21 сьнежня эстафэта адміністрацыйных працэсаў над удзельнікамі акцый пратэсту супраць вынікаў выбараў перайшла да Цэнтральнага раённага суду Менску. Тут перад абедам пачалі судзіць болей за 15 чалавек, затрыманых днём раней на плошчы Незалежнасьці падчас акцыі «Саша, сыходзь!», а таксама дэмакратычных актывістаў, якіх бралі па ўсім горадзе. Вось прозьвішчы некаторых затрыманых: гэта Вашкевіч, Коўтун, Макаева, Чарных, Дземідзенка, Сьвірыдзенка, Адамовіч, Антонаў, Дашкевіч, Яроменак, Марчык, Клімаў, Алесь Макаеў ды іншыя. Як і 20 сьнежня, сваякам і сябрам затрыманых, а таксама журналістам і праваабаронцам на працэсы трапіць не ўдалося. Праваабаронца Аляксандра Дзікан дзяжурыла ў калідоры суду і кажа, што час ад часу праз калідор праводзілі ўжо асуджаных удзельнікаў акцый, ад якіх удавалася даведацца пра прызначаны тэрмін. Аляксандра Дзікан перадае тое, што ўдалося даведацца ад асуджаных:
«Адзін пасьпеў распавесьці, што іх трымалі ўсю ноч ў аўтазаку, вазілі туды-сюды, паспаць далі толькі 2 гадзіны. Некаторыя не выключаюць, што іх павязуць адбываць пакараньне ў Жодзінскі сьледчы ізалятар».
Паводле праваабаронцы, лічаныя затрыманыя карысталіся паслугамі адвакатаў. Людзей збольшага судзяць за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый, даюць ад 10 да 15 сутак арышту.
Праваабаронца Сьвятлана Губейка дзеліцца сваімі назіраньнямі:
«З 12 гадзін на маіх вачах былі асуджаныя 4 чалавекі. Адзін адмовіўся назваць свае прозьвішча і тэрмін, а астатнія атрымалі па 15 сутак. Гэта Коўтун, Вашкевіч і Алесь Макаеў».
Судзілі затрыманых судзьдзі Есьман, Якунчыхін, Хадановіч, Бычко, Кулава, Сьвістунова да іншыя. Праваабаронцы адзначаюць, што сярод гэтых судзьдзяў большасьць тых, якія спэцыялізуюцца не на адміністрацыйных, а на крымінальных ды грамадзянскіх справах. З журналістамі судзьдзі кантактаваць адмаўляліся. У другой палове дня сытуацыя ў судзе стала незразумелая, кажа Сьвятлана Губейка:
«Відаць, яны спужаліся, што іх фатаграфуюць, і таму, відаць, працэсы ідуць недзе ў іншых памяшканьнях. Бо ў тых пакоях, якія пазначаны, нічога не адбываецца. І наогул на паверхах няма нікога».
Разглядалі справу Антонава С., і высьветлілася, што ён глуханямы і ня мог нічога выкрыкваць.
Каля 16 гадзінаў дня Сьвятлана Губейка зноў была на сувязі: «Разглядалі справу Антонава С., і высьветлілася, што ён глуханямы і ня мог нічога выкрыкваць. Таму справу адправілі на дапрацоўку, а яго вывелі з суду пад аховай», — паведаміла праваабаронца.
Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка мяркуе, спасылаючыся на званок аднаго асуджанага, што з Цэнтральнага суду частку актывістаў перавезьлі ў Маскоўскі суд і асудзілі там.
«У Маскоўскі судзе асудзілі прыкладна 12 чалавек. Усіх асудзілі вельмі хутка, фактычна ні з кім не размаўлялі. Далі ўсім па 15 сутак, акрамя адной дзяўчыны, якой далі штраф. Ведаю, што сярод іх — Уладзімер Яроменак, які таксама атрымаў 15 сутак. Больш прозьвішчаў ня ведаю».
Паводле сайту праваабарончага цэнтру «Вясна», дзе зьбіраецца інфармацыя пра ўсіх затрыманых, пераважная большасьць тых, чые справы ўжо разгледжаныя, атрымалі арышты ад 10 да 15 сутак, а астатнія — грашовыя штрафы, пераважна 30 базавых велічынь. Не асуджаныя зусім адзінкі, сярод іх старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Яго адпусьцілі на волю, бо не знайшлі доказаў віны. Прыкладна па чвэрці спраў вынікі праваабаронцам яшчэ невядомыя.
Усяго было затрымана болей за 639 чалавек 19 сьнежня і болей за 20 чалавек 20 сьнежня. У міліцыі Менску ўжо заявілі, што некаторых з асуджаных паводле адміністрацыйных спраў чакае завядзеньне крымінальных спраў за удзел у масавых беспарадках.