Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы просяць Мядзьведзева асудзіць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі


Пасяджэньне Рады пры прэзыдэнце Расеі па садзейнічаньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека
Пасяджэньне Рады пры прэзыдэнце Расеі па садзейнічаньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека
Рада пры прэзыдэнце Расеі па садзейнічаньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека распаўсюдзіла заяву аб сытуацыі ў Беларусі. У ёй асуджаюцца парушэньні правоў чалавека пад час падзеяў 19 сьнежня і пасьля іх. Сябры Рады заклапочаныя «маўчаньнем афіцыйнай Расеі, што дае падставы беларускім уладам расцэньваць гэта як ухваленьне іх неправамерных і жорсткіх дзеяньняў». У заяве сябры Рады заклікаюць расейскія ўлады даць ацэнку дзеяньням ўладаў Беларусі і асудзіць шматлікія парушэньні правоў чалавека.

Падчас пасяджэньня Рады, яе сябар Аляксей Сіманаў прадставіў прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву заяву праваабаронцаў па сытуацыі ў Беларусі. Хоць, як кажа сябра Рады, дырэктар Маскоўскага інстытута правоў чалавека Міхаіл Гефтэр, гэтае пытаньне не стаяла ў асноўным парадку дня.

Міхаіл Гефтэр
«Прэзыдэнт сказаў, што яшчэ не чытаў гэты тэкст. Але ён разумее нашу заклапочанасьць. У яго зноў ёсьць свае пытаньні да гэтых падзеяў і таго, што адбылося да выбараў і пасьля іх. Ён зараз не гатовы сфармуляваць канкрэтна. Але ён лічыць, што большасьць таго, што ён хацеў сказаць, ёсьць у звароце да беларускага народа ў мінулым годзе. І яшчэ ён дадаў, што гатовы разгледзець нашы прапановы, і гатовы па дыпляматычных каналах трансьляваць гэта туды, куды гэты зварот накіраваны. Як меркаваньне яго Рады».

Паводле спаадара Гефтэра, афіцыйнаму Менску павінна стаць зразумелым, што пытаньні правоў чалавека ў Беларусі «стаяць у парадку дня з усіх бакоў, ня толькі з заходняга, але і з усходняга». Таксама ён адзначыў, што падчас сёньняшняй прэс-канфэржнцыі міністар замежных спраў Расеі «некалькі скарэктаваў сваю пазыцыю адносна санкцый Эўразьвязу»:

«Мы лічым, што адміністратыўныя і крымінальныя рэпрэсіі, якія былі пасьля 19 сьнежня, не адэкватныя той рэальнай пагрозе, якая магла ўяўляцца з боку гармадзянаў, якія ўжо абвінавачаныя ці будуць абвінавчаныя. Мы спадзяемся, што гэты крызіс дазволіць нарэшце пачаць абмярковўаць сур’ёзныя крокі і па зьмякчэньні крымінальнага заканадаўства, і па ўвядзеньні розных праваабрончых інстытутаў у краіне і наогул па тым, што можна назваць нармалізацыяй дачыненьняў улады і грамадзтва».

Сябра Рады, кіраўніца Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева, якая таксама падпісала заяву па сытуацыі ў Беларусі, адзначыла:

Людміла Аляксеева

«Спадзяюся, што гэтая заява зробіць нейкі ўплыў на дзеяньні ўладаў Беларусі. Яны мала зьвяртаюць увагу на стаўленьне да іх грамадзянаў сваёй краіны, тым больш у Расеі. Але гэта хутчэй жэст маральнай падтрымкі тым, каго ўлада перасьледуе. Гэта мы добра разумеем і спачуваем і гатовыя дапамогчы тым, чым можам».

Паводле Людмілы Аляксеевай, ня толькі расейскія праваабаронцы аказваюць ціск на афіцыйны Менск, які пачаў паціху выпускаць арыштаваных.

«Я спадзяюся, што ціск ня будзе паслабляцца датуль, пакуль усіх не вызваляць. Ператрусы, віжаваньне, запужваньне і гэтак далей, на жаль, гэта штодзённае жыцьцё беларускіх апазыцыянэраў і правааронцаў, якія настойваюць толькі на тым, каб улада выконвала ўласныя законы».

У заяве сябры Рады адзначылі, што расейскаму кіраўніцтву варта было б неадкладна даць ацэнку неправамерным дзеяньням уладаў Беларусі і асудзіць шматлікія парушэньні правоў чалавека. А таксама зьвярнуцца да ўладаў Беларусі з просьбай адшукаць законную магчымасьць вызваленьня з-пад варты абвінавачаных у масавых беспарадках для садзейнічаньня рэалізацыі іх права на абарону пры расьсьледаваньні падзей 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG