Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Апазыцыя спрабавала трапіць у выбаркам праз суд


Сёньня Ленінскі суд Магілёва не задаволіў тры скаргі на фармаваньне ўчастковых камісіяў Ленінскага раёну абласнога цэнтру. Партыя левых «Справядлівы сьвет», рух «БНФ» «Адраджэньне» ды няўрадавая арганізацыя «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» праз суд дамагаліся ўключэньня ў камісіі сваіх прадстаўнікоў.

Скаржнікі свае прэтэнзіі тлумачылі тым, што пры фармаваньні камісіяў адміністрацыя Ленінскага раёну парушыла Канстытуцыю і выбарчае заканадаўства. Старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валеры Беразіенка даводзіў суду, што камісіі ўяўляюць сабой часовыя органы выканаўчай улады і цалкам падкантрольныя ёй. Значная частка камісіяў сфармаваная з прадстаўнікоў аднаго калектыву.

«На чале камісіі стаіць дырэктар ці то намесьнік дырэктара прадпрыемства школы, а ў ягоным падначаленьні ягоны чальцы. У кожнага працоўнага — кантракт. Кожны баіцца, што кантракт могуць скасаваць, і што ён стане беспрацоўным. Працэнтаў восемдзесят усіх участковых камісіяў маюць колькасьць прадстаўнікоў партыяў і грамадзкіх арганізацыяў меней за траціну».

83 сфармаваныя камісіі ў раёне ня могуць забясьпечыць справядлівую канкурэнцыю ўсіх удзельнікаў выбарчае кампаніі, заяўлялі суду скаржнікі. Яны патрабавалі ад суду, каб той абавязаў адміністрацыю Ленінскага раёну зьмяніць рашэньне аб фармаваньні камісіяў, прызначыць новае паседжаньне і ўключыць у склад камісіі прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў. На гэтае паседжаньне запрасіць іх вылучэнцаў.

Прадстаўнікі адміністрацыі прэтэнзіі сваіх апанэнтаў не прызналі. Тое, што на паседжаньні, на якім зацьвярджаўся склад участковых камісіяў, не было апазыцыйных вылучэнцаў, чыноўнікі патлумачылі адсутнасьцю афіцыйных зваротаў ад іх. Прадстаўніца адміністрацыі Раіса Шугалеева наагул зьвінаваціла «Справядлівы сьвет»:

«Прадстаўнікі абласной арганізацыі партыі левых „Справядлівы сьвет“ падалі дакумэнты на вылучэньне ў склад участковых камісіяў у апошні дзень. Мы так разумеем, каб наўмысна справакаваць канфліктную сытуацыю і ў далейшым спэкуляваць на ёй. Тады як іншыя зацікаўленыя асобы зрабілі гэта значна раней».

Апошнім днём прыёму заяваў была нядзеля 31 кастрычніка. Паводле Шугалеевай, у другой палове гэтага дня было прынятае рашэньне аб правядзеньні ў панядзелак а 8 раніцы паседжаньня па зацьвярджэньні камісіяў. Праект пастановы быў зроблены таксама ў нядзелю. Аб’яву аб паседжаньні вывесілі ў фае будынка адміністрацыі 31 кастрычніка каля сямнаццаці гадзінаў вечара.

Што да ўчастковых камісіяў з прадстаўнікоў аднаго калектыву, то чыноўнікі патлумачылі гэта тым, што яны доўгі час працуюць разам і давяраюць адно аднаму.

Судзьдзі Галіна Кужалева, Алена Дыбленка, ды Юлія Трапыніна ў сваіх выраках довады скаржнікаў назвалі неабгрунтаванымі й пакінулі іх без задаваленьне. Іх прысуды канчатковыя й не падлягаюць абскарджаньню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG