Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на трэцім месцы ў СНД па росьце цэнаў


Беларусь заняла трэцяе месца сярод рэспублік былога СССР па росьце спажывецкіх цэнаў за студзень—лістапад 2010 году. Пра гэта сьведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі.

На першай пазыцыі Кыргызстан, дзе з пачатку года цэны павялічыліся на 16,4%, за ім ідуць Грузія (10,7%), Беларусь (8,9%), Таджыкістан (8,8%), Украіна (8,2%). За пяцёркай лідэраў — Расія (7,6%), Армэнія (7,5%), Казахстан (7,1%), Малдова (6,7%), Азэрбайджан (6,2%), Эстонія (5,1%), Літва (3%) і Латвія (2,4%).

Ва Ўзбэкістане цэны вырасьлі на 4,2% са студзеня па верасень, у Туркмэністане — на 0,37% у студзені—верасьні 2010 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

У лістападзе цэны ў Беларусі павялічыліся на 0,9%. Гэта пяты паказьнік пасьля Кыргызстана (2,9%), Азэрбайджана (1,8%), Армэніі (1,6%) і Грузіі (1,1%). У Таджыкістане, як і ў Беларусі, цэны вырасьлі на 0,9%. За імі разьмясьціліся Казахстан, Расія (па 0,8%), Малдова (0,6%), Украіна, Эстонія (па 0,3%) і Латвія (0,2%). Не зьмяніліся цэны ў Літве. Няма дадзеных па Туркмэністане і Ўзбэкістане.

У 2009 годзе Беларусь заняла другое месца сярод рэспублік былога СССР па росьце спажывецкіх цэн (10,1%; прагноз — 9-11%), у першым квартале 2010 году — 9-е, па выніках першага паўгодзьдзя і студзеня-ліпеня — 5-е, студзеня—жніўня — 3-е, студзеня—верасьня — 4-е, студзеня—кастрычніка — 3-е.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG