Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ патрабуе спыніць перасьлед журналістаў у Беларусі


Спэцпрадстаўніца Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе ў пытаньнях свабоды СМІ Дунья Міятавіч настойліва заклікала ўлады Беларусі спыніць нападкі на незалежныя сродкі масавай інфармацыі і неадкладна вызваліць усіх арыштаваных журналістаў.

"Я глыбока занепакоеная беспрэцэдэнтнай хваляй гвалту, запалохваньня, арыштаў і перасьледу журналістаў, якая пачалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году", – падкрэсьліваецца ў адрасаваным міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву лісьце Міятавіч, вытрымкі зь якога былі апублікаваныя на афіцыйным інтэрнэт-сайце АБСЭ.

Дунья Міятавіч нагадала, што ў Беларусі паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх былі арыштаваныя, у прыватнасьці, карэспандэнт расейскай "Новой газеты" Ірына Халіп і рэдактар вэб-сайту charter97.org Натальля Радзіна. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Акрамя таго, у Беларусі зазналі ператрусы рэдакцыя газэты "Наша Ніва", офісы радыёстанцыі "Эўрапейскае радыё для Беларусі", тэлеканалу “Белсат” і кватэры шэрагу журналістаў, якія працуюць на незалежныя СМІ. У гэтых журналістаў былі канфіскаваныя пэрсанальныя кампутары і іншая тэхніка.

Спэцпрадстаўніца АБСЭ запатрабавала ад кіраўніцтва Беларусі спыніць "варожыя дзеяньні, накіраваныя супраць незалежных СМІ", і неадкладна вызваліць Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну. Дунья Міятавіч таксама выказала гатоўнасьць прыехаць у Менск, каб прапанаваць беларускім уладам падтрымку ў выкананьні абавязаньняў па забесьпячэньні свабоды СМІ, прынятых у рамках АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG