польшчы магчыма свабодна пайсьці ў Інстытут нацыянальнай памяці і азнаёміцца з матэрыяламі спэцслужбаў. Я дзякуючы гэтаму ведаю тыя мэтады, якія выкарыстоўваюць спэцслужбы, як гэта выглядае з таго боку. Я азнаёміўся з тымі справамі якія тычацца нібыта падзеяў 40 гадоў і бачу, што мэтады працы няшмат зьмяніліся. І чалавек, якога выклікаюць у КДБ, думае, што гэта аднаразовая падзея, што калі ён будзе сябе ціха паводзіць, то яму будзе лепш. На самой справе нават па тых матэрыялах, якія я абнародаваў, бачна, што гэта цэлая спэцапэрацыя – гэты выклік, што вядзецца папярэдняя апэратыўная распрацоўка чалавека. Усе супрацоўнікі КДБ, тыя хто мяне затрымліваў, са мной размаўляў, усе яны ў сваіх тлумачэньнях у пракуратуры сказалі наступнае: мы знаёміліся з асобай Пачобута. Гэта на чалавечай мове значыць, што яны альбо ўдзельнічалі ў апэратыўнай распрацоўцы мяне, гэта значыць зьбіралі інфармацыю, праслухоўвалі і гэтак далей. альбо знаёміліся з такімі матэрыяламі. І пасьля выкліку таксама працягваецца гэтая апэратыўная распрацоўка чалавека. А мэты, якія ставяцца, гэта запалохваньне, каб не было ніякай грамадзкай актыўнасьці і гэтак далей. Такім чынам я лічу, што правільна сябе паводзіць наступным чынам – не баяцца і казаць пра тое, што адбываецца.

Соўсь: Цяпер праца супрацоўнікаў КДБ навідавоку, шматлікія допыты, затрыманьні, ператрусы, арышты, запалохваньні, праслухоўваньні, сачэньне. Яшчэ да 19 сьнежня гэтага не было ці не было бачна. Як вы мяркуеце, што рабілі ўсе гэтыя супрацоўнікі КДБ раней? Ці можна ўявіць колькасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў у Беларусі?

Пачобут: Безумоўна, гэта значная колькасьць. А чым яны займаліся? Займаліся гэтым таксама, але цяпер яны выйшлі зь цені. Яны проста праводзілі апэратыўную распрацоўку апазыцыі і розныя акцыі, якія не былі галосныя. Цяпер яны ўжо ў адкрытую перасьледуюць апазыцыю. Гэта ўжо не апэратыўная праца, гэта ўжо праца ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Тыя супрацоўнікі, якія са мной размаўлялі...

Соўсь: Давайце агучым іхнія імёны.

Пачобут:
Рушніцкі і Паберскі, маёры ў КДБ па Гарадзенскай вобласьці, і малодшы апэратыўны супрацоўнік Белавусаў, які мяне затрымліваў разам з міліцыяй. Усе яны праводзілі ў дачыненьні мяне, ці знаёміліся з матэрыяламі апэратыўнай распрацоўкі. Гэта было да 19 сьнежня, на працягу шэрагу апошніх гадоў. І колькі такіх супрацоўнікаў, якія праводзілі ў дачыненьні да мяне апэратыўную працу альбо знаёміліся з матэрыяламі, я ня ведаю, але тры чалавекі ўжо ёсьць, гэта дастаткова шмат на самой справе.

Соўсь: Ці адчуваеце вы цяпер да сябе ўвагу спэцслужбаў цяпер? Ці не чакаеце помсты зь іх боку?

Калі цябе пагражаюць, калі цябе спрабуюць запалохаць, трэба пра гэта казаць, калі ты ня хочаш, каб у дачыненьні да цябе працягвалася ўжывацца фізычнае ці псыхалягічнае насільле
Пачобут: Безумоўна, што гэта працягваецца – праслухоўваньне тэлефонаў і шэраг іншых рэчаў. Яны сапраўды гэта і надалей робяць. Тое, што вярнуўся суд Кастрычніцкага раёну Менску да падзеяў 19 сьнежня і маёй прысутнасьці на Плошчы, тое, што мяне прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці і пасьля палічылі, што гэта занадта мякка і хутка мяне зноў будуць судзіць за 19-е, гэта і ёсьць такая помста з боку спэцслужбаў за тое, што я, на іх думку, неналежным спосабам сябе паводжу ў дачыненьні да іх.

Соўсь:
Як вы лічыце, што дапаможа пераадолець страх беларусаў перад абрэвіятурай КДБ?

Пачобут: Перш за ўсё ім павінны дапамагчы веды, калі чалавек ведае і разумее, што тое, што яго выклікалі, гэта неаднаразовая акцыя, што гэта цэлы працэс, і ад яго паводзінаў залежыць, як гэты працэс будзе адбывацца, што чалавек, якога выклікалі, ён ня проста мячык, якім можна футболіць, што ён сам павінен акрэсьліваць, як сябе паводзіць у дачыненьні да КДБ. Тут справа не ў ірацыянальным страху, а ў рацыянальным разуменьні сытуацыі, што рацыянальна сябе трэба паводзіць наступным чынам. Калі табе пагражаюць, калі цябе спрабуюць запалохаць, трэба пра гэта казаць, калі ты ня хочаш, каб у дачыненьні да цябе працягвалася ўжывацца фізычнае ці псыхалягічнае насільле. Калі чалавек гэта зразумее, ён будзе сябе паводзіць належным чынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG