Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціснуць на выбарцаў, “гуляюць” з подпісамі


Тэрытарыяльныя камісіі ў рэгіёнах правяраюць на сапраўднасьць подпісы, сабраныя ініцыятыўнымі групамі патэнцыйных кандыдатаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра шматлікія парушэньні і магчымую падрыхтоўку фальсыфікацыяў.

Падрабязнасьці выбарчай кампаніі — у рэпартажах рэгіянальных карэспандэнтаў «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Назіраньне будзе кругласутачным

У Лельчыцах падчас праверкі раённая камісія забракавала ўсе подпісы, сабраныя за Алеся Міхалевіча прадстаўнікамі руху «За свабоду». Пра гэта паведаміў Мікалай Гаўрыленка:

«На паседжаньні камісіі сказалі, што правяралі подпісы раз, потым другі. Выявілася 20 адсоткаў несапраўдных. Прынялі рашэньне ануляваць усе пададзеныя за Міхалевіча 87 подпісаў. Людзі нібыта адмаўляюцца, кажуць, што не падпісваліся ў зборных лістах».

У Чачэрскім раёне, паводле мясцовага актывіста Васіля Чытакова, які зьбіраў подпісы за Ўладзімера Някляева, некаторыя кіраўнікі змушалі сваіх падначаленых адмовіцца ад пададзеных подпісаў. Асабліва гэта бачна ў вёсцы Залесьсе, дзе каля дзясятка працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, дзіцячага садка, дома культуры раптам напісалі заявы й адклікалі свае подпісы.
Падчас праверкі, лічу, людзей вымусілі, каб яны адмовіліся.

Васіль Чытакоў: «Падпісаліся людзі за Някляева. Ведалі, за каго падпісваюцца — я тлумачыў, што ён паэт і ўсе такое. Панёс здаваць подпісы ў выканкам. Здаў. Падчас праверкі, лічу, людзей вымусілі, каб яны адмовіліся, — бухгальтараў у КСУПе «Звязда», у дзіцячым садку Залескай школы. І гэтыя подпісы ўжо анулявалі».

Сталі вядомыя й канчатковыя вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў у рэгіёне. З 229 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, вылучаных у нізавыя выбаркамы, у склад іх улады ўключылі толькі 32. Прадстаўнікоў ад дэмакратычных партыяў няма ва ўчастковых камісіях у найбуйнейшых раёнах абласнога цэнтру — Савецкім і Чыгуначным.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў заявіў, што актывісты, якіх не ўключылі ў нізавыя выбаркамы, будуць накіраваныя назіраць за выбарамі менавіта на выбарчых участках:

«Мы так і працавалі: спачатку накіроўваем актывістаў у склад камісіяў і глядзім, дзе ўключаюць, а дзе не. І калі ўключаюць, падмацоўваем участкі назіральнікамі. Калі не ўключылі, як зараз у Гомелі, то пэўныя ўчасткі робім кантрольнымі і ажыцьцяўляем там вельмі шчыльнае назіраньне».

Рэгіянальная арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет» прапануе нават усталяваць кругласуткавае назіраньне на некаторых выбарчых участках.

Гаворыць рэгіянальны кіраўнік партыі Ўладзімер Сякерка:

«У межах кампаніі „За справядлівыя выбары“ ў Гомельскай вобласьці на 50 участках будзе арганізавана вельмі грунтоўнае назіраньне. На асобных участках маем намер весьці яго круглыя суткі. На такія ўчасткі накіроўваем ад партыяў як мінімум чатыры назіральнікі. Яны будуць па чарзе прысутнічаць там круглыя суткі. Адпаведныя прапановы накіравалі ў Цэнтравыбаркам. Калі нам адмовяць, то будзем самі глядзець, як і дзе разьмясьціць нашых назіральнікаў, каб яны цэлыя суткі мелі магчымасьць весьці назіраньне».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Ствараюцца ўмовы для фальшаваньня

У Магілёве апазыцыйным прэтэндэнтам на прэзыдэнцтва камісіі павялічваюць колькасьць подпісаў. У штабах прэтэндэнтаў гэтаму ня рады.

Кастрычніцкая выбарчая камісія першапачаткова забракавала 1845 подпісаў у падтрымку Ўладзімера Някляева. Пазьней гарадзкому штабу прэтэндэнта стала вядома, што колькасьць здадзеных подпісаў нечакана павялічылася:

«Першапачаткова яны нам далі лічбу дужа заніжаную. Да праверкі застаецца толькі 6600 подпісаў. Цяпер яны нам дадалі яшчэ 1834 і будуць правяраць дадаткова яшчэ 360 подпісаў. Я так разумею, камісія сама заблыталася. Мы будзем патрабаваць пераліку й тлумачэньня, як яны лічаць, бо ў нас зь імі не сыходзіцца ніводная лічба», — зазначае супрацоўніца штабу Аксана Закрэўская.

Старшыня камісіі Аляксандар Кажамякін тлумачыць разыходжаньне ў лічбах тэхнічнымі збоямі:

«Адбылася тэхнічная памылка ў кампутары. Мы разьбіраліся дужа доўга. Пакуль ідзе праверка, ніякага ж страху няма. Было б горш, каб мы іх не знайшлі. Яны б маглі на нас паскардзіцца. Ніхто ніякіх лістоў фальшаваных не падкідаў. Гэта адназначна».

Камісія, якую ўзначальвае спадар Кажамякін, дадала 1700 подпісаў і Алесю Міхалевічу. Ад такой падтрымкі штаб прэтэндэнта адмовіўся, бо ў сумленнасьць камісіі ня верыць. Як кажа супрацоўнік штабу Юры Стукалаў, у камісіі адмовіліся тлумачыць, адкуль зьявіліся гэтыя подпісы:

«Гэта стварае падставы для фальшаваньня. Чым больш подпісаў, тым большыя тыя дваццаць працэнтаў, якія неабходныя для праверкі. Дзе ёсьць гарантыя, што ў гэтыя 1700 подпісаў яны не падкінулі фальшывак, каб потым не прызнаць вынікі па Кастрычніцкім раёне?»

ВІЦЕБШЧЫНА


Хто запалохвае зьбіральніцу подпісаў Ірыну Вальтэр?

Ірыне Вальтэр, зьбіральніцы подпісаў за вылучэньне Віталя Рымашэўскага зь Мёраў, стала вядома пра тое, што прынамсі трое мясцовых жыхароў адмовіліся ад подпісаў пасьля таго, як да іх зьвярнуліся з раённай выбарчай камісіі.

З адной такой спадарыняй Ірына Вальтэр пагаварыла асабіста, спрабуючы высьветліць акалічнасьці:

«Я спыталася: „Вы пісалі такую заяву ці вам гатовую прынесьлі?“ Яна кажа: „Я падпісала“. Значыцца, нешта гатовае прынесьлі. Я запытала: „А мне можаце напісаць заяву, што вам прапанавалі падпісаць нейкі ліст?“ А яна: „Ай, мне трэба Лукашэнка, бо мне трэба мая пэнсія“. Такая во бабуля, сёньня скажа адно, а заўтра другое!»

Ірына Вальтэр распавяла і пра яшчэ адно здарэньне: учора ёй патэлефанаваў невядомы чалавек, які пагражаў непрыемнасьцямі, калі яна тэрмінова не забярэ з камісіі свае падпісныя лісты. У спадарыні тэлефон з вызначальнікам нумару, але гэты нумар чамусь ня вызначыўся:
Забярыце як мага хутчэй, інакш у вас будуць праблемы з працай.

«Раней такога не было, а тут — шэсьць рысачак. Мне сказалі: „Забярыце як мага хутчэй, інакш у вас будуць праблемы з працай“. Кажу: „Вас дрэнна інфармавалі, сваю працу я ня страчу“. Я ж не працую — даглядаю дзяцей. Мне прапанавалі сустрэцца, але я адмовілася. Бо спалохалася. Калі спыталася: „Як ваша імя ды прозьвішча? Хто гэта мне тэлефануе?“, то паклалі слухаўку. Я страшна расхвалявалася, падняўся ціск, увесь вечар на таблетках была…»

Ірына Вальтэр зьбіраецца ўзяць раздрукоўку званкоў на тэлефоннай станцыі ды прыкласьці яе да заявы ў Мёрскую раённую выбарчую камісію.

Пасьля таго як стала вядома, што ва ўчастковыя камісіі Віцебшчыны ўключылі менш за чвэртку аднаго працэнту прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, мясцовыя актывісты рыхтуюцца дэлегаваць на выбары сваіх назіральнікаў.

Паводле старшыні абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Мікалая Селівашкі, з 50-ці партыйных вылучэнцаў у камісіі трапілі толькі 18, прычым выключна ў рэгіёнах. Апрача гэтага, да працы на выбарах не дапусьцілі ніводнага прадстаўніка партыі БНФ, якіх вылучалася 25 чалавек. Цяпер гэтыя актывісты, хутчэй за ўсё, пойдуць у назіральнікі:

«Будзем накіроўваць назіральнікаў агульнымі высілкамі — у межах кааліцыі АДС. Прааналізуем, у якія камісіі трапілі нашы людзі, каб арганізаваць ім дапамогу з боку назіральнікаў. У межах кампаніі „За свабодныя выбары“ будзем вылучаць назіральнікаў, колькі зможам! Я думаю, гэта будзе больш за 100 чалавек».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Чаму хаваюць подпісы за Лукашэнку?

Незалежныя назіральнікі за прэзыдэнцкімі выбарамі на Гарадзеншчыне адзначаюць прынцыповыя парушэньні выбарчага заканадаўства мясцовымі ўладамі і ўжо зараз заяўляюць, што выбары ня могуць лічыцца празрыстымі і дэмакратычнымі.

Праваабаронца і назіральнік за ходам выбарчай кампаніі Раман Юргель найперш адзначае, што ў выбарчыя камісіі па ўсёй вобласьці практычна не ўключылі прадстаўнікоў апазыцыі.

Юргель: «Участковыя выбарчыя камісіі сфармаваныя на 80% з тых людзей, якія ўжо ўдзельнічалі ў ранейшых выбарах усіх узроўняў».

Віктар Сазонаў, які таксама вядзе назіраньне за выбарчай кампаніяй у вобласьці, дадае, што ніхто зь іх ня быў дапушчаны да праверкі сабраных подпісаў.

Сазонаў: «Ніводзін з нашых назіральнікаў ня ўбачыў, якія там подпісы сабралі, да прыкладу, за Лукашэнку, за іншых прэтэндэнтаў. Нам толькі кажуць, што нешта правяралі, нейкія ксэра выявілі. Але пакажыце іх нам, каб мы бачылі! Мы павінны ўбачыць гэты мільён подпісаў, што дэкляруецца за Лукашэнку».

Віктар Сазонаў таксама адзначае, што сярод уключаных ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыі — іх 0,25% па ўсёй краіне — пераважна людзі, якія на дзяржаўнай працы, альбо вельмі занятыя, альбо не зусім з добрым здароўем.

Сазонаў: «Такім чынам, чакаць нейкіх іншых выбараў, не такіх, як праводзіліся раней, нам папросту не даводзіцца».

Назіральнік за выбарчай кампаніяй у Астравецкім раёне, Мікола Ўласевіч, распавядае, што хадзіў і прасіў, каб яго пусьцілі назіраць за падлікам галасоў, але атрымаў адмову.

Уласевіч: «Мне адказалі, што мае абавязкі прапісаныя ў 13 артыкуле Выбарчага кодэксу: маўляў, можаш толькі прысутнічаць, калі цябе запросяць. Вось так яны разумеюць артыкул, у якім гаворыцца, што выбары праводзяцца адкрыта і празрыста».

Да гэтага дадае і кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

Саранчукоў: «Ад працэсу праверкі подпісаў мы былі адхіленыя. Нам заявілі, каб прыходзілі на выніковае паседжаньне камісіі — і ўсё вам паведамяць. Ніякага кантролю за гэтым працэсам не існуе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG