Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка плянуе сустрэцца з Назарбаевым і Януковічам


Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка
Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка апошнім выступіць на сёньняшнім пленарным паседжаньні саміту Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, які праходзіць у Астане.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў праз тэлефон са сталіцы Казахстану міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

"Кіраўнік Беларусі пад нумарам 30 замыкае сёньняшні ліст выступоўцаў. А перад ім будзе прамаўляць міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, паколькі прэзыдэнт гэтай краіны Браніслаў Камароўскі тут адсутнічае. Дарэчы, не прыляцелі ў Астану прэзыдэнт ЗША Барак Абама, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі ды першыя асобы яшчэ шэрагу краінаў".

Раман Якаўлеўскі паведаміў, што ў Аляксандра Лукашэнкі сёньня заплянаваныя дзьве сустрэчы на вышэйшым роўні — з прэзыдэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым і Ўкраіны — Віктарам Януковічам:

"Усе чакалі, што, мабыць, адбудзецца нейкая сустрэча зь Мядзьведзевым. Але ж ніякіх прыкмет гэтага няма. І ўжо ўпэўнена можна казаць, што і ня будзе".

Да таго ж Дзьмітрый Мядзьведзеў у апошні момант удвая скараціў праграму свайго знаходжаньня. Ён вернецца ў Маскву ўжо сёньня, не чакаючы заканчэньня саміту.

Паведамленьне пра тое, што Лукашэнка можа сустрэцца з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, якое зьявілася на шэрагу беларускіх сайтаў, спадар Якаўлеўскі ацэньвае так:

"Гэта ня проста недакладная інфармацыя. Гэта — дэзынфармацыя. У інфармацыі Інтэрфакс-Захаду напісана, што сустрэнуцца. Так, сустрэнуцца за агульным сталом. Дык тады можна лічыць, што Лукашэнка і зь Мядзьведзевым сустрэўся. Аніякай асабістай сустрэчы ня будзе".

Гэта першая падобная сустрэча лідэраў краін-удзельніц АБСЭ за апошнія 11 гадоў. Апошні раз такі прадстаўнічы форум зьбіраўся 11 гадоў таму ў Стамбуле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG