Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Рымашэўская: "Дачка ўвесь час гартае альбом з фотаздымкамі таты"


Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімір Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч знаходзяцца ў сьледчым ізалятары Камітэту дзяржбясьпекі. Яны былі затрыманыя ўвечары 19 сьнежня, аднак сваякі даведаліся пра месцазнаходжаньне сваіх родных толькі ўвечары 20 сьнежня з выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Гэтак жонка Віталя Рымашэўскага разам з аднагадовай дачкой Евай нічога ня ведалі пра лёс мужа і таты цягам сутак. Пра гэта "Свабодзе" паведаміла Наста Рымашэўская:

"Апошні раз я чула Віталя паміж адзінаццацьцю і дванаццацьцю гадзінамі вечара 19 сьнежня. У яго была разьбітая галава, але пасьля плошчы ён быў у хуткай дапамозе. Пасьля хуткай дапамогі ён патэлефанаваў і сказаў, што, магчыма, хутка будзе дома, і пасьля гэтага яго ня стала. Як кажуць відавочцы, група людзей яго атачыла і сказалі: "пачынаем працу", і яго павялі. Ад таго часу я мужа ня чула. Адзінае, што мяне суцяшала, што ён проста жывы.

Я ўчора падавала вусную заяву ў РУУС Фрунзенскага раёну аб выкраданьні мужа. Мне паабяцалі даць адказ, але адказу я не атрымала. Прыехала маці Віталя і таксама падала пісьмовую заяву, і ёй паведамілі, што з сынам усё нармальна, што ён у КДБ. Але гэта было ўжо ўвечары, пасьля таго, як сталі вядомыя ўсе заявы Лукашэнкі адносна таго, хто і дзе ўтрымліваецца.

Са мной сустрэлася адвакатка і сказала, што яна мела сустрэчу зь Віталем, ён перадаў сьпіс рэчаў, якія яму можна перадаць, што ў яго ўсё нармальна. Я запыталася, як ён сябе адчувае — яна сказала, што добра, што трымаецца. . .

У нас расьце дачка Ева, ёй год і тры месяцы. Яна ні пра што не пыталася, бо прывыкла, што тата часта заняты. Але яна бясконца гартае альбомы, і калі трапляюцца якія газэты са здымкамі, дык тыцкае пальчыкам на тату. Канечне, яна адчувае, пэўна, мой стан і таксама капрызьнічае. Бо поўнае няведаньне — яно вымотвае і вымучвае. Зьяўляюцца нейкія асацыяцыі з 37-м годам, з тымі падзеямі, пра якія шмат чытала. Адчуваньне нерэальнасьці, якое ператвараецца ў рэальнасьць. Я хвалявалася і хвалююся ня гэтулькі нават за самога Віталя, бо я яго ведаю і ведаю, што Віталь мужны і будзе годна сябе паводзіць у любых умовах, але за тое, што ён за нас будзе хвалявацца.

Безумоўна, турбуюцца родныя, тэлефануюць, прапаноўваюць дапамогу. Матуля Віталя таксама: сёньня ранкам сустракалася з адвакатам і ад раньня чакае, каб перадаць Віталю рэчы. Але там перадачы толькі па панядзелках, серадах і пятніцах. Так што, пакуль ён у нас без перадачы".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG