Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобшукі, перадачы, скаргі — «сьвяточныя» клопаты сваякоў вязьняў


Чым напоўненыя гэтыя сьвяточныя калядныя дні для сваякоў вязьняў турмы КДБ «амэрыканка»?


На 25 сьнежня ў турме КДБ знаходзяцца ўжо 22 чалавекі, падазраваныя ва ўдзеле ў масавых забурэньнях. Сярод іх 5 былых кандыдатаў у прэзыдэнты. Вольга Някляева працягвае дамагацца зьвестак пра свайго мужа Ўладзімера Някляева. Званок засьпеў Вольгу у КДБ:

«Мы зараз зноў у КДБ, спрабуем падаць скаргу на тое, што да мужа не пускаюць адваката. Перадачу для яго ўчора дазволілі, у тым ліку паесьці».

Вольга Някляева так і ня ведае, у якім стане знаходзіцца яе муж, моцна зьбіты ўвечары 19 сьнежня напярэдадні мітынгу апазыцыі. Вольга не выключае, што да мужа не пускаюць адваката Тамару Сідарэнку, каб ня стала вядома пра сапраўдны стан ягонага здароўя.

Прынамсі, як кажуць сваякі вязьняў, 24 сьнежня ім усім дазволілі зрабіць перадачы толькі пасьля калектыўнай скаргі ў Генпракуратуру — да таго супрацоўнікі КДБ спасылаліся на расклад, у якім не знайшлося часу для ўсіх.

Увогуле пра стан здароўя большасьці зь вязьняў турмы КДБ амаль нічога невядома. 24 сьнежня я бачыўся з бацькам Ірыны Халіп, які выходзіў з прыёмнага пакоя КДБ з пустой торбай — гэта ў яго прынялі перадачу для дачкі, жонкі экс-кандыдата Андрэя Саньнікава:

«Нічога пра яе ня сказалі. Вось бягу дамоў, бо ўнука хочуць забраць», — пасьпеў сказаць Уладзімер Халіп. 25 сьнежня стала вядома, што ў кватэры, дзе жылі Андрэй і Ірына з сынам, супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Цяпер трохгадовым сынам Саньнікава і Халіп апякуецца бабуля. Пра Андрэя Саньнікава двума днямі раней адвакат Павал Сапелка казаў, што той «зьнявечаны».

У першай палове 25 сьнежня ператрус адбыўся і на кватэры рэдактаркі сайту «Хартыя-97» Натальлі Радзінай, якая таксама ўваходзіць у сьпіс арыштаваных паводле падазрэньняў ва ўдзеле ў масавых забурэньнях. Маці журналісткі Надзея паведаміла сьцісла, як праходзіў вобшук: супрацоўнікі КДБ паводзілі сябе стрымана, забралі ўсю кампутарную тэхніку, якая была ў доме. Днём раней маці ўдалося перадаць Натальлі перадачу, ў тым ліку харчы.

«Усяго патроху: гарбаты, кавы, цыгарэты, каўбаскі, яблыкі, сокі дазволілі, толькі трэба пераліваць у плястыкавую бутэльку».

Надзея Радзіна сама з Кобрына, у Менску будзе як меней да серады, калі стане вядома, ці працягнулі арышт на новы тэрмін.

Ад Вольгі Бандарэнкі, жонкі каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, стала вядома, што зь ім правялі допыт, які цягнуўся 4 гадзіны. І што Зьміцер Бандарэнка выказаў пра дзейную ўладу «усё, што накіпела». Вольга спаслалася на словы адвакаткі.
Але мы ўсё роўна будзем адзначаць Каляды. Да мяне прыйдуць сяброўкі, калі што, будуць сьведкамі.


«Яна толькі сказала, што 4 гадзіны быў допыт і што Зьміцер казаў супрацоўнікам КДБ пра парушэньні — спыніць яго было немагчыма, ён выказаў пра гэтую ўладу ўсё, што накіпела. Маўляў, ўсё роўна дадуць 15 гадоў».

Сёньня ў сям’і Бандарэнкаў чакаюць ператрусу. «Але мы ўсё роўна будзем адзначаць Каляды. Да мяне прыйдуць сяброўкі, калі што, будуць сьведкамі», — не губляецца Вольга Бандарэнка.

Мілана Міхалевіч, жонка Аляксея Міхалевіча, перажыла 25 сьнежня ажно два вобшукі: на кватэры бабулі, дзе яны жылі з мужам і дзецьмі, і на кватэры на вуліцы Кісялёва, дзе ў ноч на 20 сьнежня затрымалі экс-кандыдата Міхалевіча. Падчас другога ператрусу Мілана распавядала пра вынікі першага:

«Забралі ноўтбук з зарадкай, ўсё астатняе прачыталі і пакінулі. Ноўтбук — той, на якім гуляецца і займаецца старэйшая дачка Алеся. Але гэта не было для іх аргумэнтам».

Жонка кіраўніка штабу Саньнікава Ўладзімера Кобеца Ульяна паведаміла, што 24 сьнежня яе мужу працягнулі тэрмін утрыманьня яшчэ на 10 дзён. Уладзімера таксама ўтрымліваюць ў турме КДБ. «Адвакат кажа, што трымаецца бадзёра і не скардзіцца», — кажа Ульяна Кобец.

Яшчэ болей за 640 чалавек былі пакараныя судамі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў выбараў 19 і 20 сьнежня, а таксама 24 сьнежня. Зь іх, паводле дадзеных праваабаронцаў, болей за 500 чалавек адбываюць пакараньні за кратамі. 25 сьнежня ператрусы прайшлі таксама ў офісе праваабарончай арганізацыі «Вясна» і на кватэрах праваабаронцаў Тацяны Равякі і Алега Воўчака, якія зьбіралі факты парушэньняў правоў людзей. Таксама ўвечары 25 сьнежня праходзіў вобшук у штаб-кватэры АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG