Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі адбылася ў Магілёве


Акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі правялі магілёўскія сябры зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады фронт”. На плошчы Зорак ля кінатэатру “Радзіма” абласнога цэнтру васьмёра актывістаў з партрэтамі Насты Палажанкі, Зьмітра Дашкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча зладзілі ланцуг неабыякавых людзей.

Акцыя выдалася не працяглай. Доўжылася яна дзесяць хвілінаў. Каб правесьці яе хлопцам давялося мяняць папярэдне вызначанае месца на пешаходнай вуліцы Ленінскай. На прызначаны час туды прыехалі на дзьвюх машынах міліцыянты. Каб ня быць затрыманымі, актывісты вырашылі сабрацца на пляцоўцы перад кінатэатрам.

А палове на дзевятнаццатую гадзіну акцыя пачалася. Адзін зь яе ўдзельнікаў патлумачыў:

“Малады фронт” вырашыў правесьці акцыю салідарнасьці, каб падтрымаць нашых зьняволеных сяброў хаця б маральна, бо інакш мы ім дапамагчы ня можам”.

Акцыя адбылася без затрыманьняў. Міліцыянты на плошчы не зьявіліся. Некалькі мінакоў наважыліся падысьці да актывістаў і запытацца, ці гэта тыя ўдзельнікі Плошчы, якія цяпер у турме. Бальшыня ж мінакоў, убачыўшы ланцуг, прысьпешвалі хаду, з-пад ілба пазіраючы на актывістаў.

Гэта другая акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі, якую правялі актывісты апазыцыных арганізацыяў у Магілёве. За першую, якая адбылася два тыдні таму, 16 студзеня, трое яе ўдзельнікаў чакаюць суду. Сяброў партыі БНФ Валянціна Лабачова, Сяргея Нягаціна ды беспартыйную шматдзетную маці Натальлю Шкадун вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньня.

Ня многія мінакі наважваліся падыйсьці да актывістаў. Адзін зь цікаўных.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG