Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Андрэя Бандарэнкі разгледзіць Менскі гарадзкі суд


Андрэй Бандарэнка (зьлева)
Андрэй Бандарэнка (зьлева)
Вярхоўны суд Беларусі ўнёс пратэст на прысуд прадпрымальніку Андрэю Бандарэнку, якога трымаюць у Бабруйскай калёніі. Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў заявіў Мікалая Аўтуховіча ў якасьці сваёй даверанай асобы.

Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падаў у ЦВК заяву аб рэгістрацыі сваіх давераных асобаў. У сьпіс з 24 чалавек Рыгор Кастусёў уключыў палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які цяпер знаходзіцца за кратамі.

«Гэта маральная падтрымка чалавека, што мы яго не забываем, што ягонае імя для нас шмат што значыць. Мы паспрабуем сустрэцца зь ім у калёніі, каб перадаць яму пасьведчаньне і аказаць маральную падтрымку»,— паведаміў «Свабодзе» Рыгор Кастусёў.

Экс-вязень Івацэвіцкай калёніі Ўладзімер Асіпенка, які праходзіў па адной справе зь Мікалаем Аўтуховічам, мяркуе, што ў выпадку актыўнай кампаніі салідарнасьці з Аўтуховічам улады могуць яго вызваліць.

«Чакаю, калі зьявіцца паведамленьне, што Аўтуховіч на волі. У мяне такое прадчуваньне, што мусяць яго вызваліць да 19 сьнежня. Вось потым паглядзім, ці меў я рацыю».

Між тым ад Мікалая Аўтуховіча за апошні тыдзень зьвестак не было. «Мне ён ня піша, бо да мяне ягоныя лісты ўсё роўна не прапусьцяць. Нас адразу папярэдзілі, што ня маем права ліставацца, пакуль абодва не адбылі тэрміны», — сказаў Уладзімер Асіпенка.

Вярхоўны суд Беларусі ўнёс пратэст на прысуд Андрэю Бандарэнку, паведаміў адвакат вязьня Зьміцер Лаеўскі. Паводле яго, цягам двух тыдняў прэзыдыюм Менскага гарадзкога суду мусіць прыняць рашэньне адносна справы: накіроўваць яе на другі разгляд ці нават вызваляць Андрэя Бандарэнку, прысуд якому аднойчы ўжо адмянялі. Такога варыянту не выключае праваабаронца, былы судзьдзя Гары Паганяйла, які сочыць за гэтай справай.

«Мне знаёмая наглядная скарга адваката, і магу сказаць, што мы чакалі вынясеньня пратэсту. Магчыма, пратэст зьвязаны з адменай прысуду, але не выключаю і спыненьня крымінальнай справы, паколькі сапраўды тыя абвінавачаньні, якія яму выставілі, не пацьверджаныя прысудам».
6 гадзінаў ён можа паспаць, а астатні час мусіць стаяць, хадзіць, ці сядзець на падлозе, але на той бэтоннай падлозе сядзець ня будзеш.

Тым часам самога Андрэя Бандарэнку зьмясьцілі на месяц у гэтак званае ПКТ — «памяшканьне камэрнага тыпу». Вось што паведаміў бацька прадпрымальніка Валер Бандарэнка пра ўмовы, у якіх знаходзіцца ягоны сын.

«Гэта ўжо не „шызо“, гэта горш. 6 гадзінаў ён можа паспаць, а астатні час мусіць стаяць, хадзіць, ці сядзець на падлозе, але на той бэтоннай падлозе сядзець ня будзеш. На яго узмацняюць ціск, гэта відавочна».

Сябры Андрэя Бандарэнкі даслалі па інтэрнэце вытрымкі зь ягонага ліста, адпраўленага 3 лістапада. «Не жадаю ствараць праблемы, але і моўчкі трымаць „выпраўленьне“ ўжо няма магчымасьці... Ня ведаю, чым гэта ў выніку скончыцца... Раблю спробы абараніць сябе праз скаргі ў Пракуратуру, Дзяржкантроль і Адміністрацыю прэзыдэнта, але ня ўпэўнены, што скаргі адсюль выходзяць», — піша Андрэй Бандарэнка з Бабруйскай калёніі.

вязьні, лістапад 2010


Даведка Свабоды
Мікалай Аўтуховіч
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва былі арыштаваныя 8 лютага 2009 году. Мікалая Аўтуховіча суд пакараў на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады да незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Андрэй Бандарэнка
Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. У пачатку 2010 году прадпрымальніка асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы. За кратамі Бандарэнка знаходзіцца зь сярэдзіны 2009 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG