Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Марцаў: Стаўка на Мясьніковіча – сьведчаньне магчымых рэформаў


Прызначэньне Мясьніковіча камэнтуе выдавец Інтэрнэт-газэты БДГ, сябра Кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта Пётар Марцаў.

Марцаў: У сувязі з вынікамі апошніх выбараў і з агульнай тэндэнцыяй, зьвязанай з тым, што Беларусь будзе абавязаная выконваць дамовы з Расеяй, я думаю, што будуць ісьці паўнамаштабныя эканамічныя рэформы. Ці я нават назваў бы іх, можа быць, нават не рэформамі, бо ніводнай праграмы мы ня бачылі, але будзе адназначна праводзіцца прыватызацыя, будуць пададзеныя пэўныя эканамічныя свабоды, бо па-просту няма іншага выйсьця ў Лукашэнкі. Ён будзе трымаць палітычную ўладу манапольна, а эканоміку вымушаны будзе адпускаць. У сувязі з гэтым патрэбны абсалютна аўтарытэтны чалавек, які добра ведае чынавенства, які мае пэўнага роду палітычнае мысьленьне.

У пэўным сэнсе ён – лідэр, які будзе праводзіць усе гэтыя эканамічныя свабоды. Разам з тым гэта павінен быць чалавек, якому прэзыдэнт давярае. А ён заслужыў давер прэзыдэнта за многія гады. І тым, што ён быў адным з галоўных палітычных мэнэджэраў краіны, і тым, што доўга прасядзеў у апале, наладжваючы акадэмічны бізнэс, прычым, дастаткова пасьпяховы. Там былі згорнутыя праграмы фундамэнтальнай навукі, і ўсе інстытуты пачалі працаваць на прыкладныя навукі, даючы эканамічны эфэкт. Несумненна, што Мясьніковіч мае жылку бізнэсоўца, у гэтым ніхто не сумняецца. Праводзіць ў жыцьцё эканамічныя праекты і рэформы павінен чалавек, які валодае сярод намэнклятуры абсалютным аўтарытэтам. Таксама ён мае аўтарытэт сярод дырэктараў прадпрыемстваў. Я думаю, што стаўка на Мясьніковіча як на гаспадарніка, сьведчыць пра тое, што ў краіне будуць праводзіцца эканамічныя свабоды. Я не назаву гэта пакуль рэформамі. Я б яшчэ пачакаў іншых кадравых прызначэньняў, таму што відавочна, што яны будуць і ў Адміністрацыі, і ва ўрадзе. Я думаю, што вакол Мясьніковіча будзе зьбірацца каманда маладых мэнэджэраў, маладых чыноўнікаў.

Чаму не Сідорскі? Таму што Сідорскі зарэкамэндаваў сябе як якасны выканаўца, які ў прынцыпе не праяўляў ніякай ініцыятывы, які заўсёды чакаў загаду. У старой эканамічнай мадэлі ён быў зручны, а зараз краіне трэба відавочна зарабляць грошы, праводзіць нейкія бізнэс-ініцыятывы, таму відавочна, што Сідорскі як выканаўца недастатковы. Плюс, неабходна амалоджваць урад і зьбіраць больш маладыя кадры. Гэты працэс быў пачаты яшчэ ў 2008 годзе, паступовы, павольны, але канчатковае рашэньне пра поўную ратацыю кадраў безумоўна плянавалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG