Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Еўтушэнка: "Ледзь не забілі аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў"


Знакаміты расейскі паэт Яўген Еўтушэнка зьвярнуўся праз расейскі Першы канал да беларускіх уладаў. Аўтар знакамітай фразы "Паэт у Расеі — болей, чым паэт" сказаў, што ў Беларусі Някляеў як сумленны чалавек ня мог не пайсьці ў палітыку.

"У краіне, у якой быў забіты кожны чацьверты, так страшна чуць цяпер, што амаль, ледзь-ледзь не забілі аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў. Хочацца проста крычаць, каб пачулі мяне. Каб усе невінаватыя людзі, якія былі затрыманыя ў Менску, былі вызваленыя. І, вядома, Някляеў павінен быць злучаны са сваёй сям’ёй, са сваім народам, зь літаратурай".

"Людзі, якія ўзьнімаюць руку на ўласных паэтаў, яны… узьнімаюць руку на сумленьне ўласнага народу, уласнай нацыі, на ўласную мову, на ўласную культуру. Нельга ўзьнімаць руку на ўласных паэтаў, таму што яны выказваюць душу свайго народу.

Уладзімер Някляеў так любіў Беларусь. І ўсё жыцьцё яго было гэтаму прысьвечана, усе яго вершы. Ён адзін з найлепшых, найвялікшых беларускіх паэтаў. Някляеў быў старшынём Саюзу пісьменьнікаў. Як чалавек ён ніколі ня быў ніякім экстрэмістам", — сказаў Еўтушэнка.

"Пройдзе час, і будзе напісана ў аналах гісторыі, як калісьці зьбілі ў Беларусі,
па-зьверску зьбілі, адабралі ў сям’і аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў. Усё гэта ня зьнікне. У нас было тое ж самае. Абражалі добрых пісьменьнікаў, забівалі іх нават часам. Ну і што?! Усе людзі, якія былі саўдзельнікамі ў іх забойствах, зьбіваньнях, пакутах, у пасадках, у арыштах іх, усе гэтыя людзі пакрытыя пагардай.

А імёны пацярпелых служаць гонарам і зьяўляюцца каштоўнасьцю народу", — цытуе Еўтушэнку "Наша Ніва".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG