Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пяты дзень: ні ўлётак, ні агітацыі"


23 лістапада — пяты дзень агітацыі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Але яшчэ ніводзін штаб дэмакратычных кандыдатаў у рэгіёнах не забясьпечаны ўлёткамі ды іншымі друкаванымі матэрыяламі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Друкаваць улёткі на месцы не атрымалася

На Магілёўшчыне нават сустрэчы з кандыдатамі на прэзыдэнта абыходзяцца без раздачы агітацыйных матэрыялаў. Удакладняе Андрэй Белагубаў.

Невялікую колькасьць інфармацыйных улётак пра выступ на тэлебачаньні Віталя Рымашэўскага распаўсюдзілі ў Магілёве паплечнікі кандыдата. Улёткі ў Магілёў перадалі зь менскага штабу Рымашэўскага.

"У нас іх было няшмат. Мы іх усе распаўсюдзілі. Чаму мы дагэтуль не распачалі пікетаў — бо дагэтуль няма друкаванай агітацыйнай прадукцыі. Спадарыня Ярмошына ж падпісала ўсе паперы празь пяць хвілін пасьля заканчэньня працы банкаў па безнаяўным разьліку ў пятніцу. Таму выходныя прапалі",-- зазначае супрацоўніца магілёўскага штабу Рымашэўскага Тацяна Шамбалава.

Без агітацыйных матэрыялаў праводзяць свае пікеты паплечнікі Някляева. Яны раздаюць толькі друкаваныя запрашэньні на сустрэчу 25-га лістапада, паведаміў супрацоўнік штабу кандыдата Сяргей Лапуцін:

"Для таго, каб раздрукаваць улётку, яе трэба зацьвердзіць у ЦВК. Мы спрабавалі тут на мясцовым узроўні раздрукаваць, і каб Менск потым праплаціў са сваіх выбарчых фондаў. Нашы друкарні адмаўляюцца, кажуць: "Ня хочам лезьці ў палітыку". У абласную друкарню мы не зьвярталіся, бо каб зьвярнуцца туды, патрэбны дужа вялікі аб’ём. Нам такога аб’ёму не патрэбна. Нам трэба на горад 200 тысяч улётак".

Чакаюць улётак і ў штабах іншых кандыдатаў. Не відаць у Магілёве і агітацыйных улётак Аляксандра Лукашэнкі. Супрацоўніца гаркаму БРСМ патлумачыла, чаму:

"Яшчэ такой інфармацыі да нас не паступала. Цяпер пачнуцца арганізацыйныя сходы ў штабах раёнаў, і там, я думаю, будуць раздадзеныя. Пакуль нам не дасылалася нічога з Цэнтральнага камітэту. Гэта я магу сказаць адназначна за ўсю Магілёўскую вобласьць".

Агітацыйны пікет Уладзімера Някляева ля Палаца культуры вобласьці

Агітатары з каманды Някляева ля бязьлюднага палаца сустракаюць выбарцаў візытоўкамі

Пра агітацыйную кампанію ў Магілёве нагадваюць інфармацыйныя ўлёткі Віталя Рымашэўскага...

...ды ўзьведзены ля кінатэатру "Радзіма" подыюм. Тут пройдзе таксама агітацыйнае мерапрыемства. Чыё — невядома

ВІЦЕБШЧЫНА


"На гэтым тыдні ўлётак яшчэ ня будзе"

Віцебскія давераныя асобы дэмакратычных кандыдатаў таксама кажуць, што агітацыйныя матэрыялы ў рэгіён не паступалі.

Першымі на Віцебшчыне чакаюць агітацыйных матэрыялаў Аляксея Міхалевіча. Пра гэта паведаміў гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы, давераная асоба кандыдата:

"Агітацыйныя матэрыялы сёньня ўжо друкуюцца, і іх забяруць з
Многія жыхары Гарадоцкага раёну пазбаўленыя магчымасьці пазнаёміцца з кандыдатамі.
друкарні. Так што празь дзень-другі яны ўжо будуць у рэгіёнах".

Але, заўважае Леанід Гаравы, могуць паўстаць праблемы з разьмяшчэньнем. Бо мясцовыя ўлады вызначылі месца для візуальнай агітацыі такім чынам, што многія жыхары Гарадоцкага раёну пазбаўленыя магчымасьці пазнаёміцца з кандыдатамі:

"Напрыклад, зусім няма месцаў для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў у вайсковай частцы. Гэта за Гарадком, месца сховішча авіябомбаў. Кантынгент там ня дужа вялікі, але жыве цывільнае насельніцтва, якое абслугоўвае гэты аб’ект. Раней там быў асобны выбарчы ўчастак, а цяпер няма нават месца для разьмяшчэньня плякатаў".

Віцебскія давераныя асобы іншых кандыдатаў таксама кажуць, што агітацыйныя матэрыялы ў рэгіён яшчэ не паступалі. І праз гэта, удакладняе Аляксей Гаўруцікаў, давераная асоба кандыдата Мікалая Статкевіча, даводзіцца "адсоўваць" увесь графік агітацыйнае працы:

"У нас ёсьць інфармацыя зь Менску, што кандыдат Мікалай Статкевіч ня можа канчаткова вырашыць праблему з друкаваньнем улётак — што ён курсіруе паміж ЦВК і друкарняй і штораз паўстаюць новыя праблемы. У сувязі з гэтым мы мусім карэктаваць графік яго прыезду ў рэгіёны — бо перад тым, як ладзіць сустрэчу, мы плянавалі распаўсюдзіць улёткі зь яго праграмай, каб людзі прыйшлі падрыхтаваныя".

На гэтым тыдні, паводле спадара Гаўруцікава, агітацыйных улётак яшчэ ня будзе. Але давераныя асобы плянуюць зьвярнуцца ў абласную газэту "Віцебскі рабочы", якой ЦВК даручыў друкаваць праграмы кандыдатаў, каб з праграмай Мікалая Статкевіча жыхары вобласьці пазнаёміліся як мага хутчэй.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Цішыня пакуль. Як агітаваць, калі нічога няма?"

На Гарадзеншчыну не патрапіла пакуль ніводнай друкаванай праграмы кандыдатаў. Хвалююцца актывісты штабоў, а таксама выбарцы.
У рэгіёнах яшчэ большыя праблемы, і мы зь імі сутыкнуліся падчас парлямэнцкіх выбараў.


Кіраўнік штабу Яраслава Раманчука ў Горадні Юры Істомін кажа, што рэальна друкаваную прадукцыю свайго кандыдата яны плянуюць атрымаць толькі напрыканцы тыдня. Штаб разглядаў магчымасьці друкаваць праграмы кандыдата ў рэгіёнах, але гэтую прапанову большасьць не падтрымала.

Істомін: "У рэгіёнах яшчэ большыя праблемы, і мы зь імі сутыкнуліся падчас парлямэнцкіх выбараў. Думаю, што выбары маюць агульнанацыянальны характар і таму лепей і таньней друкаваць усё ў адным месцы. У рэгіёнах няма незалежных вялікіх друкарняў, толькі дзяржаўныя. І пад іх ЦВК фармуе і выдзяляе сродкі".

Юры Істомін кажа, што на 28 лістапада ў Горадні прызначана сустрэча зь Яраславам Раманчуком. І нечакана яны сустрэліся яшчэ з адной праблемай, калі пайшлі дамаўляцца з дырэктарам залі абласной філярмоніі, якая афіцыйна вызначана гарвыканкамам як месца сустрэч з кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Істомін: "Нават дырэктар ня ведае, што гарвыканкам вызначыў іх залю для сустрэчы выбарцаў з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Пачынаючы з чацьвярга і да нядзелі ў іх заплянаваныя свае масавыя мерапрыемствы: балеты, канцэрты і іншае. І так да канца наступнага месяца. Астатнія залі не такія вялікія і знаходзяцца на пэрыфэрыі, туды ніхто не паедзе".

Падобная сытуацыя і ў Лідзе. Чакаюць актывісты штабоў кандыдатаў і чакаюць выбарцы, якія пытаюцца аб праграмах альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў. Кажа актывіст штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Круцікаў.

Круцікаў: "Цішыня пакуль. Ну як ты безь нічога пойдзеш агітаваць, калі нічога няма?"

"Толькі ўчора ЦВК пачаў фінансаваньне вырабу друкаваных улётак кандыдатаў на прэзыдэнта"

Віктар Івашкевіч, адзін з кіраўнікоў штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, патлумачыў "Свабодзе":

"Гэта відавочны факт, што ЦВК замарудзіў справу фінансаваньня. Толькі ўчора нарэшце была падпісаная дамова з друкарняй".
Сакратар ЦВК: "Яшчэ палова кандыдатаў на прэзыдэнта не прадставілі нам рахункі на аплату друкаванай прадукцыі".


Карэспандэнт: "Як вы лічыце, колькі яшчэ можа цягнуцца гэта "мёртвая паўза" ў агітацыйнай кампаніі?"

"Як мінімум да канца бягучага тыдня".

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік рэагуе на крытыку наступным чынам:

"Ня ўсе яшчэ прынесьлі рахункі на аплату друкаванай прадукцыі. Толькі палова кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта гэта зрабілі. Тут жа ўдзельнічаюць два суб'екты: давераная асоба альбо сам кандыдат мусіць прадставіць рахунак на аплату вырабленай прадукцыі ў адпаведнасьці з дамовай, а мы гэты рахунак адразу аплачваем".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG