Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя кандыдаты выклікалі ў ЦВК "спакойнае абурэньне"


Цэнтравыбаркам на сваім пасяджэньні 30 лістапада плянуе разгледзець пэрсанальнае пытаньне адносна ўдзелу кандыдатаў у сустрэчы з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што асабіста прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы падчас акцыі.

"Акцыя прайшла спакойна, безь нейкіх вялікіх наступстваў для грамадзянаў, для жыхароў гораду. Ніякага буянства я не заўважыў. Акцыя была зусім нешматлюдная. Паводле маіх ацэнак, там было каля 200—300 чалавек. Калі крычалі свае скандоўкі ўдзельнікі гэтай акцыі, то крычала якраз палова натоўпу. То бок другая палова — гэта проста разявакі або сьведкі, такія самыя, як і я".

Спадар Лазавік кажа, што ў ЦВК выклікае "спакойнае абурэньне" тое, што "груба парушана выбарчае заканадаўства, бо мерапрыемства праводзілася не ў дазволеным месцы". Таму будзе "адпаведная рэакцыя" ЦВК. Гэта адзінае пэрсанальнае пытаньне, якое ўключана ў парадак дня пасяджэньня Цэнтральнай камісіі 30 лістапада. Рашэньне будзе прымаецца калегіяльна, а "выбар санкцый невялікі: альбо папярэджаньне, альбо адмена рэгістрацыі". Якіх кандыдатаў будзе тычыцца гэтае пытаньне? На гэта спадар Лазавік сказаў:

"Тры ўдзельнікі там былі, якія актыўна выступалі і зьяўляюцца галоўнымі дзейнымі асобамі гэтага мерапрыемства".

Спадар Лазавік мае на ўвазе Віталя Рымашэўскага, Міколу Статкевіча і Ўладзімера Някляева. Спадар Рымашэўскі, які сёньня бярэ ўдзел у шэрагу пікетаў у Менску, так адрэагаваў на закіды з боку Цэнтравыбаркаму:

"Галоўнае, каб не прымянілі санкцыі, якія былі прымененыя да Ганчара, да Захаранкі. Усё астатняе мы перажывём. Таму я абсалютна спакойна стаўлюся да таго, што будзе рабіць ЦВК. Мяне мала турбуе і цікавіць, што б яны ні прымалі. Што мяне цікавіць і што насамрэч важна — гэта праца зь людзьмі. Я вельмі ўдзячны тым, хто мяне падтрымлівае, тым людзям, якія выйшлі ўчора на плошчу на наш заклік. У гэтых людзей я веру і яны для мяне важныя. А гуляць у гэты перадвыбарчы фарс — гэта значыць гуляць на баку дыктатуры".

Мікола Статкевіч сёньня займаўся падрыхтоўкай сваёй праграмы для друку ў газэтах, складаньнем біяграфіі, разьмяшчэньнем улётак. Адносна рэакцыі ЦВК на ўчорашнюю акцыю на плошчы спадар Статкевіч сказаў:

"Яны там нічога не разглядаюць. Разглядае іх гаспадар. Яны там блазны ў гэтым балагане. І скажуць тое, што ім скажуць. А што я буду перажываць за Лукашэнку? Няхай ён думае, што рабіць. Я буду — у статусе кандыдата ці не — працягваць рабіць усё, каб у Беларусі былі выбары. Я зараз маю мандат 118 тысяч выбарцаў, якія мяне вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты, і я іх спадзеў апраўдаю. Я атрымаў магчымасьць зьвярнуцца да мільёнаў людзей. Буду тлумачыць, каб кожная бабуля ведала, што на выбарах дураць, як дураць і што прэзыдэнт не сапраўдны".

Уладзімер Някляеў сёньня заплянаваў шэраг сустрэчаў з выбарцамі ў Магілёве. Спадар Някляеў кажа, што падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы за сябе не агітаваў, а агітаваў за дэмакратыю. Таму ён адхіляе магчымыя прэтэнзіі з боку ЦВК:

"Калі б вы мне далі тыя самыя магчымасьці на тэлебачаньні, на радыё, у дзяржаўных газэтах, як і кандыдату Лукашэнку, то навошта мне была б гэтая плошча? Ён жа ня ходзіць на плошчу, бо яму без патрэбы. І так паўсюль танцуе. Дык вось, калі вы створыце аднолькавыя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, тады выступайце з аднолькавымі патрабаваньнямі. Але ж гэтага нямашака. Таму мы ўсяляк шукаем магчымасьці сустрэцца з выбарцамі і хоць нешта распавесьці пра сваю праграму, пра свае намеры. Чаго, яшчэ раз паўтараю, на гэтай плошчы не было. То бок парушэньня з боку кандыдата Някляева я ня бачу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG