Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец паведаміў БелаПАНу, што тэкст праграмы кандыдата перададзены для публікацыі ў чатыры рэспубліканскія і шэсьць абласных газэт — «Звязда», «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспубліка», «Заря» (Берасьце), «Гомельская правда», «Могилевская правда», «Минская правда», «Гродненская правда» і «Витебский рабочий». Паводле словаў Севярынца, пакуль ніхто з рэдакцый пералічаных выданьняў ня выказаў прэтэнзіяў да праграмы Рымашэўскага.
Прэсавы сакратар кандыдата Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў паведаміў, што праграма кандыдата перададзеная ў тыя ж згаданыя выданьні ды яшчэ ў газэту «Минский курьер».
Уладзімер Някляеў зьбіраецца перадаць сваю праграму для публікацыі 27 лістапада.
Кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус паведаміў, што «Советская Белоруссия», «Звязда» і «Минский курьер» адмовіліся друкаваць яго перадвыбарчую праграму.
Вус: «Дзяржаўным СМІ не спадабалася тая частка праграмы, у якой я параўноўваў сёньняшнюю выбарчую сыстэму Беларусі з выбарчай сыстэмай Нямеччыны 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя».