Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеныя, але не забытыя


У Беларусі працягваецца акцыя грамадзянскай салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі: актывісты дэмакратычнага руху дапамагаюць тым, хто выйшаў на волю пасьля адміністрацыйнага арышту, а таксама праводзяць грамадзкую кампанію дзеля вызваленьня палітвязьняў, абвінавачаных у крымінальным злачынстве.

У праваабарончыя арганізацыі гэтымі днямі працягваюць ісьці па дапамогу людзі, якія адбылі зьняволеньне, а зараз маюць праблемы на працы і вучобе. Прыходзяць і тыя, хто хоча прапанаваць сваю дапамогу, паведамляе актывістка «Вясны» Наста Лойка:

«Да нас усё яшчэ працягваюць прыходзіць людзі па юрыдычную дапамогу, дапамогу адвакатаў. Учора была Тацьцяна Севярынец, якой дапамагалі скласьці скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ у зьвязку з падзеямі вакол яе нявыезду ў Польшчу. Таксама шмат ідзе людзей, якія хочуць дапамагчы зьняволеным паводле крымінальнай справы, каб перадаць перадачу. Тым больш гэта важна, што многія са зьняволеных ня менскія, ня маюць тут сваякоў і ім ніхто ня можа дапамагчы. І працягваем таксама прымаць людзей па любых пытаньнях».

Аналягічнай працай зараз займаюцца таксама Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», праваабарончая арганізацыя «Беларускі Хэльсынскі камітэт». Працягваецца і грамадзянская кампанія дапамогі палітрэпрэсаваным, якая ўзьнікла з ініцыятывы прыватных асоб. Гаворыць валянтэр гэтай кампаніі Сяржук Семянюк:
Зараз мы працуем з тымі, хто выйшаў пасьля адміністрацыйнага арышту: хочам зь імі ўсімі сустрэцца — гэта прыкладна 200 чалавек.

«Зараз мы працуем з тымі, хто выйшаў пасьля адміністрацыйнага арышту: хочам зь імі ўсімі сустрэцца — гэта прыкладна 200 чалавек. Дапамагаем па-рознаму: да прыкладу, каб заплаціць штраф, атрымаць юрыдычную, псыхалягічную кансультацыю. Бо цягам збору матэрыяльнай дапамогі да нас прыходзілі таксама псыхолягі, якія казалі, што гатовыя кансультаваць бясплатна. Дапамагаем чым можам і тым, хто зараз страчвае вучобу ці працу».

Ініцыятарам грамадзянскай ініцыятывы дапамогі палітрэпрэсаваным сталася Дар’я Каткоўская. Кіраўніцтва партыі БНФ паспрыяла ёй, даўшы магчымасьць арганізаваць працу ў партыйнай сядзібе. Акрамя дапамогі вызваленым, кампанія таксама скіроўвае працу на вызваленьне вязьняў «амэрыканкі», кажа Дар’я Каткоўская:

«Людзі могуць прыйсьці на ўправу БНФ на Машэрава, 8 і падпісаць хадайніцтва аб зьмене меры ўтрыманьня вязьням, падпісаць зьняволеным паштоўкі. Праўда, невядома, ці гэтыя паштоўкі даходзяць да адрасатаў. Таксама людзі дагэтуль прыносяць грошы і падарункі вязьням альбо іх сваякам, і мы гэтыя падарункі перадаем адрасатам».

Як паведаміла Дар’я Каткоўская, актывісты грамадзянскай ініцыятывы таксама рыхтуюць выставу, прысьвечаную кампаніі салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Беларусі. Выстава мае адкрыцца ў сядзібе партыі БНФ 19 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG