Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумныя Каляды ў сем’ях палітвязьняў


Сваякі арыштаваных палітыкаў і удзельнікаў падзей 19 сьнежня ў Менску правялі калядны дзень у клопатах, якія нічым не нагадваюць сьвяточныя.

Вольга Някляева прыняла віншаваньні з Раством Хрыстовым, павіншавала ў адказ і згадала, што яна, як выйшла за Уладзімера Някляева, ніколі не прапускала гэтае сьвята. Напярэдадні 7 студзеня яны звычайна ехалі на радзіму Уладзімера, ў старажытнае Крэва, дзе дагэтуль людзі сьвяткуюць Раство па-сапраўднаму, паводле старых традыцый.

«Мы заўсёды адзначаем. Заўсёды едзем у Крэва, заўсёды у нас куцьця, смак, абаранкі. Аднойчы нават вароты скралі ў суседзяў. Ну як? Зразумела, што ня скралі, а проста зьнялі і паставілі побач. Раніцай іх, канечне, знайшлі. І Ўладзімер у гэтым удзельнічаў».

Ці дайшлі да мужа яе віншаваньні са сьвятам, Вольга ня ведае — ад яго зьвестак няма, адміністрацыя турмы КДБ пра гэта нічога ня кажа. Жонка арыштаванага экс-кандыдата ў прэзыдэнты дасылае мужу лісты на адрас 220050, абанэнцкая скрыня 8, Уладзімеру Някляеву. На такі ж адрас з пазначэньнем імя і прозьвішча можна дасылаць лісты і іншым вязьням «амэрыканкі», якія праходзяць па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня. У справе ўжо фігуруюць 25 чалавек, большасьць зь іх трымаюць у ізалятары КДБ.

Два супрацоўнікі гэтага ведамства напярэдадні спрабавалі схіліць да «садзейнічаньня сьледзтву» жонку каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі Вольгу. Жанчыне прапаноўвалі тэрміновае спатканьне з мужам з умовай, што яна паспрабуе яго ўгаварыць зьмяніць сваю пазыцыю адносна крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Маўляў, інакш ён атрымае «па поўнай». Сярод абяцанак была і такая, што муж можа сустрэць Раство дома. Вольга згадвае тую размову:

Не, адказваю, я мяркую, што ён сказаў праўду.
«Маўляў, каб ён зьмяніў пазыцыю. Я пытаюся, а якім чынам і што мяняць? Я мяркую, што ён вам распавёў усю праўду. Яны кажуць: „Не, у нас ёсьць розныя доказы, а ён...“ Не, адказваю, я мяркую, што ён сказаў праўду».

Вольга Бандарэнка мяркуе, што ад мужа дамагаюцца агавору на сябе і найперш на Андрэя Саньнікава ды іншых сяброў яго выбарчага штабу. Жонка Бандарэнкі ад прапановы «пасадзейнічаць» адмовілася, тым болей што яна перакананая: яе Дзіма нікога агаворваць усё роўна ня будзе.

Ці сустракаюць у сям’і Раство? Сям’я Бандарэнкаў каталіцкая і Нараджэньне Хрыстова яна ўжо адзначыла два тыдні таму. Сёньня Вольга плянавала сустрэцца зь сяброўкамі, але сустрэчу давялося адкласьці: у момант нашай размовы Вольга Бандарэнка знаходзілася ў маці Андрэя Саньнікава Алы Ўладзіміраўны, якая захварэла. Я перадаў маці Андрэя Саньнікава віншаваньні з Раством і пажаданьні хутчэйшага выздараўленьня, а таксама як мага хутчэй сустрэць сына на волі.

На 7 студзеня, паводле праваабаронцаў, па крымінальнай справе аб масавых беспарадках абвінавачаныя 25 чалавек і 11 зьяўляюцца падазраванымі. Найперш грамадзтва цікавіцца арыштаванымі палітыкамі, хаця зьвесткі пра іх мінімальныя. Яшчэ меней вядома пра шараговых грамадзянаў, якім таксама пагражае суд. Сярод такіх людзей — Аляксандар Класкоўскі, былы міліцыянт, які прыйшоў 19 сьнежня на плошчу, пратэставаў супраць афіцыйных вынікаў выбараў, спрачаўся з амапаўцамі і празь дзень быў арыштаваны. Пры арышце Аляксандра моцна зьбілі, сваякі доўга ня мелі ніякіх зьвестак пра стан ягонага здароўя. Што вядома зараз, распавяла «Свабодзе» жонка Аляксандра Натальля.

«Адвакат яго бачыла адзін раз і сказала, што быццам ужо нядрэна сябе адчувае. Адзінае, што вельмі баліць у яго пад рэбрамі, дзе ныркі. Мэдычную дапамогу яму добрую пакуль не аказалі, мажуць месца ўдару зялёнкай і ўсё. Вось і ўся інфармацыя, больш да іх не дапускаюць нават адвакатаў».

Натальля Класкоўская сказала, што ў іх сям’і, дзе трое малых дзетак, Раство абавязкова адзначаюць. Сёньня ў госьці прыйдуць дзядуля з бабуляй і для дзяцей сьвята будзе.

«А нам, дарослым, прыйдзецца рабіць выгляд, што і мы сьвяткуем», — кажа Натальля Класкоўская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG