Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Някляева: да лекара праз пракуратуру


Вольга Някляева
Вольга Някляева
Вызваленыя пад хатні арышт журналістка Ірына Халіп і кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў працягваюць заставацца ў сваіх кватэрах пад жорсткімі абмежаваньнямі. Кантакты са зьнешнім сьветам ім дапамагаюць падтрымліваць толькі блізкія сваякі.

У кватэру Ірыны Халіп, дзе яна застаецца са сваім 3-гадовым сынам Данікам, дазволена заходзіць толькі бацькам Ірыны. Зьняволенай па-ранейшаму забаронена карыстацца тэлефонам, выходзіць на шпацыр і нават набліжацца да вакна. За выкананьнем гэтых умоваў увесь час сочаць двое супрацоўнікаў КДБ. Пакуль усё застаецца бязь зьменаў, але і ў такіх умовах можна заставацца шчасьлівым, кажа маці журналісткі Люцына Бяльзацкая:

Я шчасьлівая, што бачу Ірыну і разам са мной Данька, што мае такую магчымасьць.
"Нічога не зьмянілася, усё як было, так і ёсьць: хлопчык шчасьлівы, Ірына шчасьлівая, што бачыць сваё дзіця, я таксама. Я шчасьлівая, што бачу Ірыну і разам са мной Данька, што мае такую магчымасьць. Ірына не хварэла і пачуваецца нармальна, а ўсё астатняе…. Гэта зразумела".

Жонка зьняволенага Ўладзімера Някляева Вольга кажа, што сёньня ўпершыню ад моманту зьняволеньня свайго мужа давяла да ладу ўсе хатнія справы — дагэтуль увесь час аддавала на тое, каб дамагчыся вызваленьня Ўладзімера Пракопавіча. У кватэры чарговы раз зьмяніліся ахоўнікі, гэтым разам прыйшлі ўжо знаёмыя КДБісты. Тым часам спадар Уладзімер напісаў ліст на імя пракурора з просьбай даць дазвол на тое, каб яго агледзеў доктар, хоць дома ён і пачуваецца значна лепш, кажа Вольга Някляева:

"Дома лепей маральна, і гэта адразу ўплывае на ціск. І ўсё роўна лекі ён прымае штодня. Я іх выпісваць не магу — я ж ня лекар, таму набываю тое, што ведаю. Напісаў заяву на імя пракурора, каб яго абсьледавалі калі ня
Валодзя перажывае за тых людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, бо ён ведае, якія там умовы.
нашыя дактары, дык хоць іхнія. Трэба, каб таксама праверылі страўнік, зрабілі тамаграфію галавы. Валодзя таксама перажывае за тых людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, бо ён ведае, якія там умовы. Тым больш што абвінавачаньне ні з кога ня зьнятае. Але стараемся ўсё ж настрой падтрымліваць".

Вольга таксама паведаміла, што Ўладзімер Някляеў увесь час цікавіцца, ці ня вызвалены яшчэ нехта з палітвязьняў. Някляевы ня ведалі і былі ўражаныя навіной пра адмову суду зьмяніць меру стрыманьня для маладафронтаўкі Насты Палажанкі, а таксама ўключэньнем у сьпіс неўязных галоўнага лекара шпіталя хуткай дапамогі, з чыйго ведама кандыдат на прэзыдэнта быў выкрадзены з палаты, а ягоны дыягназ быў пасьля зьменены на лягчэйшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG