Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Палажанка: "Я сабраў Насьці прадукты, пацалаваў -- і яна пабегла"


Наста Палажанка
Наста Палажанка
Вынікам акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі сталіся масавыя затрыманьні, суды і зьняволеньні яе ўдзельнікаў. Адносна 19 чалавек заведзеная крымінальная справа паводле крымінальнага артыкула "Масавыя беспарадкі". Сярод іншых — адна з актывістак "Маладога фронту" Наста Палажанка. Як перажываюць у сям'і зьняволеньне Насты паведамляе яе бацька Ўладзімер Палажанка:

"Наста прыйшла дахаты каля дзьвюх гадзінаў ночы. У мяне, што называецца, камень з душы зваліўся: ведаў, што яна дома, і я спакойна заснуў. А пасьля мяне разбудзіў сын і сказаў, што па Насту прыйшлі. Яны крычалі за дзьвярыма, што адчыняй, а то зьверы выламаем. Тады Наста ім сказала, што зараз апранецца і выйдзе, і яны супакоіліся. Я ёй сабраў прадукты, якія былі, пацалаваў, і яна пабегла.

Натуральна, што гэтую сытуацыю я ўспрымаю, як ненармальную. Бо зь яе дзейнасьцю, чаго яе туды загрэблі — я ня ведаю. І таму гэтыя іхныя спробы схапіць, пасадзіць мне абсалютна не зразумелыя як грамадзяніну і чалавеку. У мяне такое падазрэньне, што яны проста спрацавалі паводле нейкіх старых схемаў, бо відавочныя старыя стэрэатыпы ў паводзінах. Была сустрэча з адвакатам. Адвакат кажа, што заўважна яе стомленасьць, бо і сапраўды: яна хвалявалася, я хваляваўся і толькі пасьпеў настаяць, каб яна ня лёгкую куртачку надзела, у якой бегала, а цёплую з каптуром, каб там у камэры ўкрыцца можна было — і гэта ўсё зь цёплых рэчаў. А нагул — настрой у яе добры, пачуваецца бадзёра і нават жартуе: я — і побач з такімі людзьмі як Саньнікаў і Някляеў! Натуральна, што я цалкам падзяляю яе погляды, і для мяне гэта не было нечаканасьцю, але ўсё роўна гэта было цяжка і непрыемна. Асабліва ў гэтым моманце, калі зусім незразумела было — за што".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG