Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапусьцяць апазыцыю да падліку бюлетэняў?


З 1 лістапада пачынаецца фармаваньне асабовага складу ўчастковых выбарчых камісіяў. Яно завершыцца ў сераду, 3 лістапада. А нядзеля, 31 кастрычніка, стала апошнім днём, калі прымаліся дакумэнты ад ахвотных працаваць ва ўчастковых камісіях.

Адметнасьць участковых камісіяў у тым, што менавіта тут вядзецца беспасярэдні падлік бюлетэняў. Усяго ў краіне створана 6390 такіх камісіяў. Дэмакратычная апазыцыя спадзяецца ахапіць дзясятую частку ўсіх камісіяў. І хаця такое прадстаўніцтва не дае магчымасьці кантраляваць падлік бюлетэняў па ўсёй краіне, яно дазваляе зрабіць высновы, наколькі гэтая працэдура адпавядае дэмакратычным стандартам.

14 дэмакратычных партыяў, арганізацыяў і ініцыятываў дамовіліся працаваць супольна ў рамках кампаніі “За справядлівыя выбары 2010”. Сярод іх і Аб'яднаная грамадзянская партыя. Цікаўлюся ў намесьніка старшыні партыі Льва Марголіна, колькі чалавек вылучана ва ўчастковыя камісіі:

“Дадзеных пакуль што ў мяне няма”.

Карэспандэнт: А пляны? Колькі зьбіраліся?

Марголін: Пляны былі вялікія. Мы думалі ня менш за тысячу чалавек вылучыць. Але колькі атрымалася насамрэч, цяжка сказаць. Бо тут сышліся два этапы выбарчай кампаніі. 28 і 29 кастрычніка трэба было здаваць усе подпісы, якія сабрала ініцыятыўныя група за нашага партыйнага кандыдата Яраслава Раманчука. І адначасова трэба было вылучаць ва ўчастковыя камісіі. Таму пакуль і няма інфармацыі.

У рэгіёнах сытуацыя больш дакладная. Праваабаронца, юрыст Сяргей Гоўша з Баранавічаў расказвае:

“Ад Баранавіцкай арганізацыі ТБМ вылучаныя тры чалавекі. Сярод іх і я. Ад партыі “Справядлівы сьвет” – сем чалавек. Ад ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева – чатыры чалавекі”.

Спадар Гоўша, зь якім я размаўляў 31-га кастрычніка, сказаў, што зьбіраліся яшчэ здаць дакумэнты прадстаўнікі ініцыятыўных групаў Кастусёва, Раманчука, Статкевіча. А ў Баранавічах між тым 66 участковых камісіяў. Такім чынам, нават і па адным апазыцыянэру на адну камісію не атрымаецца. Спадар Гоўша тлумачыць, чаму гэта наагул немагчыма:

“Вельмі лёгка сказаць чаму. Таму што вылучаць можна ад партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Ды яшчэ праз збор подпісаў. Але зарэгістраваных дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў у нас, у Баранавічах, можна палічыць на пальцах адной рукі, дый, можа, пальцаў будзе замнога. З партыямі сытуацыя падобная. Філіі хаця і ёсьць, але ж яны ня маюць афіцыйнай рэгістрацыі. Офісаў ім не даюць. Карацей, тое ж самае ў нас, як па ўсёй Беларусі. Усё робіцца для таго, каб была адна партыя ды некалькі прыкарытных грамадзкіх арганізацыяў. Паўсюдна “Белая Русь”. Паўсюль прымушаюць у яе ўступаць”.

Асабовы склад участковых камісіяў стане вядомы ў найбліжэйшыя тры дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG