Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні дня бяз допытаў, штрафаў, судоў


Міліцыя і спэцслужбы працягваюць перасьлед дэмакратычных актывістаў. У пятніцу адбыліся чарговыя суды; некаторыя ўдзельнікі акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску атрымалі папярэджаньні, што іх зноў выклічуць на допыты.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Наваградзкіх актывістаў пакаралі штрафам у 200 тысяч рублёў

Актывістаў БХД Уладзімера Качагура, Сяргея Воўчака і Дар’ю Бахар суд пакараў штрафам за тое, што яны тройчы адмаўляліся зьяўляцца ў міліцыю па позьве. За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце суд вынес актывістам папярэджаньне.

Першым судзілі Ўладзімера Качагура, прычым адразу па двух пратаколах: за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас выбарчай кампаніі і за тое, што тройчы не зьяўляўся ў міліцыю па позьве.

Уладзімер Качагур ў судзе не адмаўляў удзелу ў пікеце, але патлумачыў суду, што ніякага правапарушэньня ня зьдзейсьніў і таму лічыў, што яго выклікалі ў пастарунак незаконна.

Качагур: «Мы праводзілі пікет, і да нас падышоў міліцыянт Краўчук, зрабіў нам папярэджаньне, што парушаем закон. Гэта і ёсьць пакараньне. Мы сабралі пікет і сышлі. Потым, празь месяц, яны складаюць пратакол і ўчастковы Рагуля прыносіць позву, але толкам ня можа патлумачыць, дзеля чаго мне трэба ісьці ў пастарунак. Я палічыў не патрэбным хадзіць у міліцыю па такой позьве».

Судзьдзя, аднак, палічыла, што Ўладзімер Качагур, не зьявіўшыся ў пастарунак, парушыў закон, і пакарала яго, як сама заўважыла, мінімальным штрафам у памеры шасьці базавых велічынь. А згодна зь першым пратаколам адносна ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце вынесла Ўладзімеру Качагуру вуснае папярэджаньне.

Дар’я Бахар
і Сяргей Воўчак атрымалі такія ж прысуды. Сяргея Воўчака трохі зьдзівіла тое, што напачатку міліцыянты тры разы насілі позвы, пагражалі прысудам, а ў выніку атрымалася ўсё па мінімуме. Ён перакананы, што судзілі іх усё ж не за пікет і не за тое, што не зьяўляліся па позьве, а за Плошчу.

Воўчак: «Мы адзіная апазыцыя ў гэтым горадзе, і тое, што яны нас судзілі за пікет аж празь месяц, — у гэта ня вельмі верыцца. Хутчэй гэта выглядала як помста, а пікет — гэта была толькі зачэпка».
Гэта выглядае проста як загад па зачыстцы ўсіх актыўных людзей у краіне.

Дар’я Бахар катэгарычна лічыць, што і гэтыя прысуды — праява беззаконьня з боку ўладаў да яе і ейных сяброў.

Бахар: «Гэта выглядае проста як загад па зачыстцы ўсіх актыўных людзей у краіне. Таму што нармальны міліцыянт ня будзе чакаць месяц, каб скласьці пратакол, калі нехта парушыў закон, а зробіць гэта адразу на месцы правапарушэньня».

Ананімны паклёп на актывістку


Сёньня ў Мастах быў разгледжаны ананімны данос на актывістку БХД Алену Давідовіч, удзельніцу каманды Віталя Рымашэўскага на прэзыдэнцкіх выбарах. Яе выклікалі на паседжаньне камісіі па справах непаўналетніх, якую ўзначальвае Таісія Мурына, намесьніца старшыні райвыканкаму.

Камісія папярэдзіла Алену Давідовіч «аб адказнасьці за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў па выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей, забесьпячэньні аховы іх жыцьця і здароўя». Таксама раённы сацыяльна-пэдагагічны цэнтар павінен будзе правесьці зь ёю «растлумачальную прафіляктычную працу».

Алена Давідовіч адна выхоўвае двух дзяцей. Яна зазначае, што рашэньне камісіі было падрыхтаванае загадзя, ёй выдалі яго ў надрукаваным выглядзе. Камэнтуе актыўны прыхільнік БХД з Мастоў Зьміцер Кухлей:

«Я, як і раней, меркаваў, што гэта спроба ціску. Я быў упэўнены, што яны ніякіх мераў ня прымуць, бо яна сапраўды добрая маці, апякуецца сваімі двума дзецьмі. Іх мэтай было запалохаць, каб яна не працягвала болей сваю дзейнасьць».

Алена Давідовіч узгадвае, што калі прыйшла ў сьнежні назіраць за датэрміновым галасаваньнем на выбарчы ўчастак, дзяжурная міліцыянтка спыталася — як яна можа так надоўга пакідаць двух сваіх малых дзяцей?

Давідовіч: «Калі я сказала, што мае дзеці знаходзяцца зь цёцяй маёю, яна сказала: трэба вас праверыць… Высьветлілася, што 16 сьнежня быццам бы паступіла заява без усякіх подпісаў. Напісана, што быццам бы я пакідаю надоўга дзяцей, хаджу па суседзях, прашу, каб яны пасядзелі зь імі. Але такога ніколі не было».
Напісана, што быццам бы я пакідаю надоўга дзяцей, хаджу па суседзях, прашу, каб яны пасядзелі зь імі. Але такога ніколі не было.


Алена кажа, што ў гэтым няма ніякай патрэбы: у суседнім доме жыве яе родная цёця, а непадалёк — бабуля. У выпадку чаго дзяцей можна пакінуць часова ім.

На камісіі была сацыяёляг, якая працуе пры дзіцячым садзе, куды Алена Давідовіч вадзіла сваю дачку.

Давідовіч: «Яна зачытала акты, што ўсё добра, што да мяне ніколі не было ніякіх пытаньняў. Яна сказала, што матуля заўсёды выконвае парады, якія дае псыхоляг і сацыёляг адносна дзіцяці. Я вельмі шчасьлівая, што мяне падтрымаў наш дзіцячы садок, яны не схлусілі, не пабаяліся. Я выйшла з райвыканкаму з такімі эмоцыямі, што мае дзеткі са мной і ніхто іх не адбярэ. Як любая маці, якая любіць сваіх дзетак, я аддам за іх жыцьцё».

Алена кажа, што ўдзячная недзяржаўным СМІ і інтэрнэт-парталам, якія разьмясьцілі інфармацыю пра тое, што яе выклікаюць на камісію ў райвыканкам. Яна зазначае, што ў канцы сьнежня да яе прыходзіла супрацоўніца інспэкцыі па справах непаўналетніх абсьледаваць жыльлёвыя ўмовы і склала акт. Алена не надала гэтаму вялікай увагі, але цяпер разумее, што ўсё гэта разам з ананімкай і позвай на камісію — зьвёны аднаго ланцуга.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Выключылі студэнтаў, звольнілі журналіста, папярэдзілі грамадзяніна Расеі

Большасьць тых, хто прымаў удзел у Плошчы і адбываў адміністрацыйнае пакараньне, зазнаюць далейшы перасьлед з боку міліцыянтаў і супрацоўнікаў КДБ. На Берасьцейшчыне выключылі з ВНУ дзьвюх студэнтак, звольнілі журналіста зь дзяржаўнай газэты, вынесьлі папярэджаньне грамадзяніну Расеі.

Аляксандру Суславу выключылі з Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Аляксандра была затрыманая падчас падзеяў на Плошчы. Яе родныя ня ведаюць, дзе яна цяпер. Мабільнік Аляксандры Суславай выключаны, што выклікае заклапочанасьць у Алены Зыбайлы, яе роднай цёці:

«Вы ведаеце, я не магу зь ёй скантактавацца. Яе мабільнік увесь час недаступны. Яна абсалютна нармальная дзяўчынка. Не магла яна проста так узяць і зьнікнуць. Ня ведаю, дзе яна цяпер».

Ганна Дайняк з Баранавічаў, якую пасьля затрыманьня на Плошчы асудзілі на 10 сутак, кажа, што на сёньня ёй яшчэ ніхто не тэлефанаваў і не турбаваў:
Яна абсалютна нармальная дзяўчынка. Не магла яна проста так узяць і зьнікнуць. Ня ведаю, дзе яна цяпер.


«Пасьля таго як я выйшла з турмы, мне ніхто не званіў. Я чула, што знаёмых запрашалі на размовы і допыты ў міліцыю ці КДБ. Але мяне гэта пакуль не закранула».

Юрка Бакур зь Берасьця кажа, што празь некаторы час зьедзе за мяжу. Пасьля допытаў і ператрусу яго больш пакуль не турбуюць.

А вось Канстанціну Турчыняку давядзецца праз выходныя наведаць Ленінскі РАУС. Чарговым разам ён будзе знаёміцца з матэрыяламі справы і акалічнасьцямі яго затрыманьня на цэнтральнай плошчы ў Берасьці 19 сьнежня. Тады Канстанціна затрымалі за спробу вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг. Інкрымінуюць яму дробнае хуліганства. Суд жа чарговым разам накіраваў справу на дапрацоўку ў міліцыю:

«Матэрыялы адправілі на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС ужо трэці раз. У першым выпадку было недакладнае афармленьне пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні. Пратакол быў складзены недакладна і няправільна».

Паводле Канстанціна Турчыняка, адна частка пратаколу была напісана адным колерам стрыжня, другая — іншым. Пазьней міліцыянты склалі новы пратакол, але сябра руху «За свабоду» адмовіўся яго падпісаць:

«Чарговае судовае паседжаньне, чарговы раз было перанесена. Суд адправіў дакумэнты на дапрацоўку. У панядзелак я мушу ісьці ў Ленінскі РАУС да міліцыянта Самасюка, які складаў на мяне пратакол, і буду знаёміцца з матэрыяламі справы».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Калі змовы няма, яе прыдумляюць

Юры Клімовіч, давераная асоба Віталя Рымашэўскага, рэгіянальны каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», пасьля выкліку ў мясцовую ўправу КДБ выказаў меркаваньне, што спэцслужбы спрабуюць знайсьці на пустым месцы нейкую маштабную змову апазыцыі, якая нібыта загадзя дамовілася наконт масавых беспарадкаў:

«Я сказаў, што Віталь Рымашэўскі быў абмежаваны пастановай нацыянальнай рады БХД, якая дакладна вызначыла нашыя мэты ўдзелу ў Плошчы. Ні пра якія гвалтоўныя дзеяньні нічога няма ні ў якіх партыйных дакумэнтах, ні на якім паседжаньні нашай нацыянальнай рады нават не абгаворвалася гэтае пытаньне. Пра намер іншых кандыдатаў — тое самае пытаньне мне было — я адказаў, што нічога ня ведаю».

У рэгіёне працягваюцца масавыя ператрусы й перасьлед апазыцыйных актывістаў, якія нават не былі ў Менску 19 сьнежня.

Вось што мяркуе наконт гэтага гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка — акурат сёньня ён накіраваў пісьмовыя скаргі на імя начальніка УКДБ і абласнога пракурора:
Сыстэмныя блёкі кампутараў, якія забраныя ў маіх дзяцей, ня могуць мець ніякага дачыненьня да масавых беспарадкаў у горадзе Менску.

«Гэта ўсё — беззаконьне. Напрыклад, кампутар, які забралі ў мяне ў офісе з працоўнага стала, куплены ва ўнівэрмагу „Гомель“ літаральна тыдзень таму. У мяне ёсьць дакумэнты пацьвярджэньня. Я стаўлю пытаньне, што й тыя сыстэмныя блёкі кампутараў, якія забраныя ў маіх дзяцей, таксама ня могуць мець ніякага дачыненьня да масавых беспарадкаў у горадзе Менску».

У адказ на масавыя рэпрэсіі з боку спэцслужбаў і міліцыі дэмакратычныя актывісты рэгіёну вырашылі ладзіць пікеты пратэсту, пашыраць сярод насельніцтва інфармацыю пра падзеі ў Менску, праяўляць большую салідарнасьць з палітзьняволенымі й іхнімі сем’ямі.

Апавядае кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка — у яго супрацоўнікі КДБ забралі ня толькі сыстэмны блёк кампутара, але і тэлефон, і нават запісную кніжку:

«Нягледзячы ні на што, мы ўсё ж такі знаходзім мажлівасьць, каб множыць інфармацыю, якая ёсьць у інтэрнэце, і даносіць гэтую інфармацыю пра падзеі ў Менску да людзей. Гэта — галоўнае. А таксама важна праяўляць салідарнасьць з тымі, хто сядзіць у турмах. У нас, напрыклад, сядзіць наш партыйны сябар Сяргей Вазьняк. І зараз мы пачынаем зьбіраць грошы на падтрымку ягонай сям’і».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG