Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ супраць Міланы Міхалевіч і Тацяны Севярынец


Жонка зьняволенага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Алеся Міхалевіча Мілана патрабуе ад уладаў адказу, на якой падставе ёй забаранілі выехаць зь Беларусі ў Варшаву, дзе яна павінна была выступіць перад дэпутатамі польскага Сойму. Спэцслужбы таксама перашкодзілі выехаць у Варшаву маці палітвязьня Паўла Севярынца — Тацяне.

Мілана Міхалевіч
Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча Мілана плянавала ўзяць удзел у абмеркаваньні беларускіх падзеяў у польскім Сойме. Напярэдадні ёй неспадзявана патэлефанаваў сам Алесь і папрасіў ня ехаць у Варшаву, а калі Мілана вырашыла ўсё ж не паслухацца, то КДБісты перанялі яе на дарозе каля Баранавічаў і заявілі, што выезд ёй забаронены. Мілана Міхалевіч паведаміла Свабодзе, што хацела сказаць у польскім Сойме:

«Адзначыла, што 19 сьнежня павінна было стаць сьвяточным днём і лягічным падсумаваньнем самай лібэральнай перадвыбарчай кампаніі. А ў выніку гэты дзень набыў колер дубінак спэцпадразьдзяленьняў, і змрок, які ў той дзень апусьціўся на нашую краіну, на жаль і па сёньня працягваецца і для нашай краіны, і для нашай сям’і. Спадзяюся, што Польшча, Эўразьвяз і міжнародная супольнасьць выкарыстаюць усе магчымыя мірныя сродкі, каб вызваліць нашых родных і ўсіх незаконна арыштаваных людзей».

Мілана Міхалевіч перадала тэкст свайго польскамоўнага выступу ў Варшаву і спадзяецца, што ён будзе агучаны ў Сойме. Яна таксама паведаміла, што будзе патрабаваць адказу, хто і на якой падставе забараніў ёй выяжджаць зь Беларусі. Але перадусім яна мусіць клапаціцца пра здароўе сваёй старэйшай дачкі: тая перажыла чарговы стрэс пасьля вобшуку, які адбыўся ў кватэры Міхалевічаў за колькі гадзін перад выездам Міланы:

«Тым людзям, якія зараз знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ, зараз нашмат цяжэй. Адзінае, што мяне хвалюе, гэта здароўе старэйшай дачкі, якая вельмі напалохалася ўчорашнім ператрусам. Мы ўжо запісаліся на прыём да доктара і будзем неяк вырашаць гэтае пытаньне».

Тацяна Севярынец
У маці Паўла Севярынца Тацьцяны, якую завезьлі на допыт у КДБ таксама за колькі гадзін да варшаўскага цягніка, забралі пашпарт і аддалі толькі назаўтра. Пра свой неадбыты выступ у польскім Сойме Тацьцяна Севярынец распавяла:

«Сэнс такі, што ў нас паліцэйская краіна з аўтарытарным дыктатарскім рэжымам. Што ў нас чалавека могуць схапіць на вуліцы, зацягнуць у машыну, прыйсьці зь ператрусам і гэтак далей. Што гэтак здарылася з маім сынам Паўлам, якога затрымалі на вуліцы 19 сьнежня падчас мірнай акцыі, і так здарылася са мной 12 студзеня, калі я бегла на цягнік у Варшаву. Трое чалавек у цывільным машынай перагарадзілі дарогу — ледзь коламі не наехалі — і ў атачэньні трох амбалаў мяне даставілі ў КДБ».

Тацьцяна Севярынец кажа, што яе падтрымліваюць усе сямейнікі, а таксама сябры і нават больш далёкія знаёмыя. Пра становішча ў сем’ях іншых палітвязьняў, а таксама пра іхныя намаганьні ў справе вызваленьня сваіх родных зь вязьніцы паведамляе адна з заснавальніц грамадзянскай ініцыятывы сваякоў новых беларускіх палітвязьняў «Вызваленьне» Вольга Бандарэнка:

«Сёньня разам з Ульянай Кобец мы былі ў амбасадзе Славакіі, дзе распавядалі пра падзеі 19 сьнежня і пра сёньняшні дзень, а таксама прасілі дапамогі ў вызваленьні ўсіх палітвязьняў. Я таксама кантактую зь іншымі людзьмі, да прыкладу, учора езьдзіла з мамай Андрэя Саньнікава ў шпіталь. Выявілася, што яна захварэла на запаленьне лёгкіх, але адмовілася ад шпіталізацыі, і зараз мы будзем яе наведваць. Уладзімеру Трафімавічу Халіпу зрабілі другую апэрацыю на воку, нібыта пасьпяхова, хоць у яго і складаны выпадак. Мама Ірыны Халіп Люцыя Юр’еўна ўчора нават пасьля двух ператрусаў езьдзіла яго наведваць. Таксама я нарэшце датэлефанавалася да Натальлі Класкоўскай — яна была вельмі рада, казала, што адна і ёй вельмі цяжка. Толькі адну перадачу змагла перадаць мужу, таму мы будзем шукаць выйсьце з сытуацыі. І вось толькі што размаўляла з мамай Натальлі Радзінай — заўтра мы ўсе спаткаемся ізноў».

Як паведаміла Вольга Бандарэнка, актывісты ініцыятывы «Вызваленьне» маюць намер наведаць амбасады Расеі і ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG