Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч заклікаў супрацоўнічаць з уладамі, Рымашэўскі — арганізоўваць нацыянальны страйк


Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч
Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч
Сёньня пачаўся другі тур выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта па беларускім тэлебачаньні. На Першым канале выступілі кандыдаты Аляксей Міхалевіч і Віталь Рымашэўскі. Сярод іншага першы прапанаваў апазыцыі шукаць пункты судакрананьня з уладай, а другі заклікаў апазыцыйных кандыдатаў 9 сьнежня сабрацца разам і выпрацаваць стратэгію перамогі.

Міхалевіч выступаў па-расейску, толькі адзін раз перайшоўшы на беларускую, хаця пры гэтым больш блізкай мовай, на якой размаўляюць у ягонай сям’і, Міхалевіч назваў менавіта беларускую.

Сваю прамову ён пабудаваў у форме адказаў на пытаньні, сканцэнтраваўшыся на сацыяльнай і палітычнай сфэры. Перш за ўсё кандыдат патлумачыў, чаму ён не крытыкуе дзейную ўладу.

«Я лічу, што недахопы цяперашняй улады ўжо шмат разоў агаворваліся. Было выказана столькі крытыкі, што я не скажу абсалютна нічога новага. У той жа самы час я як чалавек, у якога ёсьць адказы на многія пытаньні, у стане даць гэтыя адказы, адказаць, што прапаную я і мая каманда».

Гэтую тэму ён разьвіў пазьней, адказваючы на пытаньне аб тым, чаму апазыцыя і ўлада ня могуць разам вырашаць праблемы Беларусі.

«У грамадзтве надта разьвітая прага помсты. Так, у апазыцыі шмат людзей, якія былі выкінутыя з улады. Для гэтых людзей вельмі важна адпомсьціць за тое, што зь імі адбылося. Але я ўпэўнены, што мы павінны знаходзіць тыя пытаньні, па якіх мы сыходзімся».

Міхалевіч прызнаў, што на гэтых выбарах як кандыдат ён яшчэ не сутыкаўся з праблемамі. Адной з асноўных праблем у грамадзтве ён назваў тое, што ўвесь час беларусы шукаюць ворагаў, пры гэтым самай беларускай якасьцю ён назваў рацыянальнасьць.
Як кажа Лукашэнка, мы зрабілі стаўку на моцную дзяржаву і ні разу пра гэта не пашкадавалі.


Міхалевіч адказаў і на пытаньне аб тым, што са зробленага Лукашэнкам варта захаваць у новай Беларусі:

«За мінулыя гады нам удалося пабудаваць моцную незалежную дзяржаву. Як кажа Лукашэнка, мы зрабілі стаўку на моцную дзяржаву і ні разу пра гэта не пашкадавалі. Мы прыйшлі да таго, што сёньня ў беларускім грамадзтве ёсьць упэўненасьць, што нам трэба жыць у незалежнай краіне».

Разам з тым Міхалевіч заклікаў памяняць Лукашэнку, бо той баіцца праводзіць рэформы, уводзіць падзел уладаў, а павінна зьявіцца каманда новых людзей. Але адхіліць Лукашэнку павінны самі грамадзяне краіны, абіраючы сабе ўладу без дапамогі Расеі ці Захаду, заявіў Міхалевіч.

Міхалевіч крытыкаваў рашэньні Лукашэнкі аб будаўніцтве АЭС, пераносе музэю Вялікай айчыннай вайны і перайменаваньні вуліц у Менску.


Значна больш крытычным адносна Лукашэнкі быў кандыдат Віталь Рымашэўскі, які выступаў па БТ другім.

Рымашэўскі выступаў па-беларуску, ён зьвярнуўся да выбарцаў са словамі «Браты і сёстры!» На пачатку выступу ён згадаў арганізаваны ім сход на Кастрычніцкай плошчы Менску 24 лістапада, заявіўшы, што гэта была мірная сустрэча без парушэньня парадку.

«Чаму кандыдаты ў прэзыдэнты ня могуць сустрэцца ў цэнтры гораду, на цэнтральных плошчах, калі гэта нікому не замінае? Вы памятаеце, як здарылася трагедыя на Нямізе, калі шмат нашых беларускіх юнакоў загінула ў падземным пераходзе? Ведаеце, што там было? Дзень піва. Беларуская ўлада спойвала падлеткаў, якія потым загінулі. А ў гэты час было сьвята Тройцы. Чаму спойваць людзей можна, а сустракацца з выбаршчыкамі — не?»

Рымашэўскі зазначыў, што беларускай уладзе, якая збанкрутавала, вельмі патрэбныя эўрапейскія крэдыты, таму яна не зьбівала людзей 24 лістапада ў Менску. Кандыдат заклікаў выбарцаў зноў прыйсьці на Плошчу 19 сьнежня.
10 дзён да выбараў — давайце вырашым, якая стратэгія будзе ў нас, што прапануем мы, як мы будзем змагацца за перамогу.

«Я перакананы, што і 19 сьнежня разгону ня будзе, прыходзьце сьмела!»

Віталь Рымашэўскі выказаў сваю нязгоду з тымі апазыцыйнымі кандыдатамі, якія, паводле ягоных словаў, хочуць стаць марыянэткамі ў руках Захаду альбо Расеі.

«Дзе ж беларускі сцэнар? Мы кажам сёньня: ні Расея, ні Захад не павінны вырашаць, хто намі будзе кіраваць. Мяняць уладу ў нашай краіне павінны мы, беларусы».

Віталь Рымашэўскі паведаміў пра сваё рашэньне не крытыкаваць іншых кандыдатаў апрача Лукашэнкі і заклікаў:

«Сёньня я раблю прапанову ўсім дэмакратычным кандыдатам: давайце 9 сьнежня зьбяромся разам і прымем супольны плян дзеяньняў. 10 дзён да выбараў — давайце вырашым, якая стратэгія будзе ў нас, што прапануем мы, як мы будзем змагацца за перамогу».

Віталь Рымашэўскі заявіў, што паводле сацыялягічных ацэнак ніхто з кандыдатаў ня зможа 19 сьнежня набраць 50 працэнтаў галасоў, мае быць другі тур, калі не — то гэта фальсыфікацыя, таму, на думку Рымашэўскага, трэба будзе патрабаваць новых свабодных выбараў і арганізоўваць нацыянальны страйк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG