Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы канвэер у закрытым рэжыме


Cудовы канвэер дзейнічае
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк

Пакараньні ўдзельнікам Плошчы

Менскія суды ўвесь дзень працавалі з падвышанай нагрузкай: судзьдзям трэба разгледзіць болей за 600 адміністрацыйных спраў на ўдзельнікаў мітынгу на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды іншых актывістаў.

Ужо апоўдні ў Кастрычніцкім судзе Менску пачаліся працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэстаў 19 сьнежня, актывістамі дэмакратычных арганізацый, а таксама тымі, хто трапіў пад затрыманьні выпадкова. На працэсы сваякоў і сяброў затрыманых не пусьцілі, большасьці не дазволілі нават прайсьці ў суды. Ірына Вінаградава неяк здолела прайсьці ў судовы калідор, адкуль пільнавала, ці не яе сына Віталя тут будуць судзіць.

«Шукаю сына і ня ведаю, куды мне ісьці, на трэці паверх ці на другі. Усё пазакрывалі кратамі. Учора яго забралі на плошчы. І я там была, мы разам стаялі, мірна, крычалі «Жыве Беларусь!». Напэўна, за гэта слова забралі — больш не было за што. Крычалі толькі «Жыве Беларусь!» ды яшчэ адно слова — «Сыходзь!».
Мы разам стаялі, мірна, крычалі «Жыве Беларусь!». Напэўна, за гэта слова забралі — больш не было за што.

Празь некалькі хвілінаў з судовай залі міліцыянты вывелі маладога чалавека. «10 сутак», — разьнеслася па калідоры. Пасьля судзілі ягоную сяброўку — 30 базавых велічынь. На працэсы ішло ўсяго па некалькі хвілін, але неўзабаве пачаўся абедзенны перапынак, і міліцыянтаў павялі ў сталоўку. На поўную моц судовы канвэер запрацаваў зноў пасьля 14 гадзінаў і не спыняўся ўжо да вечара. Праваабаронца Тацяна Равяка кажа, што разгляд справаў у Кастрычніцкім судзе яшчэ ня самы закрыты.

«Суд Маскоўскага раёну — туды нават у будынак не дапусьцілі назіральнікаў, і мы ня ведаем, якія прынялі рашэньні. Вось з Заводзкага раёну ёсьць інфармацыя, што там судзілі 66 чалавек, 15 чалавек толькі, наконт якіх мы ведаем рашэньні. А ў судзе Маскоўскага раёну з 23 спраў ня ведаем ніводнага рашэньня».

Праваабаронца адзначыла наступную тэндэнцыю: затрыманым мужчынскага полу звычайна даюць ад 10 да 13 сутак, жанчынам часьцей шанцуе на грашовыя штрафы, але ёсьць і тыя, каго пакаралі арыштам. Гэтак, 10 сутак атрымала журналістка Тацяна Бублікава. А вось актывістку Людвісю Атакулаву ў Завадскім судзе апраўдалі. «Гэта адзіны выпадак, калі затрыманай аддалі рэчы без пакараньня», — заўважыла праваабаронца Тацяна Равяка.

Дарэчы, пасьля разгону мітынгу на плошчы Незалежнасьці быў затрыманы і праваабаронца — гэта старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Сёньня ягоная справа разглядалася ў судзе і была адкладзеная для дадатковай праверкі. Алега Гулака трымаюць у ізалятары на Акрэсьціна.

Бліжэй да вечара прыйшлі зьвесткі: атрымаў 10 сутак арышту вядомы маладзёвы актывіст Андрэй Кім, а ягоная маці Тацяна Кім, якая таксама была затрыманая, пакараная штрафам у 30 базавых велічынь. Усе прыцягнутыя да судовай адказнасьці нібыта за дробнае хуліганства.

Пачаліся адміністрацыйныя суды і над актывістамі дэмакратычных арганізацый, якія трапілі пад агульны вал рэпрэсій. 13 сутак арышту атрымала ў Першамайскім судзе Юлія Дранчук, прэсавы сакратар кампаніі «Гавары праўду!». Хаця, паводле даступнай інфармацыі, у падзеях на плошчы яна ўвогуле ня ўдзельнічала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG