Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зялёнае сьвятло — фальшаваньням”


З 15 прапановаў, накіраваных на паляпшэньне выбарчага заканадаўства, якія ўнесла грамадзкая кампанія «За справядлівыя выбары 2010», Цэнтравыбаркам сёньня прыняў толькі адну, ды і тую часткова. У выбарчых дакумэнтах цяпер будзе зафіксавана, што назіральнікі могуць сачыць за падлікам бюлетэняў «ва ўмовах, якія дазваляюць бачыць агляднасьць падліку галасоў». Усе іншыя прапановы з розных падставаў адхіленыя.

Сустаршыні кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» Віктар Карняенка і Сяргей Калякін атрымалі магчымасьць на пачатку паседжаньня абгрунтаваць свае прапановы. А яны тычыліся большага прадстаўніцтва палітычных партыяў у выбарчых камісіях, роўных правоў для ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты пры правядзеньні агітацыі, магчымасьцяў назіральнікаў без перашкод сачыць за падлікам бюлетэняў ды іншага.

Аднак ініцыятарам зьменаў адмовілі з самых розных прычынаў. Маўляў, прыняцьце такіх прапановаў перавышае паўнамоцтвы Цэнтравыбаркаму, альбо няма сэнсу перагружаць заканадаўства залішняй дэталізацыяй.

Адзінае, чаго здолелі дамагчыся актывісты, — у выбарчых дакумэнтах цяпер будзе зафіксавана, што назіральнікі могуць сачыць за падлікам бюлетэняў «ва ўмовах, якія дазваляюць бачыць агляднасьць падліку галасоў». Таксама прынятая адна прапанова ад Беларускага Хэльсынскага камітэту. Цяпер грамадзкай рэспубліканскай арганізацыі дазваляецца накіроўваць сваіх назіральнікаў у камісіі любога ўзроўню, незалежна ад таго, ці мае гэтая арганізацыя ў адпаведным рэгіёне свае зарэгістраваныя структуры.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў размове з журналістамі пасьля паседжаньня сьцьвярджала, што, хаця незадаволеныя і засталіся, сёньня ўсё ж зроблена нямала:

«Унесеныя два значныя зьмяненьні ў пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія рэгулююць пытаньні галоснасьці. Па-першае, паўнамоцтвы назіральнікаў прыведзеныя ў поўную адпаведнасьць з Канвэнцыяй аб свабодных і справядлівых выбарах для краінаў СНД. Па-другое, спрошчаны парадак накіраваньня назіральнікаў ад тых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія адсочваюць выбары, але тым ня менш ня маюць шырокіх структураў».

Сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» Віктар Карняенка з такой ацэнкай не пагаджаецца:
Ідзе нейкая „адсябяціна“, якая да таго ж выдаецца за юрыдычна вывераныя фармулёўкі.

«Ідзе акцэнт не на дух закона, а на яго літару. Ды яшчэ і вельмі часта факты скажаюцца. Ідзе нейкая „адсябяціна“, якая да таго ж выдаецца за юрыдычна вывераныя фармулёўкі. І калі зьвярнуцца да зьместу сёньняшняга паседжаньня, то выразна бачна, што ЦВК нічога зьмяняць не зьбіраецца. Яна займаецца толькі імітацыяй. І таму шмат прыкладаў».

Яшчэ адзін сустаршыня, Сяргей Калякін, таксама незадаволены рашэньнямі Цэнтральнай выбарчай камісіі:

«Як ня ведалі ні назіральнікі, ні выбарцы сапраўдных вынікаў галасаваньня, так яны і ня будуць ведаць і надалей. І сёньня ЦВК стала прыкрыцьцём магчымасьцяў для фальшаваньня выбараў. Мы зьвярталіся да камісіі, каб яна магла паказаць, што ўсё будзе празрыста, і камісія стане перашкодай для фальшаваньня вынікаў выбараў. Але сёньня мы атрымалі рашэньне, якое дае зялёнае сьвятло фальшаваньню».

А кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначыў, выступаючы на пасяджэньні, што «Цэнтарвыбаркам сёньня зрабіў яшчэ адзін вялікі крок для непрызнаньня вынікаў гэтых выбараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG